Першая спроба аказалася безвыніковай, паведаміў сябра партыі БНФ, сакратар ініцыятывы «Хайсы» Кастусь Смолікаў:
«Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму адмовілася зарэгістраваць грамадзкае ўтварэньне «Хайсы». Прычынаў было названа некалькі — ад недакладнасьці асабовых дадзеных нашых сябраў да таго, што назва аб’яднаньня ўказвае на характар дзейнасьці «гісторыка-асьветніцкі», што не адпавядае мэтадам дзейнасьці аб’яднаньня, вызначаным у статуце арганізацыі. Першая прычына здаецца мне дзіўнай: наўрад ці заяўнікі маглі зрабіць памылкі ў сваіх асабовых зьвестках. Апошняя, наконт неадпаведнасьці мэтам, таксама выклікае сумневы. Што да іншых прычынаў, то мы гатовыя зрабіць «работу над памылкамі».
Паводле спадара Смолікава, у актывістаў спачатку быў намер падаць у суд на чыноўнікаў, якія адмовіліся зарэгістраваць суполку. Аднак ад гэтай ідэі адмовіліся, бо яе рэалізацыя вымагае ўкладаньня грошай.
Наперадзе новая спроба падаць дакумэнты на рэгістрацыю, ужо з улікам прэтэнзій абласнога ўпраўленьня юстыцыі. Але пазыцыя гэтай структуры выклікае сумневы ў тым, што «Хайсы» зарэгіструюць, мяркуе Кастусь Смолікаў:
«Нам адмовілі ў рэгістрацыі адразу, хоць заканадаўства дазваляе прыпыніць рэгістрацыю грамадзкага аб’яднаньня на адзін месяц, каб даць магчымасьць заяўнікам выправіць за гэты час усе памылкі і недахопы. Але гэтым правам не скарысталіся. Я лічу гэта яскравай праявай нэгатыўнага стаўленьня да нашых захадаў ва ўшанаваньні памяці ахвяраў сталінізму».
Грамадзкая ініцыятыва «Хайсы» была створана ў 2014 годзе, неўзабаве пасьля таго, як непадалёк ад вёскі былі знойдзены невядомыя масавыя пахаваньні. Захады ўшанаваньня памяці загінулых тут людзей не былі падтрыманыя мясцовымі ўладамі. Актывісты ініцыятывы зьбіраюць сьведчаньні вяскоўцаў, якія памятаюць тутэйшыя падзеі 1937-38 гадоў або чулі пра расстрэлы ў лесе ад старэйшых сваякоў. Але гэтыя сьведчаньні не бяруцца ў разьлік, калі вядзецца пра стварэньне афіцыйнага мэмарыялу: у віцебскім райвыканкаме настойваюць, што знайшлося невядомае масавае пахаваньне ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны.
Удзельнікі ініцыятывы стварылі ў лесе самаробны мэмарыял.
Вынікі апошніх раскопак, якія праводзіў сёлета 52-гі спэцыяльны пошуковы батальён, ад актывістаў утойваюць. На думку ўдзельнікаў ініцыятывы «Хайсы», афіцыйная рэгістрацыя дапамагла б ставіць пытаньне пра мэмарыялізацыю гэтых мясьцін на іншым, больш высокім узроўні.