Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не дапусьціць расейскіх баз ў Беларусі — справаздача ўкраінскіх экспэртаў


«Улічваючы, што Беларусь ёсьць саюзьнікам Расеі, з аднаго боку, а зь іншага, нашым суседам, мы мусім думаць, як узаемадзейнічаць, камунікаваць і прасоўваць нашыя інтарэсы», — сказаў дырэктар палітычных праграм UIF Юры Раманенка 29 чэрвеня ў Кіеве, прэзэнтуючы справаздачу «Беларусь: стан, пагрозы і магчымасьці супрацы».

Для Ўкраіны гэтая сытуацыя будзе такой жа небясьпечнай, як для Польшчы ў 1939 годзе.

«У выпадку, калі Расея ўвядзе свой кантынгент, стратэгічная сытуацыя для Ўкраіны рэзка пагаршаецца. Заходняя Ўкраіна з надзейнага тылу ператворыцца ў тэрыторыю, якая ў любы момант можа быць атакаваная як з паветра, так і па зямлі, з боку расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі. Для Ўкраіны гэтая сытуацыя будзе такой жа небясьпечнай, як для Польшчы ў 1939 годзе, калі яна была акружаная Нямеччынай з трох бакоў», — адзначаецца ў справаздачы.

Паводле экспэртаў, нават выключаючы шырокамаштабны вайсковы канфлікт між Украінаю і Расеяю, наяўнасьць расейскага кантынгенту стварае вялікія магчымасьці для дывэрсій. «Расея можа выкарыстаць дзіравую мяжу Ўкраіны зь Беларусьсю, каб перакідваць у раён Алеўска ці Сарн правакатараў ды баевікоў», — мяркуюць экспэрты.

Спробы стварыць напружанасьць у дачыненьнях між Кіевам і Менскам з боку Крамля будуць працягвацца.

«Украінскія ўлады маюць усьвядоміць, што спробы стварыць напружанасьць у дачыненьнях між Кіевам і Менскам з боку Крамля будуць працягвацца. Таму ўмацаваньне мяжы Ўкраіны і Беларусі, завяршэньне працэсу яе дэлімітацыі, пэдаляваньне ўкраінскай дыпляматыяй тэмы пра недапушчальнасьць разгортваньня вайсковага кантынгенту Расеі ў Беларусі і папярэджаньне любых правакацый, здольных падштурхнуць Аляксандра Лукашэнку ў фарватэр Масквы адносна Ўкраіны, ёсьць мэтаю нумар адзін для Кіева на дадзеным этапе», — адзначаецца ў справаздачы.

Зьмяншаць залежнасьць ад расейскай нафты

Паводле экспэртаў, Украіна таксама мае зьвярнуць увагу на крытычную залежнасьць Беларусі ад імпарту нафтапрадуктаў. «Беларусь стала ключавым пастаўшчыком паліва на ўкраінскі рынак. Расея раўніва глядзіць на ўзмацненьне экспансіі Беларусі на ўкраінскі рынак, таму што ёй самой патрэбныя рынкі збыту ва ўмовах нястачы рэсурсаў з-за падзеньня цэн на нафту і канфлікту з Захадам. У выпадку абвастрэньня сытуацыі ва ўкраінска-расейскіх дачыненьнях, Крэмль можа лёгка перакрыць пастаўкі нафты ў Беларусь і адначасова паставіць украінскую эканоміку на мяжу каляпсу. Таму Ўкраіне крытычна важна зьменшыць залежнасьць ад імпарту нафтапрадуктаў зь Беларусі ды Расеі, каб не апынуцца перад фактам паліўнага крызісу», — перакананыя яны.

У справаздачы экспэрты рэкамэндуюць ураду Ўкраіны выкарыстаць схему паставак азэрбайджанскай ці іранскай нафты па давальніцкай схеме на нафтаперапрацоўчы завод у Мазыры праз нафтаправоды «Адэса-Броды» і «Мазыр-Броды». На іхную думку, такая схема дазволіць зьменшыць «нафтазалежнасьць» ад Расеі і для Ўкраіны, і для Беларусі, а таксама атрымліваць нафтапрадукты па больш нізкіх цэнах. Апроч таго, Украіна і Беларусь змогуць стварыць сумесныя прадпрыемствы для экспарту нафтапрадуктаў, перапрацаваных у Мазыры, на эўрапейскі рынак.

Межы магчымасьцяў Беларусі вызначае яе стратэгічны саюз з Расеяй.

У той жа час у справаздачы адзначаецца, што пры зьмене парадку дня ў дачыненьнях Кіева і Менску, трэба ўлічваць межы магчымасьцяў абедзьвюх краін: «Межы магчымасьцяў Беларусі вызначае яе стратэгічны саюз з Расеяй, які ўсё ж пакідае прастору для геапалітычных манэўраў, а межы магчымасьцяў Украіны вызначае адсутнасьць палітычных суб’ектаў, якія могуць сфарміраваць і падтрымліваць доўгатэрміновую стратэгію ў дачыненьні, як Беларусі, гэтак і любой іншай краіны».

«Цалкам можна канстатаваць, што сёньняшнія дачыненьні між Украінаю і Беларусьсю, хоць і ня ёсьць надта цёплымі, але наяўнасьць агульных інтарэсаў пры ўмове іх сыстэмнага прасоўваньня дазваляюць пабудаваць базу для больш цеснай супрацы ў будучыні. А гэта дазволіць абедзьвюм краінам часткова вырашыць праблемы, зьвязаныя з іх надзвычайнаю залежнасьцю ад Расеі ды Эўропы», — лічаць экспэрты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG