У бізнэс-клюбе IMAGURU пройдзе сустрэча са Станіславам Шушкевічам на тэму «Што насамрэч стала прычынай распаду СССР». (Менск, вул. Фабрыцыюса, 4, пачатак а 19-й).
Лятучы ўнівэрсытэт і Цэнтр эўрапейскай трансфармацыі запрашаюць на цыкл публічных лекцый «Уяўляючы Беларусь: ідэі і вобразы для супольнай будучыні». Сёньня сустрэча з Уладзімірам Мацкевічам, які падзеліцца разважаньнямі пра тое, як можна думаць пра будучыню і працаваць зь ёй? (Менск, Кастрычніцкая, 16, прастора ЦЭХ, пачатак у 18:30).
У сталічнай кнігарні ЛогвінаЎ сустрэча з майстрам мастацкага перакладу, паліглётам Сяргеям Шупам. Вядоўца — Альгерд Бахарэвіч. (пр. Незалежнасьці, 37а, пачатак а 19-й).
Разьвітаньне з музычным крытыкам Вітаўтам Мартыненкам адбудзецца ў памяшканьні крэматорыя на Паўночных могілках Менска з 11.00 да 11.45.
У гісторыі
1670 — горад Ліда атрымаў самакіраваньне паводле Магдэбургскага права, прызначанае яму каралеўскім прывілеем.
1783 — указам расейскай імпэратрыцы Кацярыны ІІ Крым быў далучаны да Расеі. Датуль паўвостраў ніколі ня быў расейскім, хоць многія лічаць яго спрадвеку расейскай зямлёй. Сёньня Крым анэксаваны Расеяй у сувэрэннай Украіны.
1863 — у гэты дзень пачалося агульнае антырасейскае паўстаньне ў Менскай губэрні. Людзі паўсюдна зрывалі са сьцен партрэты імпэратара, а на дарогах зьявіліся атрады мяцежнікаў.
1919 — польскія войскі перанялі тагачасную сталіцу краю Вільню ў расейскіх бальшавікоў. У гэты ж дзень у Белавескай пушчы быў забіты апошні зубар. Сёньняшнія зубры — гэта вынік аднаўленьня папуляцыі.
2002 — пад Менскам ва ўрочышчы Курапаты, дзе несьлі кругласутачную варту абаронцы мэмарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў, згарэў вялікі вайсковы намёт, у якім начавалі валянтэры. У тую ноч у намёце былі тры чалавекі — Аляксандар Поклад, Васіль Парфянкоў і Ірына Вяткiна. Найболей пацярпеў ад пажару Поклад, якога даставілі ў рэанімацыю лякарні хуткай дапамогі. Абставіны падпалу намёту засталіся нявысьветленыя. Аднак грамадзкі ўздым у справе абароны Курапатаў пасьля гэтага пажару паступова пайшоў на спад.
У памяці
1190 — памёр Сьвятаполк Юр’евіч, князь тураўскі.
1519 — памёр Войцех Радзівіл, рэлігійны дзяяч ВКЛ, луцкі і Віленскі біскуп.
1602 — памёр Ян Абрамовіч, ваявода менскі і смаленскі, выдавец «Катэхізісу» (1598) з 300 рэлігійнымі песьнямі.
1824 — памёр Джордж Байран, ангельскі паэт.
1881 — нарадзіўся Ўсевалад Ігнатоўскі, беларускі грамадзкі дзяяч, гісторык, першы прэзыдэнт Акадэміі Навук Беларусі.
1881 — нарадзіўся Валянцін Волкаў, народны мастак БССР.
1882 — памёр Чарльз Дарвін, ангельскі прыродазнавец.
Таксама ў гэты дзень
Дзень Галакосту. Адзначаецца ў розных краінах сьвету, дзень прымеркаваны да дня пачатку паўстаньня ў варшаўскім гета у 1943-м годзе.
Цытата
Лютасьцю больш небясьпечны, чым люты драпежнік,
Зубр для людзей не страшны, не чапай — не зачэпіць,
Будзе стаяць як укопаны — пастыр на варце,
Не страпянецца, а позіркам пасьціць няспынна
I чараду, і сям’ю ў чарадзе на папасе.
Сьмелы, і ў гэтым няма яму роўнага зьвера
У сьвеце жывёльным пушчанскага нашага краю.
Стрэнеш, бывала, такога дазорцу ў дуброве,
Стоісься ў хмызе і дзякуеш богу — не згледзеў.
Мікола Гусоўскі. Песьня пра зубра.