Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два гады за карупцыю, штраф за масавыя беспарадкі. За што і як у Беларусі судзілі іншаземцаў


Суд над Жалянам Віё
Суд над Жалянам Віё

Эўрапейцы і афрыканцы, грамадзяне Расеі і таджыкі — усе яны адказваюць перад беларускім законам нароўні зь беларусамі.

Беларускае крымінальнае і адміністрацыйнае заканадаўства не прадугледжвае адмысловага падыходу для замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства. Іх судзяць паводле беларускіх законаў. Таксама ў Беларусі няма асобных турмаў для іншаземцаў (як гэта было, напрыклад, у СССР). Пакуль у Гомлі працягваецца працэс над грамадзянінам Францыі Жалянам Віё, Свабода ўзгадвае некалькі справаў з удзелам іншых замежнікаў.

Удзел у масавых беспарадках — штраф

Справа 2010 году, узбуджаная ў Беларусі пасьля падзеяў 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці. Акрамя дзясяткаў беларусаў, сярод абвінавачаных былі двое грамадзян Расеі — Арцём Брэўс і Іван Гапонаў. Абодвух затрымалі падчас разгону дэманстрацыі і асудзілі на 10 содняў арышту. Паўторна затрымалі расіян на выхадзе з Акрэсьціна, пасьля чаго абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўзброеным супраціве супрацоўнікам міліцыі.

Судзілі Брэўса і Гапонава першымі і асобна ад іншых фігурантаў справы. Працэс пачаўся 22 лютага, а скончыўся праз два тыдні. 10 сакавіка абодвум прысудзілі штрафы ў 300 базавых велічыняў. Рашэньня суду расейцы не аспрэчвалі, а расейскае МЗС выказала «поўную задаволенасьць» ім.

Для параўнаньня — асуджаны паводле таго ж артыкула Павал Вінаградаў «атрымаў» ад суду 4 гады калёніі.

Падробка дакумэнтаў, увоз наркатычных сродкаў і камэрцыйны шпіянаж — тры гады калёніі і памілаваньне Лукашэнкі

Справа Эмануіла Зэльцэра, амэрыканскага адваката, разам са сваёй сакратаркай Уладленай Функ затрыманага ў Менску супрацоўнікамі КДБ. Зэльцэр быў затрыманы 12 сакавіка 2008 году і правёў пад вартай 16 месяцаў. 11 жніўня 2009 году Менскі гарадзкі суд прызнаў Зэльцэра і Функ вінаватымі ў выкарыстаньні падробных дакумэнтаў і замаху на камэрцыйны шпіянаж. Падрабязнасьці справы дагэтуль невядомыя, адвакат Зэльцэра падпісаў дакумэнт аб неразгалошваньні дзяржаўнай таямніцы.

Зэльцэр у выніку атрымаў тры гады зьняволеньня, прабыў за кратамі крыху больш за палову тэрміну, быў памілаваны Лукашэнкам і вярнуўся ў ЗША, адкуль спрабаваў судзіцца з «Белнафтахімам». Паводле амэрыканца, беларускі КДБ трымаў яго ў закладніках і катаваў з мэтай прымусіць ЗША зьняць эканамічныя санкцыі зь беларускай кампаніі.

Працэс Жаляна Віё
Працэс Жаляна Віё

Арганізацыя незаконнай міграцыі — два гады калёніі.

У ліпені 2017 году за гэта ў Беларусі быў асуджаны грамадзянін Вялікай Брытаніі. Разам з двума беларусамі ён перапраўляў у Эўразьвяз грамадзян Іраку, якія прыляталі ў Беларусь па турыстычных візах.

Брытанец сустракаў групы «турыстаў» з Іраку ў Менску, пасьля чаго разам зь беларусамі перапраўляў іх бліжэй да мяжы зь Літвой. Там і быў схоплены беларускімі памежнікамі.

Суд прайшоў улетку 2017 году. Брытанец, які сваёй віны не прызнаў, атрымаў два гады пазбаўленьня волі. А вось беларусам далі больш — тры гады і адзін месяц, тры гады і сем месяцаў.

Бойка — дэпартацыя на радзіму.

13 сьнежня 2012 году ў Баранавічах студэнт з Туркмэністану падчас бойкі зламаў руку мясцоваму непаўналетняму хлопцу. Яго затрымалі, абвінавацілі ў хуліганстве, асудзілі і пад канвоем адправілі ў Менск, дзе пасадзілі ў самалёт і дэпартавалі на радзіму. Абцяжлівымі абставінамі баранавіцкі суд прызнаў тое, што раней замежны студэнт ужо прыцягваўся да адказнасьці за зьбіцьцё дзьвюх дзяўчат.

Акрамя дэпартацыі, іншаземец атрымаў штамп у пашпарце з забаронай наведваць Беларусь цягам трох гадоў і штраф памерам 260 тысяч рублёў (27 даляраў).

Незаконнае перасячэньне мяжы на парапляне — штраф і канфіскацыя парапляна.

Гісторыя адбылася ўлетку 2017 году. Грамадзянін Польшчы, аматар авіяцыі, выконваў палёт побач зь беларускай мяжой і, як пазьней расказваў беларускім памежнікам, страціў арыентацыю ў прасторы. Замест Белай-Падляскай паляк прызямліўся за 600 мэтраў ад дзяржаўнай мяжы на беларускім баку.

У затрыманага парушальніка беларускія памежнікі знайшлі мабільнік, рацыю, запасныя часткі да парапляна і камэру. 42-гадовага паляка накіравалі ў СІЗА, а пасьля прысудзілі 350 даляраў штрафу. Параплян сканфіскавалі.

Вярхоўны суд Беларусі
Вярхоўны суд Беларусі

Пасобніцтва ў карупцыі — 2 гады пазбаўленьня волі.

Такое пакараньне атрымаў літовец Вальдэмарас Норкус. Справа зь ягоным удзелам атрымала розгалас у Беларусі, бо яе галоўнай фігуранткай была Ганна Шарэйка, віцебская «сэнатарка» і кіраўніца фабрыкі кураціны.

Шарэйку разам зь іншымі супрацоўнікамі фабрыкі абвінавацілі ў карупцыі і марнаваньні сродкаў. Паводле абвінавачаньня, яна ўступіла ў злачынную змову са сваім сужыўцом, грамадзянінам Літвы Норкусам, празь фірму якога купляла камбікармы і кармавыя дадаткі. Усе беларусы — фігуранты справы Шарэйкі былі прызнаныя вінаватымі, аднак іх адпусьцілі ў залі суду праз амністыю. Вальдэмарас Норкус стаў адзіным, каго пакінулі пад вартай пасьля прысуду. Там ён знаходзіўся яшчэ месяц. Пасьля вызваленьня Норкус і Шарэйка пабраліся шлюбам.

«Беларускі суд для француза — гэта, відаць, сапраўдны шок»

Праваабаронца незарэгістраванага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч расказвае, што асобна тэмай затрыманьняў іншаземцаў і судоў над імі ў Беларусі не займаюцца. Праваабаронцы разглядаюць такія выпадкі, толькі калі відавочнае парушэньне правоў чалавека. «Задачы адсочваць затрыманьні іншаземцаў няма. Вядома, калі ёсьць факты катаваньняў, жорсткага абыходжаньня — тады зьвяртаем увагу, — гаворыць Стэфановіч. — Але такога нечага я не прыгадаю. Былі гісторыі з дэпартацыяй іншаземцаў зь Беларусі. Мы гэтым займаліся, бо там людзі апынуліся ва ўмовах жорсткага бесчалавечнага абыходжаньня з той прычыны, што ў Беларусі ня створаныя цэнтры для мігрантаў».

Паводле беларускага заканадаўства, усіх іншаземцаў, каго пастанавілі дэпартаваць, зьмяшчаюць у ізалятары часовага ўтрыманьня. Канкрэтны тэрмін, неабходны для дэпартацыі, ня вызначаны. У выніку ўзьнікаюць выпадкі, калі замежныя грамадзяне, што зьдзейсьнілі нават дробныя правапарушэньні (пратэрмінавалі дакумэнты, напрыклад), могуць знаходзіцца за кратамі месяцамі.

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

«Такімі выпадкамі мы займаліся. Выпадкам футбаліста, грамадзяніна Камэруну, чыю асобу было складана высьветліць, — узгадвае Валянцін Стэфановіч. — Мы займаліся аднаўленьнем ягоных дакумэнтаў, каб яго можна было хутчэй дэпартаваць. Ежу яму перадавалі, ваду. Гэта ўсё не было каму зрабіць».

Праваабаронца дадае, што цяпер у Менску ў турме на завулку Акрэсьціна трымаюць шмат іншаземцаў з розных краінаў. У Беларусі пакуль няма інфраструктуры трымаць нелегальных мігрантаў, таму іх таксама накіроўваюць у пункты часовай ізаляцыі.

Камэнтуючы выпадак француза Жаляна Віё, праваабаронца гаворыць, што відавочнага парушэньня ягоных правоў няма.

«Вельмі спадзяюся, што суд улічыць абставіны сытуацыі з грамадзянінам Францыі і вынесе рашэньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі, — кажа Стэфановіч. — Але гэта чарговы доказ таго, наколькі наша сыстэма правасудзьдзя сама па сабе бесчалавечная. Для француза гэта, відаць, шок. Клетка тая самая. У нас туды ўсіх садзяць — амаль на любым працэсе. У той жа Італіі нават мафію судзяць за шклом. А ў ЗША і ў кайданках у суд нельга абвінавачанага заводзіць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG