Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвясьціць свабоду і пакаяцца. Пра што казалі б вядомыя беларусы на Ўсебеларускім сходзе?


ІV Усебеларускі народны сход, 6 сьнежня 2010 году
ІV Усебеларускі народны сход, 6 сьнежня 2010 году

22 чэрвеня ў Менску пачынаецца V Усебеларускі народны сход. Форум пройдзе ў вялікай залі Палацу Рэспублікі.

Свабода спытала ў вядомых беларусаў, аб чым яны гаварылі б, калі б у іх зьявілася магчымасьць выступіць з трыбуны Ўсебеларускага народнага сходу?

Павал Севярынец прапанаваў бы пакаяцца

Сустаршыня аргкамітэту па стварэньню партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец на Ўсебеларускім народным сходзе прапанаваў бы кіраўніцтву краіны пакаяцца і сысьці:

Павал Севярынец
Павал Севярынец

«Дэлегатам і Лукашэнку трэба было б сказаць праўду пра тое, што пад кіраўніцтвам сёньняшняга рэжыму Беларусь узьведзена да ўзроўню местачковай дыктатуры, пра тое, што разбурана беларуская нацыянальная школа, і пра тое, што даведзена да ручкі беларуская эканоміка. Самым лепшым выхадам для сёньняшняга рэжыму было б публічнае пакаяньне лідэраў, пачынаючы з Лукашэнкі, сыход у адстаўку і пастанова не перашкаджаць беларусам будаваць сваё жыцьцё так, як яны гэта бачаць. Такім чынам канстатацыя фактаў, заклік да пакаяньня і прапанова проста сысьці — тры пункты», — кажа ён.

Сяргей Харэўскі паставіў бы пытаньне пра тэлебачаньне

Мастацтвазнаўца і культуроляг Сяргей Харэўскі казаў бы на Ўсебеларускім народным сходзе пра «беларушчыну»:

Сяргей Харэўскі
Сяргей Харэўскі

«Я б паставіў пытаньне рубам адносна беларускага тэлебачаньня, якое не вытрымлівае ніякай крытыкі ані ў сэнсе кантэнту, ані ў сэнсе творчасьці. Гэта абсалютна правінцыйны набор абсалютна непатрэбных рэчаў, і я ня ведаю, навошта за наш кошт утрымліваць такую махіну. Пры тым што 99% усяго там ідзе не беларускага і не па-беларуску. Няма наогул ніводнага беларускамоўнага каналу. Таму трэба паставіць пытаньне пра стварэньне нармальнага беларускага тэлебачаньня», — падкрэсьліў ён.

Харэўскі кажа, што таксама трэба паставіць пытаньне пра раённыя і абласныя газэты, каб яны выходзілі па-беларуску.

«90% з нашых раёнак выходзяць па-расейску, і ад Беларусі там хіба толькі шапкі засталіся, русыфікацыя набірае абароты. Тое самае тычыцца і афіцыйных інтэрнэт-рэсурсаў — 90%, калі ня больш, дзяржаўных парталаў ня маюць ніякіх беларускіх вэрсій. Гэта ўсё недапушчальна. Бо менавіта там пасьвяцца моладзь, падлеткі, яны спажываюць гэта расейскамоўнае тэлебачаньне, якое стала для іх крыніцай папаўненьня слоўнага запасу, яны глядзяць гэтыя сайты, дзе ні слова па-беларуску», — кажа ён.

Харэўскі таксама лічыць важным узьняць пытаньне аб пашырэньні выкладаньня школьных прадметаў на беларускай мове.

«Без усяго гэтага пэрспэктывы беларускай дзяржаўнасьці выглядаюць вельмі няпэўна. Бо вядома, што галоўнай абаронцай межаў, нашай культуры і ідэнтычнасьці, ёсьць мова», — ўпэўнены ён.

Уладзімер Колас казаў бы пра справядлівыя выбары

Старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Ўладзімер Колас кажа, што нават калі б яму прапанавалі выступіць на Ўсебеларускім народным сходзе, ён усё роўна б не пагадзіўся.

Уладзімер Колас
Уладзімер Колас

«Выступаць у такіх мерапрыемствах — гэта значыць пацьвярджаць іх легітымнасьць, а ад самага пачатку па сваёй сутнасьці гэта мерапрыемства зьяўляецца ўсеагульнай імітацыяй удзелу народу ў кіраваньні дзяржавай. Таму выступаць на такім мерапрыемстве, я лічу, ня трэба», — кажа ён.

