У гэтыя дні адзначаецца 25-годзьдзе страйкаў у красавіку 1991 году, калі сотні тысячаў беларускіх рабочых выйшлі на плошчу Незалежнасьці Менску з эканамічнымі, а неўзабаве — і палітычнымі патрабаваньнямі. Натуральна, што ў многіх узьнікае пытаньне — ці магчымае сёньня хаця б прыблізнае паўтарэньне тых падзеяў.
У 1991 годзе людзей на вуліцы выводзіла гістарычна ўнікальнае і непаўторнае спалучэньне многіх прычынаў. У пратэстным руху зьядналіся палітычныя, сацыяльныя, ідэйныя і нават побытавыя матывы.
У 1991 годзе людзей на вуліцы выводзіла гістарычна ўнікальнае і непаўторнае спалучэньне многіх прычынаў. У пратэстным руху зьядналіся палітычныя, сацыяльныя, ідэйныя і нават побытавыя матывы.
Перш за ўсё, гэта быў ідэйна-палітычны пратэст. Людзі хацелі зьмены прагнілай і непапулярнай улады, свабоды выказваньняў і дзеяньняў. Многія марылі пра свой удзел у палітычным жыцьці па дэмакратычных правілах. Папулярнай была тэма барацьбы супраць карупцыі і партыйных прывілеяў, апаратчыкаў і чыноўнікаў. На той момант супраць камуністаў аб’ядналіся людзі з часам процілеглымі поглядамі — ад лібэралаў да нацыяналістаў, ад кансэрватараў да сацыял-дэмакратаў, ад левых анархістаў да рускіх чарнасоценцаў. Усе былі супраць тагачаснай улады.
Другая галоўная прычына масавых выступаў даволі традыцыйная — эканамічныя патрабаваньні. Але людзі хацелі ня толькі большых заробкаў (як хочуць усе і заўсёды), але на фоне дэфіцыту і нястачы самых элемэнтарных прадуктаў патрабавалі рынкавых адносін, поўных таварамі крамаў, магчымасьці весьці свой бізнэс — карацей, эканамічных свабодаў.
Іншы прынцыповы матыў — патрабаваньне незалежнасьці Беларусі і нацыянальнага адраджэньня. Відавочна, асобаў з нацыянальнай сьвядомасьцю, а тым больш зь незалежніцкімі памкненьнямі тады было яшчэ ня так і шмат, але яны былі авангардам, яны адукоўвалі, вялі за сабой іншых.
Пасьля 1991 году многія зь іх адышлі ад актыўнай палітычнай барацьбы — маўляў, незалежнасьць дасягнутая, а далей за паляпшэньне жыцьця няхай змагаюцца прафэсіяналы.
Яшчэ адзін чыньнік, які цалкам неактуальны цяпер — для многіх асноўная прэтэнзія да савецкай дзяржавы была ў немагчымасьці «свабоднага ўезду і выезду». Кажучы іншымі, не такімі высакамоўнымі словамі — права эміграваць. І пасьля развалу СССР многія гэтым правам скарысталіся — хто адразу ў 91-м, а хто пасьля трагічных у іх успрыняцьці падзеяў 94–96-га гадоў. На сёньня за межамі Беларусі жыве як мінімум некалькі тысяч былых сяброў БНФ — нашмат болей, чым дзейных сяброў гэтай структуры ў Беларусі.
Шмат якія матывы для пратэстных выступаў, якія былі ў 1991 годзе, сёньня альбо цалкам не актуальныя, альбо зьменшылі сваю вастрыню.
Карацей, як бачым з гэтага пераліку, шмат якія матывы для пратэстных выступаў, якія былі ў 1991 годзе, сёньня альбо цалкам не актуальныя, альбо зьменшылі сваю вастрыню. Крызісу ўлады пакуль не назіраецца, у рэальную пагрозу незалежнасьці вераць зусім ня многія, эканамічны крызіс выводзіць людзей не на вуліцы, а за межы Беларусі.
Да таго ж савецкія грамадзяне мелі высокую плянку надзеі — здавалася, зьменіцца ўлада, і адразу надыдзе прыстойнае і заможнае, «цывілізаванае» жыцьцё. На сёньня многія ня бачаць ніякіх пэрспэктываў і неабходнасьці ў вулічным змаганьні, ня вераць, што ад гэтага нешта зьменіцца.
Калі ж казаць выключна пра рабочы рух, то і тут шмат чаго зьмянілася. Перш за ўсё, ад 1991 году рабочых у Беларусі стала проста колькасна нашмат меней. Дакладную статыстыку цяжка знайсьці, але відавочна, што скарачэньне рабочай клясы ў сталіцы адбылося як мінімум у 2–3 разы.
Больш за тое, зьмяніўся і якасны склад пралетарыяту. Яшчэ ў канцы 80-х на заводах па рабочых спэцыяльнасьцях часам працавалі людзі з вышэйшай адукацыяй, на «флягманах» беларускай прамысловасьці канцэнтраваўся ўвесь «цьвет» інжынэрнай думкі. За гэтыя 25 гадоў усё лепшае даўно перайшло ў прыватны сэктар, дзе больш матывацыі, але таксама і больш дысцыпліны і адказнасьці. Плюс — за гэтыя гады адбылося тое, што называецца «атамізацыяй» грамадзтва — калі людзі перастаюць адчуваць сябе прыналежнымі да нейкай прафэсійнай групы, калектыву, страчваюць пачуцьцё прафэсійнай ці карпаратыўнай (а тым больш клясавай) салідарнасьці.
Я не кажу, што сёньня немагчымы выхад на вуліцу дзясяткаў тысяч беларусаў. Магчымы. Але для гэтага павінны сысьціся адразу некалькі чыньнікаў — эканамічны крызіс, пагроза незалежнасьці, поўная дыскрэдытацыя ўлады ў вачах большасьці насельніцтва, яе крызіс і аслабленьне, радыкальнае зьмяншэньне ня толькі палітычных, але і побытавых і маёмасных правоў грамадзянаў. Улада павінна быць надта дурной і няўдалай, каб даць нам усім такі падарунак.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.