Ён падаваў заяўку на пікет з удзелам 10 чалавек у Альшэўскім сквэры ад 12 да 13 гадзін дня 28 красавіка «з мэтай прыцягненьня ўвагі грамадзкасьці і органаў дзяржаўнай улады да праблемаў індывідуальных прадпрымальнікаў», але атрымаў адмову, фота якой публікуе на Facebook.
У адмове гаворыцца, што з заявы «немагчыма вызначыць канкрэтнае месца правядзеньня масавага мерапрыемства», хоць у ёй гаворыцца даслоўна наступнае: «горад Менск, насупраць уваходу ў будынак Альшэўскага, 8 (Менскі райвыканкам), на тэрыторыі Альшэўскага сквэру (больш за 50 мэтраў ад уваходу ў адміністрацыйны будынак)». Альшэўскі сквэр лёгка адшукаць на мапах, ягоная працягласьць у даўжыню ад будынка адміністрацыі — 220-300 мэтраў.
Таксама ў адмове адзначаецца, што «на тэрыторыі Альшэўскага сквэру заплянаванае правядзеньне іншага мерапрыемства». Знайсьці анонс такога мерапрыемства ў інтэрнэце не ўдалося.
У прыёмнай намесьніка старшыні Менгарвыканкаму Ігара Юркевіча, які падпісаў адмову Дабратвору, Свабодзе сказалі, што кантактуюць з журналістамі толькі праз прэс-службу. У прэс-службе жа Свабодзе заявілі, што Дабратвор нібы апублікаваў ня той адказ, які яму адсылалі зь Менгарвыканкаму:
«Я магу вам сказаць, што гэтаму чалавеку быў дадзены адказ, што з 26-га пачынаюцца рамонтныя работы ў гэтым сквэры. Я прэс-сакратар Менгарвыканкаму і нясу адказнасьць за тое, што даў Менгарвыканкам. Вось Ільлю Дабратвору далі адказ, што там рамонтныя работы праводзяцца. Што ён сабе публікуе, за гэта я не нясу адказнасьці».
Дабратвор заяўляе, што «ўсе ахвочыя могуць далучацца» да згаданага Менгарвыканкамам мерапрыемства, бо ён «можа меркаваць, што тое мае нейкае дачыненьне да праблемаў прадпрымальнікаў». Сам ён ня будзе браць у ім удзелу і ня будзе ладзіць свайго пікету.