Фібулы, скураныя торбы, шалбэркі, залітыя воскам цэры, макатры, акарыны і дрэварыты — гістарычныя сувэніры цяпер можа набыць кожны. Знайсьці рамесьніцкія вырабы магчыма ў этнакрамах і сувэнірных лаўках. Найвялікшы ж выбар гістарычных рэчаў дэманструецца на фэстах сярэднявечнай культуры, на якіх неаднойчы пабывала наша аўтарка Яна Шыдлоўская.
1. Фібулы, пацеркі, пярсьцёнкі
Фэсты сярэднявечнай культуры застаюцца прыцягальным месцам для ювэліраў і аматараў біжутэрыі. Там заўсёды можна знайсьці пацеркі, падвескі, скураныя пасы, аздобленыя каменьчыкамі альбо ўзорамі, жаночыя і мужчынскія бранзалеты і пярсьцёнкі. Вялікім попытам сярод удзельнікаў і наведвальнікаў карыстаюцца фібулы — мэталічныя зашпількі для адзеньня, вядомыя яшчэ з бронзавага веку.
Круглыя, у выглядзе дугі, зьмяі, птушкі ці арбалета, іх вырабляюць з бронзы, медзі і срэбра. Падчас фэстаў фібулы аздабляюць сярэднявечны строй удзельнікаў, а ў паўсядзённым жыцьці могуць стаць выдатнай заменай брошкам — фібулу носяць з шалікам, тунікай, кашуляй, паліто. Шукаюць на фэстах і пасавую фурнітуру — адлітыя з мэталю спражкі і хваставікі.
2. Цэра, альбо васковая таблічка
Зручнымі і даўгавечнымі васковымі таблічкамі ў Эўропе карысталіся амаль да паловы ХІХ стагодзьдзя, хаця першая яе знаходка датуецца далёкім VII стагодзьдзем да н.э. Корпус цэры вырабляўся пераважна з дрэва, а ва ўнутраныя паглыбленьні заліваўся воск. На ім пісалі вострай мэталічнай, драўлянай ці касьцяной палачкай, альбо стылетам, адваротны бок якой быў зроблены ў выглядзе лапаткі. З яе дапамогай было вельмі лёгка сьцерці напісанае і доўгі час карыстацца таблічкай. У цэры запісвалі важныя і тэрміновыя справы, рабілі нататкі, іх ужывалі для падліку грошай і велічынь — перадусім у гандлі. Таблічкі маглі мець некалькі разваротаў. Закрытыя пячаткай, яны несьлі ў сабе тэстамэнт ці сакрэтнае паведамленьне. Вокладка таблічак аздаблялася разьбой.
Карыстацца цэрамі можна і ў сучасных умовах. Да прыкладу, некаторыя эўрапейскія рэстарацыі ўжываюць васковыя таблічкі вялікіх памераў у якасьці мэню. З цэры можа атрымацца практычны нататнік альбо незвычайная забаўка для дзяцей.
3. Торбы, сумкі і шалбэркі
На фэстах сярэднявечнай культуры абавязкова прысутнічаюць шаўцы. Сярод іх вырабаў асаблівай увагай карыстаюцца сумкі — па-за фэстывальнымі межамі скураныя элемэнты ў вобразе чалавека выглядаюць высакародна і вытанчана. Гэта могуць быць торбы, пашытыя са скуры каровы ці казы — як і ў ранейшыя часы скура хатняй жывёлы застаецца самай даступнай, якую прасьцей вырабіць самому. У залежнасьці ад спосабу гарбаваньня, скура можа застацца грубай альбо стаць надзвычай далікатнай. Часьцей сустракаецца скура натуральнага колеру — розныя адценьні карычневага. Радзей — фарбаваная, прывазная. Фарбавалі скуру пераважна для шляхты, бо працэс гэты быў працаёмкім, брудным і дарагім. У гарадах для вырабы скуры існавалі асобныя кварталы, пасьля гарбаваньня і афарбоўкі скура трапляла да шаўцоў.
Сярод мноства прапаноў на фэстах сустракаюцца дакладныя копіі торбаў і сумак, якія насілі на пэўнай тэрыторыі. Аднак часьцей майстар бярэ за аснову сярэднявечную ідэю і, ужываючы старыя тэхналёгіі і формы, перарабляе яе на сучасны лад. Так, у даўнія часы сумкі насіліся пераважна праз пас. Цяпер мода на пасавыя сумкі адышла, і майстры аддаюць перавагу мадэлям праз плячо. Памер таксама адыгрывае ролю. З шалбэркамі — маленькімі, з дзьве далоні торбачкамі — часьцей хадзілі мужчыны, складваючы туды тытунь і розныя дробязі. Жанчыну часьцей можна было ўбачыць з сухаркай — вялікай торбай праз плячо.
4. Пасы, ваўняныя пальчаткі, сукенкі і кашулі
Строй, пашыты па старажытных фасонах, з аўтэнтычнымі элемэнтамі аздобы, у сучасным жыцьці можа выглядаць досыць арыгінальна. Верхняе адзеньне, сукенка ці кашуля з лёну і бавоўны, распаўсюджаная на пэўнай тэрыторыі ў пэўны час, мае шансы стаць пэрлінай асабістага гардэробу. Вельмі распаўсюджаным падарункам лічацца шапачкі, пашытыя з ільну альбо вязаныя касьцяной іглой. Гэтым старажытным спосабам вязаньня магчыма стварыць абмежаваную колькасьць рэчаў — шапачкі, пальчаткі, рукавіцы, кароткія і доўгія шкарпэткі, вельмі носкія і практычныя.
Фрагмэнты такіх убораў, дарэчы, былі знойдзеныя археолягамі ў Берасьці, Полацку і Віцебску. Можна разгледзець прапановы і ад стваральнікаў пасаў. Існуе шэраг прыладаў для іх вырабу. Самы распаўсюджаны — ткацкі станок з дошчачкамі. Шырынёю ў два-тры сантымэтры, з аўтэнтычнымі або аўтарскімі ўзорамі, рознай каляровай гамы, пасы дапоўняць сучасны строй і будуць добрым падарункам.
5. Дрэварыт
Дрэварытам называлі гравюру на дрэве. У Беларусі гэтая тэхніка была пашыраная ў 16-17 стагодзьдзях. Найбольш прыдатным матэрыялам для дрэварыту лічыцца груша, шчыльнае і цьвёрдае дрэва якой лёгка апрацоўваць. Малюнак альбо тэкст выразалі адмысловымі ножыкамі на падоўжным сьпіле дрэва, пакрывалі фарбай і рабілі адбітак на паперы. Выразаны, альбо высокі малюнак адбіваўся колерам, пакінутыя паглыбленьні заставаліся белымі. Клясычныя колеры дрэварыту — чорны і белы. Малюнак пакрывалі чорнай друкарскай фарбай на аснове варанага льнянога масла. Калі дадаць у фарбу іншы пігмэнт, дрэварыт можа атрымацца рознакаляровым.
Зроблены на шчыльнай паперы, дрэварыт можа быць паштоўкай. Выразны малюнак на больш мяккай паперы можа быць добрай аздобай для сьцен. Памеры дрэварыту могуць быць самымі разнастайнымі, аднак сувэнірны фармат звычайна адносна невялікі.
6. Ад сьвістулькі да дуды
Добрым гістарычным сувэнірам будзе музычны інструмэнт. Самы просты — керамічную сьвістульку ў выглядзе птушачкі ці жывёлы — з дапамогаю майстра можна зрабіць самастойна. Акарына — больш складаны старажытны духавы музычны інструмэнт, які таксама вырабляецца з гліны. Маючы адносна невялікія памеры, акарына можа выкарыстоўвацца і як падвеска. Ёсьць яшчэ і варган — адзін з самых старажытных інструмэнтаў у сьвеце. Мэталічны, драўляны альбо з косьці, варган прыкладваюць да зубоў ці вуснаў. Гучаньне інструмэнта, своеасаблівае і спружыністае, залежыць ад артыкуляцыі рота і дыханьня. Папулярныя сярод наведвальнікаў і розных памераў дудкі, і абцягнутыя скурай ягняці барабанчыкі. На беларускіх фэстах можна пачуць гукі дуды, гусьляў, флейты, лютні і ліры.
7. Гаршчкі, міскі і латкі
У ХІ-ХІІІ стагодзьдзях на нашых землях былі распаўсюджаныя гліняныя гаршчкі, міскі, латкі, аздобленыя арнамэнтам у выглядзе хваляў, палосаў, насечак.
Пазьней на кухнях ужывалі рынкі, макатры. У часы сярэднявечча вельмі папулярным матэрыялам было дрэва. Сталовы і бандарны драўляны посуд робяць і цяпер. Даступным сувэнірам будзе драўляная лыжка, талерка ці кубак, а больш дарагім — бочка для сала ці віна. Некаторыя майстры аддаюць перавагу косьці — рогу ці трубчатым косткам дзікіх жывёл. Майстры аднавілі тэхналёгію вырабу касьцяных грабеньчыкаў, расчосак, нацельных абразкоў, цацачных фігурак, рагоў для пітва.
8. Старажытная мэбля
Прыхільнікі стылю лофт у інтэр’еры — не апошнія наведвальнікі фэстаў сярэднявечнай культуры. У гэтую стылістыку афармленьня ўдала ўпісваюцца самаробныя і самабытныя рэчы, якія можна адшукаць на імпрэзе або замовіць у майстра. Мэбля з дуба і ясеня мае адметны і высакародны выгляд. Лавы, сталы, шафы, зэдлікі становяцца аздабленьнем кухні, гасьцявога пакою, альтанкі ці лазьні. Вельмі часта майстры спалучаюць этнаграфічны стыль і сучасныя элемэнты. Не дакладная копія, а яе пераасэнсаваньне робіць мэблю больш зручнай для сучаснага карыстаньня. Драўляная канапа лічыцца клясычным прадметам мэблі на швэдзкай кухні. У нас найбольш пазнавальны прадмет — куфар. Дарэчы, цяпер назіраецца тэндэнцыя па яго адраджэньні і выкарыстаньні ў афармленьні памяшканьня. Вядома, ён не губляе сваёй функцыі — у ім па-ранейшаму можна захоўваць адзеньне, бялізну, кнігі, інструмэнты. Расьпісаныя фантазійна ці на падставе этнаграфіі, куфры надаюць памяшканьню незвычайны калярыт.
Яна Шыдлоўская для Радыё Свабода