Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ адна вэрсія ў справа Шарамета: да забойства могуць быць датычныя байцы полка «Азоў»


Фота зь месца забойства. Кіеў, 20 ліпеня 2016 году
Фота зь месца забойства. Кіеў, 20 ліпеня 2016 году

Міністар унутраных справаў Украіны Арсен Авакаў заяўляе, што сьледзтва мае некалькі вэрсіяў забойства беларускага журналіста Паўла Шарамета, якія патрабуюць праверкі ў закрытым ад прэсы рэжыме.

«Гэта вельмі складаная справа, злачынства вельмі сур’ёзна падрыхтаванае і тут мы ўсю інфармацыю не раскрываем. Давайце абмяжуемся гэтым. Ёсьць яшчэ пэўная колькасьць нюансаў ды вэрсій, якія патрабуюць правядзеньня праверкі ў закрытым рэжыме. А калі вы пабачыце, што мы ўхвалілі рашэньне апублікаваць фотаробаты, гэта будзе азначаць, што мы выйшлі на іншую фазу. А пакуль гэтай фазы няма, мяркуйце, што мы ў актыўнай працы», — сказаў Арсен Авакаў у інтэрвію ўкраінскаму тэлеканалу ZiK.

У сваю чаргу новапрызначаны кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Сяргей Князеў у інтэрвію ўкраінскай службе радыё DW патлумачыў адсутнасьць істотных зрухаў у расьсьледаваньні мінімальнаю колькасьцю памылак у арганізацыі і зьдзяйсьненьні забойства Паўла Шарамета.

Сьледзтва таксама не выключае вэрсію замоўнага палітычнага забойства, замова на якое паступіла менавіта з Расейскай Фэдэрацыі

На пытаньне, чаму дагэтуль ня знойдзеныя асобы, зафіксаваныя на відэазапісах, Сяргей Князеў сказаў: «Так, яны ёсьць на відэазапісах, якія мы сабралі ў першыя тры дні. Увесь гэты час мы вывучалі запісы, праверылі велізарную колькасьць інфармацыі. Вынікі паказалі ў лютым. Паверце, над расьсьледаваньнем гэтай справы працуе вялікая колькасьць людзей у паліцыі. Паралельна працуе і цесна супрацоўнічае з намі яшчэ і цэлы дэпартамэнт СБУ. Аднак увесь нэгатыў чамусь дастаецца нам».

Паводле кіраўніка Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны, сьледзтва разглядае ў тым ліку і магчымую датычнасьць да гэтага забойства байцоў Нацгвардыі, у прыватнасьці, полка «Азоў».

Паўла Шарамета забілі 20 ліпеня 2016 году ў цэнтры Кіева, падарваўшы аўтамабіль, якім ён кіраваў. Украінскія праваахоўнікі кваліфікуюць гібель журналіста як наўмыснае забойства. Сёлета ў лютым міністар унутраных справаў Украіны Арсен Авакаў заявіў, што ўсе дэталі злачынства ўказваюць на палітычны заказ. Але сьледзтва пакуль не ўстанавіла ані выканаўцаў, ані замоўнікаў.

«Вынікі дасудовага расьсьледаваньня наўмыснага забойства Паўла Шарамета дазваляюць меркаваць, што гэтае злачынства грунтоўна рыхтавалася групай асобаў — замоўнае забойства. Сьледзтва таксама не выключае вэрсію замоўнага палітычнага забойства, замова на якое паступіла менавіта з Расейскай Фэдэрацыі. Сьледзтва працягваецца», — сказаў Арсен Авакаў, прадстаўляючы 8 лютага першыя вынікі расьсьледаваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG