Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Залежная судовая сыстэма, дыскрымінацыя цыганоў, падатак на дармаедаў — даклад ААН пра Беларусь


Цыганка зь дзіцем, ілюстрацыйнае фота
Цыганка зь дзіцем, ілюстрацыйнае фота

Камітэт ААН па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі апісаў сытуацыю ў Беларусі па выніках справаздачы, якую абмяркоўвалі ў лістападзе.

Камітэт ААН па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі выпусьціў заключныя заўвагі (PDF) па выніках разгляду пэрыядычных справаздач Беларусі на 94-й сэсіі Камітэту, якая прайшла ў лістападзе 2017 году.

Камітэт занепакоены адсутнасьцю ў Беларусі заканадаўства і ўсёабдымных прававых палажэньняў, якія вызначаюць і забараняюць расавую дыскрымінацыю, адсутнасьцю поўных статыстычных зьвестак аб колькасьці скаргаў па справах расавай дыскрымінацыі і выніках іх разгляду, а таксама інфармацыі пра судовыя справы, у якіх судзьдзі непасрэдна спасылаліся б на Канвэнцыю.

У дакумэнце адзначаецца, што на працягу 2010–2015 гадоў у Беларусі не было ніякіх судзімасьцяў за акты гвалту, катаваньні, нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, забойствы або парушэньне правоў і свабодаў па расавай ці этнічнай прыкмеце, паколькі міліцыя, пракуроры і судзьдзі не разглядаюць гэтыя злачынствы як злачынствы на глебе расавай нянавісьці.

Камітэт падкрэсьлівае неабходнасьць стварэньня ў Беларусі адзінай цалкам незалежнай праваабарончай установы з шырокімі паўнамоцтвамі ў галіне абароны правоў чалавека.

Пра дыскрымінацыю цыганоў

Ілюстрацыйнае фота. Цыганская сям'я зь беларускай вёскі Лебядзёўка
Ілюстрацыйнае фота. Цыганская сям'я зь беларускай вёскі Лебядзёўка

​Істотныя заўвагі і рэкамэндацыі Камітэту тычацца праблем дыскрымінацыі цыганскага насельніцтва Беларусі.

Камітэт зазначае, што цыганы падвяргаюцца дыскрымінацыі ў сфэры працаўладкаваньня, як у прыватным, так і ў дзяржаўным сэктары, што значная частка дзяцей цыганоў не наведвае школу. Апрача таго Камітэт выказаў заклапочанасьць непрапарцыйна высокай колькасьцю цыганоў у месцах пазбаўленьня волі.

Пра гандаль людзьмі

Камітэт вітаў ініцыятыву Беларусі ў барацьбе з унутраным і міжнародным гандлем людзьмі, аднак выказаў занепакоенасьць тым, што паміж 2013 і 2016 гадамі, не было ніводнага асуджэньня за гандаль людзьмі ў адпаведнасьці з артыкулам 181 Крымінальнага Кодэксу" (Гандаль людзьмі).

Беларусь не карае за гандаль людзьмі і прымушае да працы, — Дзярждэпартамэнт ЗША

Пра падатак на дармаедаў

Ілюстрацыйнае фота. «Марш недармаедаў» у Менску.15 сакавіка 2017 году
Ілюстрацыйнае фота. «Марш недармаедаў» у Менску.15 сакавіка 2017 году

​Камітэт падтрымаў занепакоенасьць з нагоды дэкрэту № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства», які абавязвае тых, хто працуе менш за 183 дзён у годзе, выплачваць каля 250 даляраў штогод (так званы «падатак на дармаедзтва»). Хоць дзеяньне дэкрэту было часова прыпыненае ў 2017 годзе і рыхтуецца яго новая рэдакцыя, Камітэт адзначыў, што дзеяньне дэкрэту нэгатыўна ўплывае на становішча малазабясьпечаных этнічных меншасьцяў, асабліва адзначаны нэгатыўны ўплыў гэтага дэкрэту менавіта на цыганскае насельніцтва.

Пра беларускую судовую сыстэму

Як адзначана ў дакумэнце, улічваючы, што незалежнасьць судовай сыстэмы мае важнае значэньне для забесьпячэньня эфэктыўнай абароны супраць любых актаў расавай дыскрымінацыі, Камітэт занепакоены тым, што прэзыдэнт Беларусі мае права прызначаць, звальняць і вызначаць зарплату судзьдзяў, і заклікае Беларусь працягваць прымаць меры па гарантаваньні незалежнасьці судовай сыстэмы ад палітычнага кантролю і ўмяшаньня.

Беларусь папрасіла ў ААН больш дапамогі ў рэалізацыі пляну па правах чалавека

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG