У наш час блізарукасьць, вобразна кажучы, крочыць па плянэце. У ЗША, як інфармуе газэта The New York Times, з пачатку 1970-х гадоў колькасьць блізарукіх вырасла больш чым на 60 працэнтаў, у Кітаі і іншых краінах Усходняй Азіі каля 90 працэнтаў выпускнікоў школ маюць міяпію (блізарукасьць).
Блізарукасьць узьнікае, калі вочныя яблыкі даўжэй, чым звычайна, мяняюць вугал, пры якім сьвятло пранікае ў вока, у выніку чаго парушаецца здольнасьць засяродзіцца на аддаленых аб’ектах. Гэтая праблема зьвязана з генэтыкай і ўзьдзеяньнем навакольнага асяродзьдзя і, як правіла, пачынаецца да падлеткавага ўзросту.
Раней экспэрты зьвязвалі пашырэньне блізарукасьці з доўгімі гадзінамі чытаньня, а цяпер зь сядзеньнем каля кампутараў і іншых экранаў. Але нядаўняе дасьледаваньне паказала, што больш важным фактарам можа быць не сядзеньне каля кампутараў, але знаходжаньне дзяцей у памяшканьнях. Цяпер навукоўцы думаюць, што адсутнасьць прамога сонечнага сьвятла можа зьмяніць чалавечае вока і пагоршыць зрок.
Дасьледнікі з Каралеўскага каледжу ў Лёндане, Лёнданскай школы гігіены і трапічнай мэдыцыны, а таксама іншых установаў апыталі больш за тры тысячы сталых эўрапейскіх мужчын і жанчын, каб знайсьці карэляцыю паміж часам іх знаходжаньня на сонцы і ракам скуры. Але апытаньне мела і іншы вынік. Аказалася, што тыя, хто ва ўзросьце ад 14 да 19 гадоў больш бывалі на сонцы, маюць прыкладна на 25 працэнтаў менш шанцаў захварэць на блізарукасьць. Узьдзеяньне сонечнага сьвятла ва ўзросьце да 30 гадоў таксама мае, паводле дасьледаваньня, ахоўны эфэкт. Прычым гэты вынік атрыманы з улікам адукацыйнага цэнзу апытаных, калі ўлічвалася і працягласьць часу, патрачанага на чытаньне.
Кэці Ўільямс, клінічная навуковая супрацоўніца Каралеўскага каледжу ў Лёндане, кажа, што ў блізарукага чалавека вочны яблык мае выцягнутую форму, таму вельмі важна, каб дзеці падчас росту больш бывалі на сонцы. Тады і форма іх вочных яблыкаў застанецца больш натуральнаю.
Вядома, сонечнае сьвятло можа і шкодна ўзьдзейнічаць на наша здароўе, у тым ліку і на здароўе вачэй. Яно выклікае катаракту і рак скуры. Але, кажа Кэці Ўільямс, з адпаведнымі засьцярогамі, выкарыстоўваючы ахоўныя крэмы і стараючыся хавацца ў цень у паўдзённыя часы, трэба бываць на сонцы, каб зьменшыць рызыку блізарукасьці.