Але, у прынцыпе, на такога кшталту мерапрыемствах трэба казаць шмат пра якія праблемы, лічыць Колас.

«На такога кшталту мерапрыемствах трэба казаць пра вырашэньне праблем, якія даўно стаяць перад нашай дзяржавай. Гэта нармалізацыя сытуацыі ў краіне, сапраўдны ўдзел грамадзтва ў вырашэньні ўсіх агульнанацыянальных праблемаў, справядлівыя выбары, дэмакратызацыя, рынкавыя рэформы. Карацей, усё тое, пра што мы ўжо даўно кажам. Але перад усім — гэта справядлівыя выбары. У першую чаргу — у беларускі парлямэнт. А наагул — такія сходы варта было б праводзіць, але для таго, каб гэта быў сапраўды народны сход, дэлегаты на яго павінны таксама абірацца дэмакратычна, адкрыта і празрыста», — адзначае ён.

Леанід Заіка абвясьціў бы рэвалюцыю маёмасьці

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка падчас Усебеларускага народнага сходу абвясьціў бы рэвалюцыю маёмасьці і эканамічную свабоду.

Леанід Заіка
Леанід Заіка

«Я б сказаў: дарагія сябры, мы пакуль знаходзімся ў крызісным стане. Мы зараз жа павінны заняцца адборам самых разумных і таленавітых маладых людзей у наш урад. Нам патрэбна 100 новых чалавек у кіраўніцтва краіны, па 30 новых чалавек у рэгіёны, а займацца гэтым адборам павінны лепшыя навукоўцы і псыхолягі краіны.

Па-другое, у Беларусі павінна адбыцца рэвалюцыя маёмасьці. Мы будзем стымуляваць і разьвіваць прыватную ўласнасьць на ўласнай аснове. Ніякай прыватызацыі вялікіх прадпрыемстваў, мы проста павінны стаць на калені перад нашым народам і прасіць: сябры, рабіце свае прадпрыемства, мы адкрываем для вас усе магчымасьці.

І апошняе: ў Беларусі трэба абвясьціць эканамічную свабоду для ўсіх, каб мы былі краінай з самай высокай эканамічнай свабодай у Эўропе. У нас будзе свабодная краіна, і гарантам гэтай свабоды павінен стаць прэзыдэнт», — кажа эканаміст.

Аляксандар Ярашук патрабаваў бы рэформаў

Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук кажа, што такія «парадныя мерапрыемствы» як Усебеларускі народны сход ніколі і нідзе не вырашалі ніякіх праблем, таму сэнсу ў іх няма.

Аляксандар Ярашук
Аляксандар Ярашук

«Іх ня трэба зьбіраць. Гэта ўсё прафанацыя. Трэба казаць, што краіна знаходзіцца ў сыстэмным крызысе. Нам неабходна карэнная мадэрнізацыя ўсёй краіны, сыстэмныя рэформы ва ўсіх сфэрах жыцьця», — падкрэсьлівае ён.

Але нават тыя ўдзельнікі сходу, хто разумее ўсё гэта, будуць маўчаць, лічыць Ярашук.

«Усе цудоўна разумеюць, што ніякага дачыненьня да сапраўднай дэмакратыі гэта ня мае. Гэта ўсё дэкарацыі, гэта ўсё нагадвае кепскі спэктакль кепскага рэжысэра. Насамрэч пакуль у нас такія мерапрыемствы будуць ладзіцца, то напэўна не выпадае разьлічваць на тое, што нешта істотна ў краіне памяняецца — ні з пункту гледжаньня палітыкі, ні з пункту гледжаньня эканомікі, ні з пункту гледжаньня нацыянальных пэрспэктыў. Мы будзем і далей цягнуць сваю сумную, савецкую гісторыю таталітарнай дзяржавы, дзе ня можа быць месца для росквіту нацыі і годнага жыцьця людзей», — кажа ён.

Алег Трусаў казаў бы пра культуру і мову

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў казаў бы на Ўсебеларускім народным сходзе пра неабходнасьць падтрымкі беларускай мовы і культуры.

Алег Трусаў
Алег Трусаў

«Я б зьвярнуў увагу на культуру, каб далі на культуру ня менш за 2% бюджэтных сродкаў у год. Па-другое, зьвярнуў увагу на мову. Калі гэты сход ня будзе на мове гаварыць, то нічым добрым гэта для нас ня скончыцца. Культура і мова — гэта аснова любой цывілізацыі», — адзначыў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG