Лявон Вольскі прадставіў незвычайны кліп на песьню «Сьпявайце» са сьвежага альбому «Псыхасаматыка». У кліпе аб’ядналіся музыкі, якія пісалі альбом, іншыя беларускія і замежныя музыкі, а таксама людзі, якія фундавалі выданьне альбому праз сайт сьпевака.
«Так атрымалася, што кліп аб’яднаў тых, хто звычайна знаходзіцца на сцэне, і тых, хто перад сцэнаю, — распавядае пра кліп Лявон Вольскі. — Людзі, якія ахвяравалі грошы, яны з розных краінаў, маюць розныя прафэсіі, розны ўзрост, розны жыцьцёвы досьвед. Музыкі таксама з розных гуртоў, з розных краінаў, граюць у розных стылях. Таму атрымаўся гэткі інтэграцыйны кліп. Мне здаецца, што інтэграцыя — аб’яднаньне музыкаў з музыкамі, слухачоў са слухачамі, музыкаў са слухачамі — гэта тое, чаго нам цяпер вельмі бракуе. Гэтая інтэграцыя, узаемаразуменьне — тое, што мусіць усіх нас выратаваць».
У кліпе ўзялі ўдзел музыкі беларускіх гуртоў Akute, «J:морс», «Безь білета», Trubetskoy, Gods Tower, «Дай дарогу!», Re1ikt і Tonqixod, украінскі «Тартак», літоўскі Biplan, расейскі «Наив» і нямецкі сьпявак Stoppok.
«Сьпявайце» — трэці кліп на песьню з «Псыхасаматыкі». Раней Вольскі выдаў «самы інтымны кліп» на песьню «Цёплае мінулае» з кадрамі зь сямейнага архіву, а таксама кліп на «Скончылася шоў», сабраны з кадраў жорсткага разгону дэманстрацыі на Дзень Волі ў Менску.
Неўзабаве паслухаць Вольскага можна будзе ў Вільні, 8 траўня, дзе музыка прадставіць праграму «172» зь песьнямі розных часоў і праектаў: ад гурту «Мроя», зь якім Вольскі граў у 1980-х і на пачатку 1990-х, зь песьнямі N.R.M. і іншых праектаў, да «Псыхасаматыкі».