Я напісаў блог пра Стары замак у Горадні. Пачынаецца яго рэканструкцыя. Я выказаў засьцярогі. Празь дзесяць дзён замак наведаў новы міністар культуры. Яго цікавіла: як там адбываецца праца, як выконваюцца тэхналёгіі? І стала вядома, што, магчыма, захаваюць адну частку ўязной брамы, якую дагэтуль плянавалася збурыць. Значыць і мой блог мог прыцягнуць увагу, гэта цешыць.
Удакладню: частку брамнай камяніцы, якой некалькі соцень гадоў, кіраўнік праекту вырашыў зьліквідаваць. На ягоную думку яна не адпавядае часам караля Стэфана Баторыя. Аднак у нас вельмі мала захавалася старых помнікаў, каб не ашчаджаць тое, што яшчэ ёсьць. Вынік такі: міністар культуры Бондар асабіста пажадаў, каб быў разгледжаны «варыянт захаваньня». Значыць, ня ціснуў, не загадваў, але ясна выказаў пажаданьне. Праўда, сам архітэктар Шымбарэцкі, які кіруе працай на замку, дапускаў, са свайго боку, «варыянт з разборкай і наступным аднаўленьнем».
Гэта выклікала адпаведную рэакцыю на форумах: «захаваць з разборкай»? Гучыць вельмі неадназначна.
І што вы думаеце? Сёньня працуюць зваршчыкі: рэйкамі ўмацаваная левая частка камяніцы брамы, якую хацелі разбурыць (глядзі на здымку), альбо — «разабраць, а потым сабраць». Яна ўратаваная! Сам бачыў! Пажаданьне міністра выкананае. Што ж, я таксама некалькі разоў пісаў крытычна, заклікаў сем разоў уперад адмераць.
Паводле міністра культуры, восемдзесят адсоткаў грошай, якія выдзяляюцца дзяржавай на захаваньне спадчыны, сёньня выкарыстоўваюцца на Гарадзеншчыне.
Старт быў дадзены 16 сьнежня 2010 году. Гэтая падзея не адбілася ў сьвядомасьці, зацёрлася хваляю наступных. Жорсткім разгонам на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня, арыштам соцень людзей, рэпрэсіямі. Абвалам фінансаў, рэзкім зьбядненьнем, выбухам у сталічным мэтро.
Аляксандар Лукашэнка, як вядома, традыцыйна не паявіўся ў тэлестудыі разам зь іншымі ўдзельнікамі прэзыдэнцкай кампаніі. Для свайго «кандыдацкага» выступу ён выкарыстаў Мірскі замак. Да гэтага часу была закончана першая чарга рэстаўрацыі помніка. Лукашэнка абвесьціў, што ў бліжэйшыя сем год будуць «прыведзеныя ў парадак і адноўленыя» 21 замак.
На гэтыя мэты спатрэбіцца каля 150-180 мільярдаў рублёў, сказаў ён і патлумачыў: «Гэта невялікія грошы на сем год. Мы абавязкова іх адновім. За сем год гэта ўздымна па грошах».
Трэба зацеміць, што гаворачы гэта, Лукашэнка меў за сьпінай яшчэ адзін магутны помнік: пажарнымі тэмпамі да верасьнёўскіх дажынак-2010 у Лідзе была адбудаваная другая вежа замка і цалкам усе чатыры сьцяны.
А потым у Мірскім замку быў сапраўдны перадвыбарчы выступ Лукашэнкі, зроблены ў выглядзе пытаньняў і адказаў. Пытаньні былі яўна падрыхтаваныя загадзя. Абавязковым было і пытаньне наконт бягучай прэзыдэнцкай кампаніі. Лукашэнка з гатоўнасьцю адказваў. Апазыцыянэрам дасталася «на арэхі». Аказваецца, яны не прамінулі скарыстацца сытуацыяй: мы самі «разгарнулі гэту дэмакратыю па ўсёй краіне», крыху пажурыўся ён.
Лукашэнка ў Мірскім замку зацеміў, што разам зь яго аднаўленьнем «адраджалася гістарычная самасьвядомасьць і вера ў тое, што беларусы —народ герояў і тытанаў духу». Каго ён меў на ўвазе? (Бо ня мог ня ведаць таго, што мела адбыцца на плошчы Незалежнасьці праз два дні.) Тых, хто выйшаў на плошчу, каб выказаць сваю нязгоду, рызыкуючы здароўем і свабодай? Ці тых, хто ў шлемах, са шчытамі, у бронекамізэльках «адважна» лупцавалі і хапалі безабаронных людзей? А затым — не марудзячы — у суд ды за краты. Турмы былі перапоўненыя.
Пасьля «мірскага» перніка чакаў менскі «бізун».
А вы кажаце: як прэзыдэнцкія выбары могуць быць зьвязаныя з замкамі і з рэстаўрацыяй…
Пасьля жорсткага разгону на плошчы 2011 год стаў годам неверагоднага крызісу ў краіне. Духоўнага, палітычнага, фінансавага, рэзка ўпалі заробкі, пэнсіі, узровень жыцьця. Улетку на плошчах прайшлі маўклівыя акцыі пратэсту супраць зьбядненьня, яны былі жорстка стлумленыя. Толькі праз год — напачатку 2012-га міністар культуры Павал Латушка абвесьціў аб пачатку праграмы «Замкі Беларусі». Яна была разьлічаная да 2018 году. Ня ўклаліся, хаця справа не стаяла на месцы. Як стала вядома, праграма працягнутая да 2020 году.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.