Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агенцтва Regnum апублікавала інтэрвію Алексіевіч, якога яна яму не давала. Цытаты


Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

Расейскае агенцтва Regnum выдала інтэрвію з нобэлеўскай ляўрэаткай Сьвятланай Алексіевіч, якое яна забараніла друкаваць. Па словах пісьменьніцы, інтэрвіюэр паводзіў сябе не як журналіст, а як прапагандыст.

Да таго ж яна сьцьвярджае, што давала згоду на гутарку з прадстаўніком выданьня «Деловой Петербург» і цяпер мае высьветліць, якім чынам тэкст апынуўся на чарнасоценным рэсурсе.

Свабода зьвязалася са Сьвятланай Алексіевіч, каб высьветліць акалічнасьці сытуацыі.

Я пабачыла ягоную адпачатку агрэсіўную скіраванасьць. Калі адразу яшчэ здавалася, што можна пра штосьці спрачацца, то пасьля пытаньня — чаму вы абараняеце ўкраінскіх бандытаў — усё стала зразумела.

«Як толькі гэты журналіст задаў мне тры-чатыры першыя пытаньні, я сказала, што адмаўляюся на іх адказваць і забараняю друкаваць, — тлумачыць суразмоўніца. — І свайго літаратурнага агента, які прапанаваў інтэрвію і арганізаваў сустрэчу, папярэдзіла, каб затэлефанавалі і папярэдзілі кіраўніцтва. Рэч у тым, што я пабачыла ягоную ад пачатку агрэсіўную скіраванасьць. Калі адразу яшчэ здавалася, што можна пра штосьці спрачацца, то пасьля пытаньня — чаму вы абараняеце ўкраінскіх бандытаў — усё стала зразумела. А паколькі такіх людзей ні ў чым не пераканаеш, то я ад кантактаваньня адмовілася».

Якіх захадаў з боку нобэлеўскай ляўрэаткі варта чакаць у гэтай сытуацыі? Ці рэальна, што справа можа дайсьці да суду?

«Натуральна, я буду зьвязвацца з арганізатарамі гутаркі, буду раіцца са сваім літаратурным агентам Саладоўнікавым. На жаль, ня веру, што ў гэтай сытуацыі нешта можна зрабіць... Засмучае толькі тое, што гэта абсалютна малады чалавек — чаму я і спадзявалася, што пасьля першых рэплікаў яшчэ можна будзе выруліць на сапраўды плённую дыскусію. Але той выпадак, калі ні ў чым пераканаць немагчыма. Вось была кроў у Данбасе, нашых б’юць і г.д. Я і адказваю: а як вы хацелі? Каб прыехалі туды на танках і вас любілі? Як аб сьцяну гарох, бессэнсоўна. Нават камэнтаваць асабліва не выпадае, усё зразумела».

Сьвятлана Алексіевіч запэўнівае, што першапачаткова яе агенты дамаўляліся на інтэрвію з карэспандэнтам газэты «Деловой Петербург», а як гутарка трапіла ў Regnum — ня ведае:

«У мяне былі выступленьні ў Маскве і ў Санкт-Пецярбургу. Усюды былі журналісты, зь некаторымі было дамоўлена пра разгорнутыя гутаркі. Чалавек, які ўсё гэта арганізоўваў, потым сам быў ашаломлены, як так атрымалася, што зьявіўся няўзгоднены матэрыял. Відаць, што „Деловой Петербург“ сапраўды адмовіўся друкаваць тэкст, раз я забараніла і потым яшчэ гэта пацьвердзіў мой прадстаўнік. Тады гэты журналіст надрукаваўся ў іншым месцы. Ніякаму агенцтву я інтэрвію не давала. Выглядае, што там даведаліся і вырашылі скарыстацца сытуацыяй».

Паводле Сьвятланы Алексіевіч, цяпер у Расеі існуюць два паралельныя сьветы: частка без аглядкі верыць прапагандзе і гатовая сьлепа ісьці за правадыром Пуціным, іншыя — у ціхай апазыцыі:

«Грамадзтва цалкам разьбітае, бо гэты хлопец таксама прадстаўляе пэўны зрэз. Больш за тое, я сустракала сваіх добрых знаёмых пісьменьнікаў, якія гэтаксама безапэляцыйна запытвалі: навошта абараняеш украінскіх бандытаў? І калі пачынаеш зь імі размаўляць, адчуваеш агрэсію. Я сваіх поглядаў не хаваю, бо і на „Дажджы“, і ўсюды гэта было кароннае пытаньне: як ставіцеся да сытуацыі вакол Крыму, вакол Данбасу? Чаму і атрымалася гісторыя з выказваньем пра каталікоў і праваслаўных... Калі прагаворваеш некія рэчы, не заўсёды дакладна фармулюеш. Трэба ў лупу разглядаць кожнае слова. Я ж ня мела на ўвазе, што ў нас каталікі будуць ваяваць з праваслаўнымі, а толькі тое, што разьвязаць вайну можна ўсюды. Бо гісторыя ва ўсіх няпростая, шматгранная. Толькі гэта. Ва Ўкраіне менавіта такім чынам разьвязаная вайна, яна ідзе ў розумах людзей».

Чым спадарыня Алексіевіч пакуль усьцешаная, дык гэта маральнаю прорваю паміж незашоранай часткай расейскага грамадзтва і афіцыйнай прапагандай. Паводле яе, у Маскве і Піцеры зьбіраліся поўныя залі людзей, якім абрыдла тэлевізійнае замбаваньне:

«Наведваньне Расеі гэтым разам пакінула цяжкае ўражаньне. Заля „Гогаль-цэнтру“ была поўная, 700 чалавек прыйшлі выказаць падтрымку мне і Кірылу Сярэбранікаву. Была цудоўная публіка, адэкватна на ўсё рэагавала. А другі выступ у рамках „Адкрытай бібліятэкі“ меў адбыцца ў піцерскім Александрыйскім тэатры. І там адмовілі — ня толькі мне. Спачатку была заплянаваная мая лекцыя, праз тры гадзіны меліся выступаць Леў Додзін і Аляксандар Сакураў, пасьля — Валерый Панюшкін і Андрэй Сьмірноў. Ад усіх адмовіліся. Тады Сакураў затэлефанаваў Міхаілу Піятроўскаму — рэдкі прыстойны чалавек, які яшчэ там застаўся, — і ён даў залю Эрмітажу. І мы выступілі ўсе разам. Быў аншляг, маса людзей ня здолелі патрапіць. Рэч ня толькі ўва мне, гэта сьведчыць пра агульную атмасфэру: ня так проста такім людзям атрымаць трыбуну. А яшчэ ўнутраны адчай піцерцаў».

Цытаты Сьвятланы Алексіевіч, зьмешчаныя ў забароненым ёю інтэрвію на Regnum:

Пра рэвалюцыйную сытуацыю ва Ўкраіне

«Гэта быў не дзяржаўны пераварот, проста добра працуе расейскае тэлебачаньне. Сёньняшняя ўлада ўкладвае ў сьвядомасьць тое, што ёй трэба. Зьмена ўлады была жаданьнем людзей. Я была ва Ўкраіне, хадзіла ў музэй „Нябеснай сотні“, і простыя людзі мне расказвалі пра тое, што там было. У іх два ворагі — Пуцін і ўласная алігархія, культура хабарніцтва. Парашэнка і іншыя — не фашысты. Вы разумееце, яны хочуць аддзяліцца ад Расеі, ісьці ў Эўропу. Гэта ёсьць і ў Прыбалтыцы. Супраціў прымае жорсткія формы. Потым, калі яны сапраўды стануць незалежнай і моцнай дзяржавай, гэтага ня будзе. А цяпер яны валяць камуністычныя помнікі, якія і нам варта было б паваліць, выганяюць тэлевізійныя праграмы».

Пра рэпэтыцыю сілавога сцэнару ў Чачні

«Вы тое ж самае рабілі ў Чачні, каб захаваць дзяржаву. А калі ўкраінцы сталі бараніць сваю дзяржаву, вы раптам успомнілі аб правах чалавека, якія на вайне не выконваюцца. Вы, рускія, у Чачні паводзілі сябе яшчэ горш. Я не палітык. Але калі ставіцца пад пытаньне цэласнасьць дзяржавы, гэта праблема палітыкі. Калі туды ўводзяць чужыя войскі і пачынаюць на чужой тэрыторыі наводзіць парадкі... Якім правам Расея ўвайшла ў Данбас? Я таксама гляджу тэлевізар і чытаю тых, хто пра гэта піша. Калі Расея туды ўвайшла, што, вы хацелі, каб вас там сустрэлі з букетамі кветак? Каб улада вам там узрадавалася? Калі вы ўвайшлі ў Чачню, дзе Дудаеў хацеў зрабіць свае парадкі, сваю краіну, што зрабіла Расея? Усё там «выпрасавала».

Пра сілу расейскай прапаганды

«А хіба там былі не расейскія танкі, не расейская зброя, не расейцы- кантрактнікі? Глупства ўсё гэта. Калі б не было вашай зброі, там бы не было вайны. Так што не дурыце мне галаву гэтым глупствам, якой забітая ваша галава. Вы так хутка паддаяцеся ўсякай прапагандзе. Так, там боль, там страх. Але гэта на вашым сумленьні, на сумленьні Пуціна. Вы ўварваліся ў чужую краіну — на якой падставе? У інтэрнэце мільён здымкаў, як уваходзіць туды расейская тэхніка. Усе ведаюць, хто зьбіў „Боінг“, і ўсё іншае. Давайце ўжо заканчваць ваша ідыёцкае інтэрвію. У мяне ўжо няма сілаў на яго. Вы проста набор прапаганды, а не разумны чалавек. Паслухаць гэты ідыятызм Салаўёва і Кісялёва. Я ня ведаю, як гэта магчыма. Яны ж самі ведаюць, што кажуць няпраўду».

Пра прымусовую русіфікацыю Беларусі

«Пачынаючы з 1922 году ў Беларусі стала знішчацца інтэлігенцыя. Адкуль усё бярэцца? Адкуль русіфікацыя ўзялася? Ніхто не гаварыў у Беларусі на рускай мове. Казалі ці на польскай, ці на беларускай. Калі Расея ўвайшла і прысвоіла сабе гэтыя землі, Заходняя Беларусь, першае правіла было — расейская мова. І ніводзін унівэрсытэт, ніводная школа, ніводзін інстытут у нас не размаўляе па-беларуску. Гэта было стараньне русіфікаваць, зрабіць Беларусь часткай Расеі. І сапраўды гэтаксама зрабіць Украіну часткай Расеі. Ну вось вы нічога ня ведаеце, акрамя свайго маленькага кавалачка часу, які вы засьпелі і ў якім вы жывяце. Палова Беларусі ніколі не былі Расея, яна была Польшча. Другая частка была, але ніколі не хацела там быць, вы сілком трымалі. Я не хачу пра гэта казаць, гэта такі набор мілітарысцкіх банальнасьцяў, што я не хачу гэта слухаць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG