У Маскве адкрылі помнік ахвярам палітычных рэпрэсій. Мэмарыял пад назвай «Сьцяна Смутку» знаходзіцца на скрыжаваньні праспэкту акадэміка Сахарава і Садовага кальца. Гэта барэльеф з выявай чалавечых фігур, якія сымбалізуюць рэпрэсаваных. На помніку напісана слова «Памятай» на 22 мовах. Тэрыторыя вакол мэмарыялу выбрукаваная камянямі, якія прывезьлі з былых лягераў і турмаў ГУЛАГу.
На адкрыцьці «Сьцяны Смутку» прысутнічаў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. Ён сказаў, што палітычныя рэпрэсіі — гэта злачынства, якое ня можа быць апраўдана «ніякім найвышэйшым дабром народу». Кіраўнік Расеі адзначыў, што ў часы сталінскага тэрору мільёны людзей былі абвешчаныя ворагамі народу, расстраляныя або пакалечаныя. Аднак, як заявіў Пуцін, памятаць пра ахвяраў рэпрэсій — ня значыць падштурхоўваць грамадзтва да супрацьстаяньня. «Цяпер важна абапірацца на каштоўнасьці даверу і стабільнасьці», — сказаў ён.
Раней у панядзелак быў апублікаваны зварот групы савецкіх дысыдэнтаў і былых палітвязьняў, якія заклікалі ня ўдзельнічаць у адкрыцьці «Сьцяны Смутку» і іншых памятных мерапрыемствах, арганізаваных Крамлём. Яны заявілі, што цяперашняя ўлада ў Расеі толькі «на словах шкадуе аб ахвярах савецкага рэжыму, а на справе працягвае палітычныя рэпрэсіі і душыць грамадзянскія свабоды ў краіне». «Нельга падзяляць ахвяр палітычных рэпрэсій на тых, каму ўжо можна ставіць помнікі, і тых, каго можна пакуль не заўважаць», — падкрэсьлілі дысыдэнты.
30 кастрычніка ў Расеі адзначаецца Дзень памяці ахвяр палітычных рэпрэсій. У многіх расейскіх гарадах краіны праходзіць акцыя «Вяртаньне імёнаў». Яе ўдзельнікі зачытваюць імёны тых, хто загінуў у часы сталінскага тэрору.