Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 тэзаў расейскай прапаганды пра Беларусь


ВІДЭА: Што пішуць на расейскіх прапагандысцкіх сайтах пра Беларусь
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:09 0:00

10 тэзаў расейскай прапаганды пра Беларусь

Варшаўскі дасьледніцкі цэнтар «Эўрапейскія краіны ў пераходны пэрыяд» (Eurasian States in Transition) апублікаваў даклад пра антыбеларускую дэзынфармацыю у расейскіх мэдыях. Аўтары дакладу — беларускія экспэрты Андрэй Елісееў і Вераніка Лапуцька. Аўтары прааналізавалі кантэнт пяці рэсурсаў, якія выкарыстоўваюцца як каналы для распаўсюду дэзынфармацыі: imperiyanews.ru, regnum.ru, Eurasia Daily (EADaily), Zapadrus.su, Sputnikipogrom.com.

У дакладзе аналізуецца ўплыў гэтых сайтаў, а таксама іх асноўныя мэсыджы ў пэрыяд са жніўня па лістапад 2016 году.

У дакладзе прыводзіцца 10 тэзаў, якія фігуравалі на старонках гэтых рэсурсаў у пазначаны пэрыяд. Вось некаторыя зь іх:

1. Беларусь можа стаць марской дзяржавай, далучыўшы тэрыторыі Літвы і Латвіі. Лукашэнка павінен абмеркаваць з Пуціным перадзел Украіны
2. Беларускія нацыянальныя сымбалі запазычаныя ў нацысцкай Германіі
3. Захад рыхтуе гібрыдную вайну супраць Расеі зь беларускай тэрыторыі
4. Беларускай нацыі не існуе. Гэта заходні / польскі праект супраць Расеі
5. Беларуская мова штучная ці дыялект расейскай. Была створаная, каб зрабіць расейцаў палякамі
6. Школьнікі ў Беларусі могуць вучыцца толькі па-беларуску ці па-беларуску і па-расейску, што дыскрымінуе расейскамоўных
7. Беларуская культура правінцыйная. Алексіевіч натхніла беларусаў на антырасейскасьць
8. У Беларусі дзьве асобныя нацыі: адна — прарасейская, другая — праэўрапейская і за гвалтоўную беларусізацыю. Расея павінна ўзяць першую «пад крыло»
9. Лукашэнка праводзіць палітыку беларусізацыі, дэрусіфікацыі і рэвізіянізму. У выніку беларусы становяцца больш антырасейскімі
10. Усходняе партнэрства прыдуманае польскімі шавіністамі, каб анэксаваць Беларусь

Вераніка Лапуцька
Вераніка Лапуцька

Радыё Свабода пагутарыла з суаўтаркай дакладу Веранікай Лапуцькай. Паводле яе словаў, у Беларусі даўно існуе шэраг мэдыяў, якія распаўсюджваюць вялікую колькасьць дэзынфармацыйных матэрыялаў, разьлічаных на беларускую аўдыторыю.

— Часьцей за ўсё гэтыя мэдыі адмаўляюць існаваньне Беларусі як незалежнай дзяржавы, выкарыстоўваюць найбольш шавіністычныя імпэрыялістычныя міты, апісваючы палітычныя зьмены, навіны, якія адбываюцца ў Беларусі.

Паводле Лапуцькі, аўтары дасьледаваньня засяродзіліся на пяцёрцы найбуйнейшых мэдыяў з найвялікшай аўдыторыяй:

«Мы карысталіся статыстыкай Liveinternet і іншымі публічнымі дадзенымі. Напрыклад, дзённая аўдыторыя Рэгнуму складае 1,2 млн наведнікаў, EADaily — 400 тысяч у дзень. Гэта вялікая лічба», — распавяла Свабодзе Лапуцька.

Гэтыя сайты пазыцыянуюць сябе як незалежныя інфармацыйныя рэсурсы. Лапуцька адзначае, што на іх не зьвяртаюць дастаткова ўвагі, паколькі звычайна ўсе сочаць за працай хольдынгу Russia Today, агенцтваў Sputnik:

— Мы прыйшлі да цікавай высновы. Публічныя сайты Russia Today не карыстаюцца яўнай прапагандай і дэзынфармцыяй. Яны карэгуюць, нешта фільтруюць, выбіраюць, але не падманваюць адкрыта, як сайты з гэтай пяцёркі, у якой адкрыта ідзе маніпуляцыя фактамі, гістарычнымі дадзенымі. Дадзеныя з сайтаў кшталту imperiyanews.ru ці regnum.ru лёгка зьняпраўдзіць. Калі дадаць трошкі гісторыі і фактаў, іх арумэнты лёгка рассыпаюцца.

Паводле Веранікі Лапуцькі, бальшыня тэзаў на гэтых сайтах — абсурдныя і хлусьлівыя. Але гэта не замінае ім набіраць высокія лічбы праглядаў.

Вераніка Лапуцька пра антыбеларускую прапаганду на расейскіх сайтах
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:07 0:00

Сярод апошніх трэндаў — шмат артыкулаў пра «хвалю беларусізацыі» ў Беларусі, пра дыскрымінацыю расейскамоўных школьнікаў, пра беларускую мову, як праект Польшчы, каб ператварыць расейцаў у палякаў.

— Мы таксама заўважылі артыкулы, якія маюць на мэце раскалоць беларускі народ. Кірыл Авяр’янаў-Мінскі напісаў, напрыклад, што ў Беларусі існуе дзьве плыні. Адна — за зьяднаньне з Расеяй і супраць Расеі. Калі Расея не ўмяшаецца — адбудзецца тое самае, што і ва Ўкраіне, і падобнае.

Лапуцька лічыць, што гэта прапаганда на руку тым людзям, якія хочуць распальваць варожасьць паміж Расеяй і Беларусьсю:

— Гэтыя сайты карыстаюцца папулярнасьцю сярод беларускіх чытачоў, якія з-за адсутнасьці моўнага бар’еру могуць лёгка на гэтыя сайты заходзіць. Сайты «Спутніка» і Russia Today часта ўтрымліваюць спасылкі на гэтыя рэсурсы. Асабліва калі там прыцягальныя загалоўкі кшталту таго, што беларускай нацыі не існуе — гэта можа заахвоціць людзей чытаць гэтыя матэрыялы. Беларускім мэдыям цяжка спаборнічаць з гэтымі рэсурсамі. Расейскія парталы падаюць інфармацыю цікавым чынам і ў больш цікавым кантэксьце. Якасьць матэрыялаў беларускіх мэдыяў досыць нізкая, і чытачу яны папросту нецікавыя.

Паводле дасьледніцы, важным "антыдотам" супраць расейскай прапагнды ёсьць добрае веданьне гісторыі і высокі ўзровень культуры:

— Калі чалавек ведае добра гісторыю, ён ня будзе трапляць пад уплыў нонсэнсных тэзаў, што зьяўляюцца на гэтых сайтах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG