Аўтары ліста выказваюць глыбокі непакой «у сувязі з намерамі Міністэрства замежных справаў Польшчы ліквідаваць тэлеканал БЕЛСАТ, адзінае незалежнае тэлебачаньне, якое вяшчае на беларускай мове».
«Закрыцьцё БЕЛСАТу — трагедыя, якая дэмаралізуе. Гэтае рашэньне ёсьць ударам па тых патрыётах Беларусі, якія абуджаюць нацыянальную і грамадзянскую сьвядомасьць сваіх суайчыньнікаў. Яно пакідае нашу краіну сам на сам з агрэсіўнай тэлевізійнай прапагандай „рускага сьвету“ і ўзмацняе пагрозы бясьпецы ня толькі Беларусі, але і ўсім дзяржавам рэгіёну, у тым ліку Польшчы», — падкрэсьліваецца ў лісьце, які падпісалі Сьвятлана Алексіевіч, Анжаліка Борыс, Алесь Бяляцкі, Аляксандар Мілінкевіч, Уладзімер Някляеў і Станіслаў Шушкевіч.
Яны зазначаюць, што ліквідацыя БЕЛСАТу «значна памяншае шанцы Беларусі на вяртаньне ў эўрапейскую сям’ю. Гэты тэлеканал трэба паляпшаць, а не зьнішчаць».
Аўтары зьвяртаюцца да прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды і старшыні Рады Міністраў Рэспублікі Польшча Бэаты Шыдлы з просьбай узьняць свой голас у падтрымку БЕЛСАТу. «Свабода і бясьпека патрабуюць сёньня салідарнасьці паміж намі і вашай падтрымкі беларускага народу, зь якім Польшчу зьвязваюць супольная гісторыя і добрасуседзкая будучыня», — завяршаюць свой зварот аўтары.