Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекар, чыю кватэру штурмаваў АМАП, абскардзіў адмову ў крымінальнай справе супраць сілавікоў


Дзьмітры Серада
Дзьмітры Серада

Пэдыятар зь Менску Дзьмітры Серада, кватэру якога штурмаваў АМАП, абскардзіў адмову ў завядзеньні крымінальнай справы ў дачыненьні да сілавікоў, паведамляе «Вясна».

4 жніўня 2016 году супрацоўнікі праваахоўных органаў уварваліся ў кватэру Дзьмітрыя і ягонай сям’і, зьбівалі затрыманага дома і даставіўшы ў РУУС.

Праз два месяцы пасьля налёту ў адказ на сваю скаргу на неправамерныя дзеяньні з боку супрацоўнікаў АМАПу і опэрупаўнаважаных работнікаў міліцыі заяўнік атрымаў пастанову аб адмове ў завядзеньні крымінальнай справы з подпісам сьледчага аддзелу расьсьледаваньня злачынстваў супраць інтарэсаў службы УСК па горадзе Мінску А. В. Супічэнкі.

Серада зьвяртае ўвагу, што, у адпаведнасьці з заключэньнем судова-мэдыцынскай экспэртызы ад 14 верасьня 2016 году, пры аглядзе ў яго былі выяўленыя цялесныя пашкоджаньні ў выглядзе сінякоў у лобнай вобласьці, на правай бакавой вобласьці жывата, на задняй паверхні левага перадплечча, у праекцыі ўнутранай шчыкалаткі левай галёнкі; ранкі на пярэдняй паверхні правай галёнкі ў верхняй траціне.

Аднак заяўнік у сваёй скарзе падкрэсьлівае:

«Паводле тлумачэньняў апытаных супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, ніхто з іх мяне ня біў; фізычная сіла была ўжытая ў выглядзе загінаньня рукі за сьпіну. Былі ўжытыя спэцыяльныя сродкі — кайданкі».

Серада адзначае, што такія высновы праведзенай праверкі супярэчлівыя, а названыя супярэчнасьці не ліквідаваныя асобай, якая праводзіла праверку. Больш за тое, сьледчы няправільна ацаніў iншыя, акрамя нанясеньня пабояў, дзеяньні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў як законныя і абгрунтаваныя.

«Думаю, што ў дзеяньнях супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія затрымлівалі мяне і зьбівалі, маецца склад злачынства, адказнасьць за якое вызначана ч.3 арт. 426 КК», — піша Серада ў сваёй скарзе і просіць адмяніць пастанову аб адмове ў завядзеньні крымінальнай справы і правесьці дадатковую праверку.

Юрыст «Вясны» Павел Сапелка падкрэсьлівае, што падстаў для ўжываньня фізычнай сілы і спэцыяльных сродкаў у гэтым выпадку не было:

Павел Сапелка
Павел Сапелка

«Ніякіх спробаў затрымаць Дзьмітрыя Сераду і даставіць да месца вядзеньня крымінальнага працэсу не рабілася; ён не судзімы, мае пастаяннае месца працы і жыхарства. Злачынства, ва ўчыненьні якога яго падазравалі, не ўяўляе вялікай грамадзкай небясьпекі, не носіць гвалтоўнага характару. Такім чынам, супрацоўнікі органаў унутраных спраў відавочна перавысілі свае паўнамоцтвы, ужылі фізычную сілу і спэцсродкі не ў мэтах, указаных у законе, а ў мэтах паказаць сваю фізычную і ўладную перавагу; зьняважыць і запалохаць яго, зламаць волю затрыманага да правядзеньня сьледчых дзеяньняў».

Акрамя таго, Дзьмітры Серада паскардзіўся начальніку ўпраўленьня Сьледчага камітэта і на адмову сьледчага Супічэнкі А. В. у азнаямленьні з матэрыяламі праверкі па яго заяве. Сьледчы спаслаўся на тое, што нібыта заканадаўствам такой магчымасьці не прадугледжана. Дзьмітры Серада лічыць, што такое рашэньне парушае ягоныя правы і перашкаджае паўнавартаснай абароне законных інтарэсаў. Таму заяўнік просіць прызнаць такую забарону незаконнай і абавязаць сьледчага прад’явіць матэрыялы праверкі для азнаямленьня.

«Публічнасьць і грамадзкае абмеркаваньне — гэта ўсё, чаго баяцца сілавікі ўсіх узроўняў. Выявілася гэта з сустрэчы з генэралам: „Навошта вам журналісты? Што вы палітыку разводзіце!“. А потым і на сустрэчы са сьледчым па асабліва важных справах УСК капітанам юстыцыі А. В. Супічэнкам, які пры перадачы мне копіі пастановы аб адмове ў завядзеньні крымінальнай справы сказаў: „Вы ж разумееце, што гэты дакумэнт для вузкага кола карыстаньня? Я вас папярэдзіў“. На пытаньне, у якім законе гэта прапісана, адказу не было», — сказаў Дзьмітры Серада.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG