Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Таварыш прэзыдэнт, ня варта чмурыць сабе галаву». Школьнік запісвае відэазвароты да Лукашэнкі


Ваня Сьвірыдзенка, школьнік і відэаблогер з горада Магілёў
Ваня Сьвірыдзенка, школьнік і відэаблогер з горада Магілёў

Васьмігадовы Ваня Сьвірыдзенка з Магілёва запісвае відэазвароты да Аляксандра Лукашэнкі. Трэцяклясьнік абураецца, што пра зьмены ў школе не пытаюцца ў вучняў. Свабода пагаварыла з маладым блогерам.

«Ваню закарцела зьвярнуцца да кіраўніка дзяржавы»

Першы ролік Ваня выклаў 16 кастрычніка. За тыдзень відэа набрала 58 тысяч праглядаў. Такой папулярнасьці і рэзанансу не чакалі ні бацькі, ні старэйшы брат.

Ваня Сьвірыдзенка
Ваня Сьвірыдзенка

Ваня вучыцца ў трэцяй клясе школы № 19. Пачаць свой відэаблог ён надумаў сам. У камэнтарах пад ягонымі відэа пішуць, што, маўляў, гэта бацькі вырашылі зарабіць грошай на сваім сыну. Але старэйшы брат Максім, студэнт, кажа, што Ваню дапамагае толькі ён: працуе над сцэнарам, здымае на звычайны тэлефон і робіць мантаж.

«Усё астатняе рабіў брат, — кажа Максім. — Ваню закарцела зьвярнуцца да кіраўніка дзяржавы. Тое, які вынік даў відэазварот, зьдзівіла і мяне, і бацькоў. Будзем працягваць».

За адзін тыдзень на yoube-канале «Школьник Ваня» зьявіліся тры відэа. У дзьвюххвілінных роліках Ваня разважае, у які час лепш пачынаць заняткі, якой вагі павінен быць школьны заплечнік.

«У прынцыпе, вага нішто сабе, але кнігі можна і ў электронным выглядзе зрабіць, — разважае школьнік. — Галоўнае — не насіць кнігі, а часьцей іх разгортваць».


«Прэзыдэнт на мае звароты адрэагуе і ўлічыць пажаданьні вучняў»

Да Лукашэнкі Ваня зьвяртаецца «Таварыш прэзыдэнт». У відэароліку пра тое, а каторай гадзіне лепш пачынаць заняткі, трэцяклясьнік раіць Лукашэнку «ня моцна чмурыць сабе галаву гэтым пытаньнем».

«Мама сказала, што вы інтэрнэтам карыстаецеся зрэдзьчас, таму я хачу папрасіць Натальлю Эйсмант ці Колю паказаць вам гэтае відэа», — кажа ў відэаблогу Ваня.

Школа, дзе вучыцца Ваня
Школа, дзе вучыцца Ваня

«У прэзыдэнта ёсьць сын Коля, які таксама вучыцца і сутыкаецца з тымі ж праблемамі, што і звычайныя школьнікі, — сказаў Ваня Свабодзе. — Таму прэзыдэнт на мае звароты адрэагуе і ўлічыць пажаданьні вучняў».

Ваня спадзяецца, што на ягоныя відэа зьвернуць увагу ня толькі прэзыдэнт, але і настаўнікі.

«Яны таксама зробяць выснову, што да думкі вучняў варта прыслухоўвацца», — кажа ён.

Вынікі "апытаньня" ў школе для першага відэароліку
Вынікі "апытаньня" ў школе для першага відэароліку

За першы тыдзень рэакцыі ад прэзыдэнта не было. Тым часам на Ванеў Youtube-канал падпісаліся пад 700 чалавек. Прыяжджалі журналісты з рэгіянальнага тэлебачаньня.


«Ува мне бачаць разумнага школьніка»

У будучым Ваня хацеў бы стаць журналістам. Яму падабаецца, што журналісты сустракаюцца зь вядомымі людзі, маюць дынамічную працу.

У школе суразмоўца вучыцца на выдатна, але прызнаецца, што пакуль у яго кульгаюць веды па беларускай і ангельскай мовах. Па-беларуску разумее, але некаторыя словы, сказаў ён карэспандэнту, чуе першы раз.

Максім Сьвірыдзенка — Ванеў брат, апэратар і мантажор відэаролікаў
Максім Сьвірыдзенка — Ванеў брат, апэратар і мантажор відэаролікаў

«Беларускую мову трэба ведаць, — кажа ён, — хоць ангельская, відаць, больш патрэбная. Беларуская мова ня дужа папулярная, але ўсё роўна я мушу яе ведаць. Беларускай мове нас добра вучаць, але словы не заўжды запамінаюцца. А тут яшчэ трэба і ангельскія вучыць. І расейскую мову ведаць. Таму ня ўсё проста».

«Мне спадабаліся, — кажа Ваня, — станоўчыя камэнтары пад відэа. Многія раяць мне працягваць здымаць ролікі. А яшчэ важна, што ўва мне бачаць разумнага школьніка».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG