Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Юры Дракахруст, Віталь Цыганкоў.
Дракахруст: У мінулую сераду ў Нідэрляндах пры беспрэцэдэнтна высокай яўцы перамагла кіруючая партыя прэмʼера Марка Рутэ. Ультраправы палітык Герт Вілдэрс — з вялікім адрывам на другім месцы, але ўсе астатнія буйныя партыі выключылі магчымасьць уступленьня зь ім у кааліцыю.
Брытанскі Брэксіт, выбары прэзыдэнтам ЗША Дональда Трампа стваралі ўражаньне няўмольнага шэсьця па сьвеце новага папулізму, нацыяналізму і антымігранцкіх настрояў. Хто наступны — задавалі пытаньне многія. У гэтым сэнсе сытуацыя ў Нідэрляндах зусім не выключала, што наступнай будзе менавіта яна.
у любым выпадку вынік галяндзкіх выбараў — правы папулізм не прайшоў
Партыя Свабоды на чале з Гертам Вілдэрсам мела някепскія рэйтынгі і пэўны час вяла на роўных спаборніцтва з Народнай партыяй Рутэ. Напачатку году партыя Вілдэрса нават лідзіравала ў апытаньнях. Відлэрс прапаноўваў стварэньне жорсткіх умоваў для іміграцыі, а таксама выступаў за Нэксіт — выхад Галяндыі з Эўразьвязу. Партнэры Партыі Свабоды на міжнароднай арэне — францускі Нацыянальны фронт Марын Ле Пэн, нямецкая «Альтэрнатыва для Нямеччыны», брытанскія нацыяналісты — змагары за Брэксіт.
Аднак прарыву Вілдэрса да ўлады не адбылося. Яго партыя нават павялічыла прадстаўніцтва ў парлямэнце, але гэта не зьмяніла расстаноўку сілаў — пераканаўчую перамогу атрымалі партыі, якія выступаюць за адзіную Эўропу і за лібэральныя каштоўнасьці.
Таксама варта адзначыць надзвычай высокую яўку на выбарах у Галяндыі 15 сакавіка — 80%, без прымусу і датэрміновага галасаваньня. Відавочна, што такая яўка — сьведчаньне таго, што галасаваньне стала ў пэўнай ступені рэфэрэндумам аб шляху разьвіцьця краіны. Лідэр пераможцаў Рутэ заявіў пасьля абвяшчэньня вынікаў галасаваньня — мы перамаглі ў чвэрцьфінале.
Ён меў на ўвазе, што ў красавіку адбудуцца прэзыдэнцкія выбары ў Францыі, а ў верасьні — парлямэнцкія выбары ў Нямеччыне. Рутэ разглядае гэты ланцуг выбараў, як адзіны працэс, адзіную барацьбу ня толькі розных палітык, але і розных сыстэмаў каштоўнасьцяў.
«Я таксама пераможца гэтых выбараў і Рутэ ад мяне так проста не аддзелаецца» — сказаў Герт Вілдэрс.
да нямецкіх выбараў галяндзкі мэсыдж наўрад ці дацягне, а вось спадарыня Ле Пэн, думаю, вельмі не парадавалася такім вынікам
І сапраўды, партыя Свабоды застаецца вельмі ўплывовай палітычнай сілай, экспэрты адзначаюць, што многія іншыя партыі, менш радыкальныя, чым партыя Свабоды, пачалі карэктаваць свае пазыцыі ў бок радыкалаў. Партыя Рутэ са 150 месцаў у парлямэнце атрымала 33, партыя Вілдэрса — 20. Перамога не трыюмфальная, пераможцу давядзецца шукаць партнэраў для стварэньня ўрадавай кааліцыі.
Аднак у любым выпадку вынік галяндзкіх выбараў — правы папулізм не прайшоў. Гэта абвергла меркаваньне, што сусьветнае шэсьце папулізму ўжо нішто ня зможа спыніць. У практычным пляне можна меркаваць, што гэты вынік паўплывае і на настроі францускіх выбаршчыкаў на красавіцкіх выбарах прэзыдэнта, на тым самым «паўфінале», пра які казаў Рутэ.
Так, Галяндыя не такая вялікая, не ключавая краіна Эўропы, там 17 мільёнаў насельніцтва, прыкладна дзьве Беларусі. Але тым не менш як прынцып, як знак, гэта істотна. Мяркую, што да нямецкіх выбараў гэты галяндзкі мэсыдж наўрад ці дацягне, шмат часу застаецца да іх, а вось спадарыня Ле Пэн, думаю, вельмі не парадавалася такім вынікам. А цяперашнія лідэры і Нямеччыны, і Францыі вельмі цёпла віталі спадара Рутэ, разглядаючы яго вынік як і ўласную перамогу. Але гэта, як сказаў сам спадар Рутэ, толькі чвэрцьфінал.
Карбалевіч: Варта адзначыць, што Нідэрлянды здаўна зьяўляецца краінай, хіба не самай нэгатыўна настроенай адносна працэсаў эўрапейскай інтэграцыі. Яны прагаласавала на рэфэрэндуме супраць Канстытуцыі ЭЗ (62% — супраць), чым сарвалі яе падпісаньне ў 2005 гадзе. Летась там быў рэфэрэндум наконт дамовы аб асацыяцыі Украіны з ЭЗ, і галяндцы таксама прагаласавалі супраць. То бок, ужо больш за дзесяць гадоў галяндцы выступаюць супраць абмежаваньня незалежнасьці краіны, супраць таго, каб перадаваць шмат паўнамоцтваў Брусэлю. Таму Партыя Свабоды тут мае добрую глебу.
ужо больш за дзесяць гадоў галяндцы выступаюць супраць абмежаваньня незалежнасьці краіны, супраць таго, каб перадаваць шмат паўнамоцтваў Брусэлю
Што тычыцца вынікаў — іх можна ацэньваць па-рознаму. Так, Партыя Свабоды не перамагла, але павялічыла колькасьць дэпутацкіх месцаў.
Па-другое, Народная партыя Рутэ была вымушаная рабіць значныя зрухі ўправа, уключаць у свае мэсыджы значны антыэмігранцкі пасыл, то бок перахопліваць лёзунгі Партыі Свабоды. Давялося ісьці нават на скандальны канфлікт з Турэччынай, не дапусьціць турэцкага міністра весьці агітацыю сярод туркаў у Нідэрляндах. Гэта выклікала хвалю нацыяналізму, дапамагло Народнай партыі перамагчы. Але цаной псаваньня адносінаў Турэччыны не толькі з Нідэрляндамі, але і з усім ЭЗ. А Турэччына — ключавая краіна ў вырашэньні праблемы спыненьня мігранцкага наплыву ў Эўропу.
Варта адзначыць, што Галяндыя — гэта была цытадэль лібэралізму. Тут, здаецца, першымі легалізавалі марыхуану, легітымізавалі аднаполыя шлюбы. Тут у свой час пачынаўся рух гіпі. А вось жа і тут усё мяняецца, як і ў ЗША.
Цыганкоў: Зараз так званыя цэнтрысцкія, мэйнстрымныя традыцыйныя партыі рэагуюць на выклік папулісцкіх партый так: калі не можаш процістаяць нейкаму руху, то трэба яго ўзначаліць. Паводле гэтага прынцыпу яны займаюць больш папулісцкую пазыцыю. Нядаўна прэмʼер-міністар Рутэ пад уплывам апошніх посьпехаў Вілдэрса і яго партыі, сказаў мігрантам, што калі яны не паважаюць галяндзкія каштоўнасьці, то ім лепш пакінуць краіну.
так званыя цэнтрысцкія, мэйнстрымныя традыцыйныя партыі рэагуюць на выклік папулісцкіх партый так: калі не можаш процістаяць нейкаму руху, то трэба яго ўзначаліць
І вось Валер казаў, што Галяндыя была цытадэльлю лібэралізму. Але парадокс у тым, што, ва ўсялякім разе афіцыйна, Герт Вільдэрс якраз выступае з выразна правалібэральных, лібэртарыянскіх пазыцыяў. То бок ён адстойвае заходняе разуменьне правоў чалавека і лічыць, што «нашэсьце мусульманаў», як гэта называюць у Эўропе, перш за ўсё пагражае лібэральным каштоўнасьцям.
Яго папярэднікам на пасадзе кіраўніка партыі быў Пім Фартэйн, адкрыты гей, які быў забіты ісламскім фундамэнталістам, і ягоную партыю напэўна ўсё ж такі нельга назваць антылібэральнай. Дастаткова шмат у гэтых вызначэньнях блытаніны. Хутчэй за ўсё можна называць яе антыісламскай і папулісцкай. І гэта паказвае асноўныя тэндэнцыі ў эўрапейскай палітыцы.
Калі казаць пра эўрапейскае значэньне гэтых выбараў, то яно перш за ўсё ў тым, што па ўсёй Эўропе партыі, цэнтрысцкія і правацэнтрысцкія, бяруць на сябе ўсё больш уплыву з крайне правага флянгу, выступаюць за большае стрымліваньне міграцыі, больш строгага стаўленьня да мігрантаў. Бо і Брэксіт, і перамога Трампа перад вачыма, і эўрапейскія палітыкі разумеюць, што калі не мяняць свае традыцыйныя рыторыку і каштоўнасьці, то можна згубіць свой электарат.