— Чаму мне наагул трэба імі цікавіцца? Я не ў Амэрыцы жыву.
ЗША — гэта найбуйнейшая эканоміка сьвету (паводле намінальнага ВУП) і адна з самых уплывовых дзяржаваў плянэты. Амэрыканскі даляр — дэ-факта сусьветная міжнародная валюта.
Зьмена прэзыдэнта і рэзкія зьнешнепалітычныя (ці нават унутраныя — памятаеце крызіс 2007-08 гадоў?) зьмены адаб’юцца на вельмі многіх краінах.
— У ЗША функцыянуе дэмакратыя, нават дзеяньні самага адарванага прэзыдэнта потым кампэнсуюць іншыя галіны ўлады. Якая розьніца: Клінтан, Трамп або нехта яшчэ?
Нягледзячы на балянс галін улады ў ЗША, паўнамоцтвы прэзыдэнта ўсё-такі дастаткова вялікія. Ён можа ў выключных выпадках выдаваць распараджэньні (executive order), якія маюць сілу законаў. Прэзыдэнт ня можа аб’яўляць вайну без ухваленьня Кангрэсу, але можа накіроўваць войскі ў іншыя краіны (так адбывалася, напрыклад, у Віетнаме і ў Карэі).
— Добра, дык што там з выбарамі? Калі будзе зразумела, хто перамог?
Выбары ўжо пачаліся, вынікі зьявяцца бліжэй да раніцы 9 лістапада паводле менскага часу. За ходам галасаваньня можна сачыць анлайн на нашым сайце ад 21-й гадзіны менскага часу сёньня.
— Дык хто выйграе?
Паводле апытаньняў, зь невялікім перавагай лідзіруе кандыдат ад дэмакратаў Гілары Клінтан, хоць у некаторых іншых апытаньнях рэй вядзе кандыдат ад рэспубліканцаў Доналд Трамп і зноў жа зь невялікім адрывам.
Згодна з мадэльлю папулярнага аналітыка Нэйта Сільвера на сайце FiveThirtyEight (мадэль выкарыстоўвае вынікі адразу па многіх апытаньняў), шанец выйграць у Клінтан значна вышэйшы, чым у Трампа — 71,6% супраць 28,4%.
У выбарах удзельнічаюць таксама незалежныя кандыдаты, якія не належаць да дзьвюх найбуйнейшых партыяў, але шанцы на перамогу іх мізэрныя.
— А праўда, што ў ЗША можна набраць большасьць галасоў выбарнікаў і ўсё роўна прайграць?
Так, праз сыстэму непрамых выбараў гэтак, напрыклад, абралі Буша ў 2000 годзе. Вось тут пра выбарчую сыстэму ЗША ў дэталях.
Таму зусім ужо афіцыйна вынікі будуць вядомыя пасьля галасаваньня калегіі электараў у сьнежні і падліку галасоў кангрэсам у студзені.
Інаўгурацыя прэзыдэнта пройдзе 20 студзеня 2017 году.
— Што будзе, калі кандыдаты набяруць аднолькавую колькасьць галасоў?
Калі кожны з прэтэндэнтаў набярэ па 269 галасоў электараў, то прэзыдэнта абярэ Палата прадстаўнікоў, а віцэ-прэзыдэнта — Сэнат.