Кінааповед мае надзвычай арыгінальную форму – апошнія дні Кастуся Каліноўскага перад сьмяротным пакараньнем рэканструюе тэатральная трупа, якая спрабуе асэнсаваць для сябе асобу паўстанцкага лідэра, зьвяртаючыся да дакумэнтаў эпохі ды сьведчаньняў сучасьнікаў Каліноўскага.
Ролю кіраўніка паўстаньня 1863 году выканаў у фільме актор Купалаўскага тэатру Раман Падаляка, каханую Каліноўскага – Марылю Ямант – заграла Ганна Харланчук-Южакова. Сцэнар для фільму напісаў малады гісторык і літаратар Зьміцер Кузьменка, прыкаваны да інваліднага вазка. Ён ня можа гаварыць, але шмат піша, выдаў кнігу вершаў.
Кастусь Каліноўскі – нацыянальны герой беларусаў. Царскі суд прысудзіў кіраўніка паўстаньня 1863 году да расстрэлу. Аднак вядомы сваёй жорсткасьцю ў здушэньні паўстаньня расейскі генэрал Мураўёў выказаўся за павешаньне. Кастуся Каліноўскага публічна павесілі на гандлёвым пляцы Лукішкі ў Вільні 22 сакавіка 1864 году.