Прэсавая служба Міністэрства ўнутраных спраў пацьвердзіла зьвесткі пра завядзеньне крымінальных спраў на двух грамадзянаў Расеі і аднаго беларуса за ілжывае паведамленьне пра знаходжаньне ў рэчах бомбы падчас надгляду ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск».
«Жартаўнікам» пагражае да 5 год зьняволеньня. Затрыманыя ў аэрапорце расейцы зьмешчаныя ў ізалятар часовага ўтрыманьня, паведамілі ў МУС.
Першага з падазраваных расейцаў затрымалі 13 сакавіка. Пасажыр рэйсу Менск — Масква заявіў кантралёрам, што ў яго ў штанах знаходзіцца бомба. Інфармацыя аказалася ілжывай, а «жартаўніка» не дапусьцілі ў зону вылету і пазьней затрымалі.
Такі ж лёс напаткаў і менчука 1980 году нараджэньня, які 19 сакавіка зьбіраўся адляцець зь менскага аэрапорту. Ягоныя словы пра знаходжаньне ў багажы выбуховага прыстасаваньня былі ўспрынятыя сур’ёзна. Беларуса затрымалі і таксама завялі на яго крымінальную справу паводле артыкула аб ілжывым паведамленьні пра небясьпеку.
21 сакавіка здарэньне паўтарылася з грамадзянінам Расеі, які зьбіраўся ляцець у Кіеў і сказаў інспэктарам авіяцыйнай бясьпекі пра бомбу ў кардоннай скрыні ў багажы. Пасажыр затрыманы, на яго таксама заведзеная крымінальная справа.
МУС і адміністрацыя Нацыянальнага аэрапорту папярэдзілі пра адказнасьць за хлусьлівыя паведамленьні, якія тычацца бясьпекі палётаў.
У 2014 годзе ў Беларусі быў затрыманы грамадзянін Грузіі, які падчас палёту з Кутаісі ў Менск, паводле сьледзтва, пагражаў выбухам бомбы, каб захапіць самалёт авіякампаніі «Белавія». На сьледзтве грузін казаў, што быў нападпітку і пажартаваў. Але беларускія праваахоўнікі прыцягнулі яго да судовай адказнасьці.
Кампанія «Аб’яднаньне аэрапортаў Грузіі» на гэта заявіла, што з боку грамадзяніна Грузіі «ніякай спробы ўгону самалёта не было», перадавалі «Новости-Грузия».