Гісторык Андрэй Вашкевіч разам з калегамі склаў мапу Горадні, пазначыўшы неафіцыйныя назвы, якія часткі гораду насілі ў 1960–70-я гады.
Вашкевіч не сумняецца, што падобнае нефармальнае раянаваньне існавала і ў ранейшыя часы. Але адмысловых мапаў ніхто не складаў, і зьвесткі пра тое, як называўся той ці іншы раён гораду, скажам, у ХІХ стагодзьдзі, да нас не дайшлі — бо тое, што не занатавана, звычайна адыходзіць разам зь людзьмі, якія гэта памятаюць.
«Гістарычна» мапу аднесьлі да пэрыяду 60–70-х гадоў мінулага стагодзьдзя, але Вашкевіч кажа, што гэта даволі ўмоўна — на ёй ёсьць тапонімы і 50-х гадоў, і ранейшыя, і пазьнейшыя. Дый межаў дакладных ніхто на мапе не праводзіў. Як цікавы факт гісторык адзначае, што ў розных раёнах гораду і гаварылі па-рознаму.
«Ну вось, да прыкладу, Цэнтар — тут жылі пераважна чыноўнікі і прыежджыя, як правіла, расейскамоўныя, — распавядае Андрэй Вашкевіч. — А вось на Пярэселцы альбо Палестыне жылі пераважна заселеныя напярэдадні вайны ці пасьля вайны з навакольляў. Гэта, як правіла, людзі з каталіцкіх рэгіёнаў — зь іх вуснаў гучала польская і беларуская мова. А вось у Шанхаі, на Маслабазе жылі ўсе спрэс, і гэта таксама адбівалася на мове. Цяпер, вядома, і блізка няма нічога падобнага ў горадзе, сёньня пануе аднастайнасьць. Але ўсё гэта варта цяпер занатаваць, пакуль людзі таго часу яшчэ жывуць».
Кожны з «народных» тапонімаў зьяўляўся не на пустым месцы — кажа Вашкевіч.
«Ёсьць тапонімы вельмі старыя, кшталту Пярэселка альбо Пагулянка. А ў нашым горадзе раён Пярэселка не такі ўжо і стары, проста існавала вёска Пярэселка, дзе цяпер праспэкт Будаўнікоў і вуліца Каліноўскага. Там дамы зносілі, і яе далучылі да гораду, — распавядае ён. — А раён Цагельня — там была яшчэ Станіславоўская цагельня (у маёнтку Станіславова. — РС), і таксама далучылі да гораду, праўда, ужо цалкам забудавалі новымі дамамі. А вось скажам, Палестына — гучыць больш экзатычна для Горадні, але мае пад сабой рэальныя падставы. Па зьвестках, там былі гароды і спартыўныя пляцоўкі габрэйскіх арганізацыяў, дзе рыхтавалі габрэйскую моладзь да выезду ў Палестыну. Дакладна вядома, што гэты тапонім існаваў яшчэ ў канцы 30-х гадоў».
Гарадзенскі Шанхай быў пасьля вайны «халупным раёнам». На вуліцы Прыгараднай яшчэ да вайны сталі зьяўляцца невялікія тэрасы, а ў пасьляваенныя гады там сяліліся ўцекачы з калгасаў, у якія савецкая ўлада заганяла сілком.
Гісторык распавядае, што «народныя» тапонімы то зьяўляюцца, то зьнікаюць.
«У вёсках гэты працэс выглядаў інакш, — кажа ён. — Шмат якія рэчы перадаваліся з пакаленьня ў пакаленьне, бо людзі жылі на адным месцы, нікуды ня зрушваліся. А вось паглядзіце ў горадзе, калі ўзяць вуліцу Паповіча, Гагарына. У пасьляваенныя гады там жыла пераважна моладзь, было шмат інтэрнатаў. А цяпер яны, можна так сказаць, і састарэліся, бо там жывуць пераважна пэнсіянэры. Новая моладзь, якая прыходзіць у гэтыя раёны — іншая, і нічога пра гэтыя раёны, як правіла, ня ведае. І гэта асаблівасьць гарадзкога жыцьця».
«Народныя» назвы выходзяць з ужытку часам з той прычыны, што саміх будынкаў, вуліцаў і цэлых раёнаў ужо няма.
«Ну вось, як самы яскравы тапонім — П’яны кут. Там было адразу шэсьць піўных, якія паўсталі ў пасьляваенныя гады. Гэта было знакамітае месца ў горадзе. Нават Сяргей Панізьнік, які служыў на Фолюшы, узгадвае яго ў адным са сваіх вершаў, — распавядае гісторык. — Некаторыя тапонімы перайшлі ў назвы вуліц, а некаторыя так і зьніклі. Быў такі тапонім — Мастапоезд — гэта раён, дзе жылі будаўнікі, якія рабілі Новы мост. Яшчэ да 80-х гадоў гэты тапонім ужываўся, але калі зьнесьлі іх баракі, а на тым месцы вырасьлі новыя дамы — тапонім зьнік».
«Таму вельмі важна ўсё гэта зафіксаваць і перадаць нашчадкам, бо інакш і гэта зьнікне з гісторыі гораду», — заключае гісторык Андрэй Вашкевіч.
Ён кажа, што праца над народнай мапай Горадні не завершаная, і запрашае ўсіх зацікаўленых рэдагаваць і дапаўняць яе. На думку Андрэя Вашкевіча, было б здорава, каб падобныя мапы пачалі складаць і ў іншых беларускіх гарадах і мястэчках.