Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цялесныя пакараньні, злачынствы і бабская балбатня


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Кажуць, што ўсе бацькі жадаюць дабра і шчасьця сваім дзецям. Толькі ёсьць у гэтай ідэі два падводныя камяні — уяўленьні пра дабро ў людзей бываюць супрацьлеглыя, і часам дабра жадаюць толькі ўласным дзецям.

Але мы, вядома ж, сучасныя і прагрэсіўныя, мы прытрымліваемся правільнай этыкі, наша хата ня з краю, і клапоцімся мы ня толькі пра «сваіх», але і пра «чужых». Мы будзем ня толькі вучыць дзяцей адстойваць свае правы, але і патлумачым, што чужыя межы пераходзіць нельга.

Мы раскажам ім, што яны ніколі не павінны зьдзекавацца зь іншых, заўжды мусяць думаць самастойна і не паддавацца на маніпуляцыі навакольных. Раскажам, што ў падлеткавым узросьце будзе вельмі цяжка супрацьстаяць сяброўкам, сябрам і самім сабе, бо жаданьняў будзе невымерна шмат, а магчымасьцяў надта не паболее. Раскажам, што не заўжды дарослыя бываюць шчырымі і справядлівымі, і што яны часта хлусяць. Раскажам, што сьвет несправядлівы, і што калі з чалавекам здараецца кепскае — гэта ня значыць, што ён гэтага заслугоўвае. І, вядома ж, раскажам, што абапірацца ў рашэньнях трэба на лёгіку і гуманнасьць, а не фізычную моц.

7,9% дарослых упэўнены ў неабходнасьці так званых цялесных пакараньняў, то бок б’юць дзяцей, абапіраючыся на пэўную ідэалягічную базу.

На жаль, сёньняшнія сярэднестатыстычныя беларускія бацькі выхоўваюць дзяцей інакш. Апытаньне 2014 году паказала, што 64,5% дзяцей выхоўваюцца з выкарыстаньнем гвалтоўных мэтадаў (іх б’юць, прыніжаюць словамі), і што 7,9% дарослых упэўнены ў неабходнасьці так званых цялесных пакараньняў, то бок б’юць дзяцей, абапіраючыся на пэўную ідэалягічную базу.

Але давайце зноўку ж называць рэчы сваімі імёнамі: так званыя цялесныя пакараньні — ні што іншае, як парушэньне Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь альбо Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях. І бацькі, якія б’юць сваіх дзяцей, дэманструюць жудасную ідэю, што праўда на баку тых, хто мацнейшы фізычна.

Наступствы такога выхаваньня вельмі адрозьніваюцца ў залежнасьці ад таго, выхоўвалі хлопчыка ці дзяўчынку, бо ідэалягічны кантэкст вельмі розны. Паралельна зь біцьцём хлопчыкаў традыцыйна вучаць, што яны павінны быць моцнымі, дабівацца свайго і не баяцца перашкодаў. Дзяўчынкам жа плянамерна тлумачаць, што яны мусяць быць спакойнымі і пакорлівымі, павінны слухацца і паводзіць сябе прыгожа.

Дзеці вырастаюць, і большая іх частка працягвае ланцуг гвалту, распаўсюджваючы яго ня толькі на ўласных дзяцей, але і на іншых навакольных.

А потым гэтыя дзеці вырастаюць, і большая іх частка працягвае ланцуг гвалту, распаўсюджваючы яго ня толькі на ўласных дзяцей, але і на іншых навакольных. У абсалютнай большасьці выпадкаў на тых, хто слабейшы. Іх жа так вучылі: хто мацнейшы (ці прынамсі лічыць сябе мацнейшым), той і мае рацыю. У выніку жанчыны зрываюцца амаль выключна на дзецях, а мужчыны — на дзецях, жанчынах і слабейшых мужчынах.

Некаторыя ж нават не зрываюцца, а прымяняюць гвалт прадумана і рацыянальна — у якасьці тлумачэньня ці пакараньня. Яны ня ўмеюць выбудоўваць партнэрскія стасункі і разумеюць толькі мову сілы. Яны поўняцца нянавісьцю да навакольных, якія збольшага «няправільныя» і «недасканалыя» і насалоджваюцца гэтай нянавісьцю, бо яна дае ім нібыта легітымную магчымасьць парушаць прынятыя законам (не кажу нават пра маральны бок пытаньня) нормы.

Патрыярхальнае ж выхаваньне грунтуецца акурат на гэтым парушэньні межаў — калі не фізычным, дык псыхалягічным.

Безумоўна, сярод злачынцаў ёсьць і тыя, хто вырас у сем’ях з высокім узроўнем эмпатыі ў камунікацыі і з гуманнымі мэтадамі выхаваньня, але значна больш шансаў стаць злачынцамі ў тых, для каго парушэньне чужых межаў — норма ці нават неабходнасьць. Патрыярхальнае ж выхаваньне грунтуецца акурат на гэтым парушэньні межаў — калі не фізычным, дык псыхалягічным. Няпрошаныя парады, патрабаваньні «быць як усе людзі» і празьмерна клапаціцца пра тое, што падумаюць навакольныя, абвінавачваньні ў татальным эгаізме пры адмове імкнуцца да створанага масавай сьвядомасьцю ідэала. І пакуль патрыярхальная сыстэма выхоўвае «сапраўдных мужчын» і «сапраўдных жанчын», яна на самой справе стварае паталягічных агрэсараў і ахвяраў.

Амаль 85% ўсіх злачынстваў у Беларусі ўчыняюць мужчыны, і гэта не выпадковасьць, а заканамернасьць. Бо як паводзіць сябе сапраўдны мужчына? Ён дабіваецца свайго. А ўсе гэтыя размовы пра прымальныя мэтады, базавыя каштоўнасьці і павагу да законаў — «бабская балбатня», ня вартая ўвагі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG