Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мужчыны-ахвяры і жаночы крыж


Наста Захарэвіч.
Наста Захарэвіч.

Гісторыя, якая натхніла мяне на напісаньне гэтага тэксту, адбываецца не ў Беларусі, а ў Расеі, але вельмі актыўна абмяркоўваецца ў тым ліку беларускамі і беларусамі. Гісторыя трагічная і, баюся, безнадзейная.

У Казані ад інсульту памерла жанчына, і яе двухгадовы паралізаваны сын Марк, у якога цяжкая форма ДЦП, трапіў у дзіцячы дом, бо бацька ня хоча яго даглядаць. Валянтэркі шукаюць спосабы пакінуць дзіця ў сям’і, яны гатовыя знайсьці сядзелку з пражываньнем, ужо створаная суполка «дзяжурных мам», але сам бацька не выказвае вялікай зацікаўленасьці ў тым, каб хлопчык жыў дома.

Грамадзтва вельмі па-рознаму ацэньвае адны і тыя ж дзеяньні, калі іх робяць розныя асобы. Маці, якая самастойна выхоўвае дзіця, не ўспрымаецца соцыюмам як жанчына, якая пераадольвае цяжкасьці і робіць штосьці надзвычайнае. У абсалютнай большасьці выпадкаў дзіця пасьля разводу застаецца з маці, і гэта агучваецца як праблема хіба толькі ў антыфэмінісцкіх тэкстах. У той жа час інтэрнэт поўніцца артыкуламі пра тое, як пасьпяваць працаваць у дэкрэце, як трымаць кватэру ў парадку, маючы дзіця, і за кошт чаго можна (ці трэба?) выкройваць час на манікюр. Па змоўчаньні лічыцца, што жанчына можа ўсё, і што гэта — проста.

Калі ж гутарка заходзіць пра мужчыну, то нават раўназначны з былой жонкай удзел у выхаваньні дзіцяці пасьля разводу разглядаецца як геройства.

Калі ж гутарка заходзіць пра мужчыну, то нават раўназначны з былой жонкай удзел у выхаваньні дзіцяці пасьля разводу разглядаецца як геройства. Бабуля нядаўна расказвала мне пра свайго былога суседа, які пасьля сьмерці жонкі ня кінуў дачку, а «гадаваў яе, як умеў, і нават супы навучыўся варыць». Гэты мужчына ў яе вачах — сапраўдны герой, які зрабіў насамрэч абсалютна натуральны ўчынак — стаў выконваць свае бацькоўскія абавязкі. Дзяўчынка была здаровай, умоўна пасьпяховай і не патрабавала нейкіх асаблівых высілкаў, акрамя тых, што патрабуе сярэднестатыстычнае дзіця. То бок мужчына стаў жыць жыцьцём, якім жывуць тысячы беларускіх жанчын, і якое ня лічыцца ў большасьці выпадку чымсьці незвычайным.

Ёсьць трапны выраз, які чамусьці нярэдка ўспрымаюць як жарт: «Калі маці сядзіць зь дзіцём тры гады, то яна нічога ня робіць, а калі бацька сядзіць зь дзіцём пятнаццаць хвілін, то ён невымерна стамляецца».

Для таго, каб праблема стала заўважнай, яна павінна стаць мужчынскай. Артыкул расейскага журналіста Рамана Супера аб тым, як ён застаўся сам на месяц з шасьцімесячным сынам, стаў у свой час неверагодна папулярным. Сотні, калі ня тысячы камэнтатараў на розных сайтах замілоўваліся тым, як за 30 дзён мужчына зразумеў, што «сядзець з дзіцём» — праца без выходных і ўзвыў ад невыноснасьці дня сурка. Рэдкія камэнтатаркі заўважалі, што ўсеагульнае замілаваньне не зусім зразумелае, але ім збольшага ў рэзкай форме казалі пра адсутнасьць пачуцьця гумару і, безумоўна, пра тое, што «мужыка ў цябе нармальнага не было». Пад нармальным меўся на ўвазе, канечне, такі як Раман, які можа аднойчы пагадзіцца пабыць са сваім дзіцём больш, чым пятнаццаць хвілін.

Калі ў сям’і здараецца бяда, увесь фокус увагі аказваецца на жанчынах, якія па змоўчаньні павінны даглядаць хворых дзяцей і ўласных бацькоў, а нярэдка і бацькоў мужа.

Калі ў сям’і здараецца бяда, увесь фокус увагі аказваецца на жанчынах, якія па змоўчаньні павінны даглядаць хворых дзяцей і ўласных бацькоў, а нярэдка і бацькоў мужа. У гісторыі з паралізаваным хлопчыкам і ягоным бацькам, які ня хоча ахвяраваць звыклым ладам жыцьця, валянтэрка палічыла патрэбным заўважыць у артыкуле, што даглядаць хлопчыка адмовілася бабуля і... жонка дзядзькі. І што «сядзець з хворым дзіцём бацька, вядома, ня зможа — на гэтае здольная толькі маці.» Сам дзядзька Марка, як можна здагадацца, у артыкуле ня згадваецца.

Не існуе дакладнай статыстыкі, якая б дэманстравала, які адсотак мужчын і жанчын сыходзяць з сям’і, калі ў жонкі/мужа ці дзіцяці знаходзяць анкалягічнае захворваньне альбо здараюцца іншыя сур’ёзныя праблемы са здароўем, якія вымушаюць зьмяняць лад жыцьця на доўгі час ці нават назаўжды. Але нават тая інфармацыя пра сем’і з хворымі на рак дзецьмі, якая ёсьць у адкрытым доступе, дазваляе сфармаваць пэўную карціну. І гэтая карціна прадказальная і вельмі непрыемная — жанчыны лекуюць, а мужчыны сыходзяць.

Мужчын часта апісваюць як ахвяраў абставінаў. Але варта сысьці жанчыне, як яе назавуць непаўнавартаснай.

Безумоўна, бывае інакш. Але як ставіцца грамадзтва да тых, хто сыходзіць? Мужчын часта апісваюць як ахвяраў абставінаў і кажуць, што трэба быць спагадлівымі і разумець — ня ўсе здольныя на геройства. Але варта сысьці жанчыне, як яе назавуць непаўнавартаснай, пазбаўленай мацярынскага інстынкту (якога ў людзей не існуе, як і якіх-кольвек іншых інстынктаў), калі размова ідзе пра кінутае дзіця, і мэркантыльнай і бессардэчнай, калі кінутым стаўся хворы муж. І аказваецца, што жанчына, якая даглядае хворых родных, не ўчыняе геройства, а нясе свой крыж, ад якога, безумоўна, нельга адмовіцца.

Я ня ведаю, як складзецца далейшы лёс бацькі Марка, але калі ён ня зьменіць свайго рашэньня, то самога Марка чакае адносна хуткая і вельмі балючая сьмерць у дзіцячым доме. Калі б у Марка быў выбар, ён, пэўна, абраў бы сваім бацькам героя, які б ня кінуў. Але, як кажуць, ня склалася.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG