Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Віталь Цыганкоў.
Цыганкоў: У сырыйскім горадзе Алепа 14 сьнежня пачаўся чарговы пэрыяд спыненьня агню, дамоўленасьць пра які была дасягнутая паміж Расеяй, Сырыяй, Турцыяй і антыўрадавымі паўстанцамі. У той жа час эвакуацыя паўстанцаў і цывільных з Алепа, якая таксама зьяўляецца часткай пагадненьня, яшчэ не пачалася.
Алепа зьяўляецца галоўнай арэнай баёў, і на дадзены момант ён ужо цалкам захоплены сіламі сырыйскага прэзыдэнта Асада. Яго падтрымліваюць расейскія паветраныя сілы, а таксама шыіцкія апалчэнцы з Ірану і Лібану.
Дарадца ААН у гуманітарных пытаньнях Ян Еґеланд заявіў пра «зьверствы», учыненыя ва ўсходнім Алепа сырыйскімі ўрадавымі войскамі, якія ўжо практычна выціснулі паўстанцаў з гораду.
Нагадаю, што днямі Беларусь прагаласавала супраць рэзалюцыі ААН аб спыненьні баёў у Сырыі. Рэзалюцыю падтрымалі 122 краіны, супраць прагаласавалі 13 дзяржаваў, у тым ліку Беларусь, Расея, Іран і Сырыя. Яшчэ 36 дзяржаваў устрымаліся.
У Сырыі некалькі бакоў, і кожны цягне на сябе, карціна вельмі стракатая.
І гэтае галасаваньне паказвае, чаму гэтак цяжка дасягнуць урэгуляваньня сырыйскага крызысу. Такі клубок супярэчнасьцяў і процілеглых інтарэсаў вялікіх дзяржаваў, як ніколі раней. У часе халоднай вайны такія рэгіянальныя канфлікты часта былі арэнай процістаяньня ЗША і СССР, і астатнія былі альбо за савецкі альбо за амэрыканскі бок, альбо імкнуліся захоўваць нэўтралітэт. У пачатку 90-х у вайне ў Іраку ўвогуле было супольнае меркаваньне ўсіх вялікіх дзяржаў, калі Расея ў большасьці канфліктаў была на баку Захаду. Нагадаем апэрацыю ў Аўганістане пасьля 11-га верасьня 2001-га году, фактычна была згода ўсёй міжнароднай супольнасьці. У Сырыі некалькі бакоў, і кожны цягне на сябе, карціна вельмі стракатая.
Самыя розныя рэгіянальныя дзяржавы маюць свае інтарэсы і сваё разуменьня разьвязаньня гэтага канфлікту. Акрамя Расеі і ЗША, сваё разуменьне мае Іран, Турэччына, Саудаўская Арабія. Геапалітычныя інтарэсы дапаўняюцца ідэалягічнымі падыходамі, калі аўтарытарныя Расея і Іран падтрымліваюць аўтарытарнага кіраўніка Сірыі Асада.
За 5 з паловай гадоў узброенага канфлікту ў Сырыі загінулі сотні тысяч людзей, больш за палову жыхароў краіны засталіся без прытулку, а ў сьвеце ўзьнік самы цяжкі з часоў Другой сусьветнай вайны міграцыйны крызыс.
А канца гэтаму канфлікту не відаць. Ён упіраецца і ў жаданьне прэзыдэнта Асада заставацца ва ўладзе, і ў жаданьне яго падтрымліваць Расеі і Ірана, і іншымі ўзгаданымі чыньнікамі. Акрамя таго, самы важны элемэнт — «Ісламская дзяржава», супраць якой змагаюцца ўсе, і якая тым ня менш увесь час атрымлівае нейкія лякальныя перамогі. Апошняя — захоп гораду Пальміры. На дадзены момант гэты канфлікт не дайшоў да той ступені, калі насьпела агульнапрынятае рашэньне. Натуральна, бывае, калі бакі цягнуць на сябе, але знаходзіцца кампраміс. Але зараз усе ўдзельнікі гэтага канфлікту вырашаюць так: спачатку мы атрымаем як мага больш вайсковых перамог. Кожны хоча прыйсьці да мірнага рашэньня, маючы найлепшыя вайсковыя пазыцыі.
Глод: Дзесьці ці то ў 1994, ці то ў 1995 годзе мне давялося пабыць тыдзень у Сырыі. Група беларускіх журналістаў, мабыць 7-8 чалавек, паляцела туды на запрашэньне вядомай сырыйскай турыстычнай кампаніі. Мы прыляцелі ў Дамаск у нядзелю. І ў аэрапорце пачалі запаўняць дакумэнты на тое, каб атрымаць дазвол пакінуць межы аэрапорту. У дакумэнце быў радок — «прафэсія». І першыя некалькі чалавек напісалі ў ёй «журналіст». Гэта адразу выклікалі праблему. Нам сказалі: чакайце. Але ў нашай групе былі два тэлеапэратары. І я памятаю, падказаў ім: пішыце «інжынэр». Яны так і зрабілі. Празь 15 хвілін яны ўжо былі ў Дамаску. А мы чакалі да самага вечара. Бо, як высьветлілася, журналісты, якія прыяжджалі ў Сырыю, павінны былі быць пад пільным кантролем мясцовых асадаўскіх спэцслужбаў.
Сырыйскі крызыс ня будзе вырашаны да таго часу, пакуль ня будзе знойдзены адказ на галоўнае пытаньне: Што будзе з Асадам?
Можа таму мне падаецца, што сырыйскі крызыс ня будзе вырашаны да таго часу, пакуль ня будзе знойдзены адказ на галоўнае пытаньне: Што будзе з Асадам? Хто б што не казаў пра падзеі ў Сырыі, трэба прызнаваць — там адбываецца грамадзянская вайна. Але гэта вайна праходзіць не ў традыцыйным для апошніх часоў ключы — дыктатура супраць дэмакратыі. У вайне ўдзельнічае і трэцяя сіла — баевікі «Ісламскай дзяржавы».
Асад трымаецца пры ўладзе толькі дзякуючы ваеннай дапамозе Ірану, Расеі і праіранскай групоўкі «Хэзбала». Гэтая групоўка, на рахунку якой мноства тэрарыстычных актаў, лічыцца на Захадзе тэрарыстычнай. Але сам рэжым Асада — слабы. Падзеньне Пальміры ў гэтым пераконвае.
Калі ў сакавіку 2016 году сырыйская армія пры падтрымцы расейскіх вайскоўцаў узяла Пальміру, гэты посьпех расейская прапаганда паказвала як галоўны посьпех Расеі ў сырыйскай кампаніі. Пасьля вызваленьня Пальміры нават на Захадзе сталі актыўна гаварыць і пісаць, што Расея ваюе ў Сырыі значна больш эфэктыўна за міжнародную кааліцыю на чале з ЗША.
Гісторыя паказвае, наколькі рана ў Расеі паспрабавалі прадставіць вайну ў Сырыі як расейскі канчатковы і бясспрэчны трыюмф.
Але з таго часу прайшлі дзевяць месяцаў. За гэты тэрмін адбыліся працяглыя і безвыніковыя перамовы Расеі і ЗША па лёсе Алепа, няўдалы штурм Масулу — галоўнага апірышча «Ісламскай дзяржавы» ў Іраку. Экспэрты кажуць, што шанцы даволі хутка вярнуць кантроль сырыйскіх уладаў над Пальмірай ёсьць. Маўляў, баявікам гэты горад без асаблівай патрэбы. Іх больш цікавілі піяр-эфэкт гэтага прарыву ды запасы ўзбраеньня са складаў сырыйскай арміі. Але сама гісторыя паказвае, наколькі рана ў Расеі паспрабавалі прадставіць вайну ў Сырыі як расейскі канчатковы і бясспрэчны трыюмф.
І нават узяцьце Алепа не пераконвае ў моцы ўласных асадаўскіх сілаў, яго вайсковых рэсурсаў. Нават калі на нейкі час улада Асада ўмацуецца, няма ніякіх гарантыяў, што хутка ня ўзьнікне новая антыасадаўская групоўка.
Таму, мне падаецца, што хуткі мір у Сырыі стане магчымым толькі пасьля таго, як там пройдуць перамовы зь усімі зацікаўленымі бакамі. У Дамаску ўжо даўно пара ўсталяваць больш трывалы рэжым на аснове палітычных кампрамісаў. А трымацца за Асада, значыць, ня мець ні найменшых гарантый у будучыні.
Гурневіч: Грамадзянская вайна ў Сырыі доўжыцца ўжо больш за пяць гадоў і забрала жыцьці амаль 300 тысяч чалавек. Ваенная кааліцыя пад кіраўніцтвам ЗША два гады таму пачала спэцапэрацыю супраць тэрарыстаў, дзейнічаючы ў Сырыі бяз згоды Башара Асада. Празь месяц зьменіцца гаспадар Белага дому, і вырашэньне сырыйскага крызысу можа залежыць ад гэтага.
Невядома пакуль, якой будзе сапраўдная палітыка Дональда Трампа. Невядома, каго са сваіх дарадцаў у выніку ён паслухае. Сам ён месяц таму казаў, што ў Сырыі будзе змагацца з «Ісламскай дзяржавай», а ня супраць Башара Асада. Трамп і раней адзначаў, што неабходная агульная плятформа для барацьбы з «Ісламскай дзяржавай».
На ўзроўні дэклярацый выглядае, што Трамп зможа неяк дамовіцца з Расеяй і Асадам.
Дагэтуль Масква абвінавачвала Вашынгтон у зрыве мірных перамоваў быццам бы праз тое, што Амэрыка ня выканала асноўны пункт дамоўленасьцяў і ня падзяліла тэрарыстаў і так званую ўмераную апазыцыю. Канешне, калі гэта асноўная прэтэнзія, то на ўзроўні дэклярацый выглядае, што Трамп зможа неяк дамовіцца з Расеяй і Асадам. Але гэта здагадкі. Я думаю і ў Крамлі сёньня не дадуць дакладнага адказу на пытаньне, як сябе павядзе новы амэрыканскі прэзыдэнт. Перад выбарамі ён зьбіраўся пабудаваць сьцяну на мяжы з Мэксікай, а пасьля адмовіўся ад гэтых плянаў.
У аўторак, дарэчы, было апублікаванае дасьледаваньне амэрыканскай Рады па міжнародных адносінах. Сярод пагроз, аднесенымі экспэртамі да ліку ўмераных, пагаршэньне якіх, тым ня менш, імавернае: эскаляцыя грамадзянскай вайны ў Сырыі, выкліканая ўзмацненьнем зьнешняй падтрымкі ваюючых бакоў, уключна з ваеннай інтэрвэнцыяй зьнешніх сіл.