29 сьнежня ў Менску Рада Беларускай асацыяцыі журналістаў уручыла Сьвятлане Алексіевіч дыплём ганаровага сябра арганізацыі і пасьведчаньне Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў.
Падчас імпрэзы нобэлеўская ляўрэатка выступіла з прамоваю.
Пра што казала Сьвятлана Алексіевіч?
«Наша журналістыка жыве за кошт крытыкі — тое зрабілі, гэтага не змаглі. Крытыка з браневіка. Няма абагульненага сьветапогляду. Нават калі б напісалі, што ў Лукашэнкі чатыры жонкі, гэта на народ не зрабіла б ніякага ўражаньня. Такая форма крытыкі людзям ужо нецікавая. Яны хочуць такога філязофскага погляду на рэчы. У нашай журналістыцы людзі малаадукаваныя — гэта самая вялікая бяда. Матэрыял павінен дыхаць, вакол яго мусіць быць сваё біяполе».
«Нацыянальную ідэю ня можа сфармуляваць адзін чалавек. Гэта павінна зрабіць грамадзтва. Я думаю нават, што нацыянальную ідэю сёньня сфармуляваць немагчыма, як тое было ў ХІХ стагодзьдзі. Сёньня існуюць дзьве сілы — дзяржава і чалавек. І чалавек вельмі неахвотна аддае сваё дзяржаве. Ён хоча жыць сваім жыцьцём — дзяцей расьціць, апранацца, харчавацца. Ідэя ня можа быць адна. Трэба найперш гаварыць, у якой дзяржаве мы хочам жыць. У такой вялікай дзяржаве, як СССР, ці ў такой годнай краіне, як, скажам, Данія? Гаворка мусіць быць найперш пра тое, як будаваць сваю дзяржаву, у якой чалавек будзе мець жаданьне жыць».
«Калі б у 90-я гады ў нас зьявіўся іншы лідэр, Беларусь, я думаю, была б падобная цяпер да прыбалтыйскіх рэспублік. Мы усё ж сваім мэнталітэтам бліжэйшыя да Польшчы, Чэхіі».
«Штосьці ёсьць у расейскай гісторыі такое, што ўклала сьвядомасьць гэтай нацыі, у якой свабода — гэта нейкая няісная катэгорыя. Спытай расейца, і ён адкажа: „Якая там яшчэ Беларусь!“. Тое ж самае скажа і пра Ўкраіну».