Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр беларускі палітвязень часоў СССР Сяргей Ханжанкоў


Разьвітаньне зь Сяргеем Ханжанковым адбудзецца 17 сакавіка а 15-й гадзіне ў рытуальнай залі крэматорыя на Паўночных могілках Менску.

Пра сьмерць былога палітвязьня і грамадзкага актывіста Сяргея Ханжанкова Свабодзе паведаміла яго жонка Алена Скам’янава.

«Ён памёр у сваёй хаце ў Менску пасьля цяжкай хваробы а 10 гадзіне раніцы. Калі пахаваньне, пакуль невядома», — сказала ўдава.

Сяргей Ханжанкоў нарадзіўся 13 сакавіка 1942 году ў пасёлку Усьць-Уціны Магаданскай вобласьці ў сям’і былых палітзьняволеных (бацька быў асуджаны ў 1935-м, дзед па матчынай лініі — у 1929-м). У 1955-м сям’і дазволілі вярнуцца ў Менск.

З 1959-га Сяргей Ханжанкоў — студэнт гідратэхнічнага факультэту Беларускага палітэхнічнага інстытуту.

27 траўня 1963 году яго і ягоных сяброў арыштавалі савецкія спэцворганы. 7 кастрычніка таго ж году засуджаны за «спробу зрабіць дывэрсію» і «антысавецкую агітацыю і прапаганду» да 10 гадоў лягераў.

Зь сябрамі Ханжанкоў хацеў узарваць менскую вежу-глушылку, але быў выкрыты ўладамі.

Пасьля вызваленьня з лягераў у 1973-м вярнуўся ў Менск. Працаваў інжынэрам у Беларускім дзяржаўным інстытуце праектаваньня аўтадарог, на заводзе імя Кірава. З 2002-га на пэнсіі. Удзельнік I-га з’езду палітзьняволеных (жнівень 1990-га, Санкт-Пецярбург).

Не рэабілітаваны і рэабілітацыі ніколі не дамагаўся.

Някляеў: У Менску ў 1960-я гады было два дысыдэнты — Кім Хадзееў і Сяргей Ханжанкоў

Паэт, грамадзкі дзеяч Уладзімер Някляеў яшчэ ў маладосьці захапляўся ўчынкам Сяргея Ханжанкова.

Макаеў: Ханжанкоў — беларускі сымбаль супраціву таталітарнай сыстэме

Адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху салідарнасьці «Разам» Аляксандар Макаеў у апошнія гады быў блізкім сябрам Сяргея Ханжанкова.

Бяляцкі: Ханжанкоў натхніў братоў Стругацкіх на аповесьць «Обитаемый остров»

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі назваў Сяргея Ханжанкова ўзорам упартасьці ў адстойваньні сваіх поглядаў.

Шапуцька: «Да апошняга спадзявалася, што Ханжанкоў пераможа хваробу, як перамог шмат выпрабаваньняў»

Адна зь лідэраў ініцыятывы «За ўратаваньне Курапатаў» Ганна Шапуцька ўзгадвае, што цягам многіх гадоў ніводная талака ў Курапатах не абыходзілася безь Сяргея Ханжанкова.

Жыцьцё героя

Аднойчы Сяргей Ханжанкоў паказаў мне лісты, якія ён прывёз лягера — а за дзесяць год у Мардовіі ў яго сабраліся сотні допісаў ад родных, якія, у сваю чаргу, захоўвалі яго лісты. Я спытаўся, ці ня хоча ён надрукаваць перапіску. Наўрад ці варта. Ды й каму патрэбна , — быў адказ. Піша Аляксандар Лукашук.

Сяргей Ханжанкоў на Свабодзе

Сёньня на 74-м годзе жыцьця памёр дысыдэнт Сяргей Ханжанкоў, які ў 1963 годзе зьбіраўся падарваць радыёглушыльную вежу ў Менску і адседзеў за гэта 10 гадоў у савецкіх лягерах.

Упершыню на Свабодзе Ханжанкоў зьявіўся ў 2008 годзе, узгадваючы Цімоха Вострыкава, зь якім разам сядзеў у мардаўскіх лягерах.

У 2010 годзе падчас працэсу Аўтуховіча Сяргей Ханжанкоў наведваў амаль кожнае паседжаньне.

Потым Ханжанкоў быў назіральнікам на працэсе менскіх тэрарыстаў Канавалава і Кавалёва, а таксама на працэсе Алеся Бяляцкага.

Яго камэнтары ўвайшлі ў кнігу Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?» і кнігу Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».

У наступныя гады ўдзельнічаў у акцыях памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсіяў, выступаў з адпаведнымі заявамі. Усталёўваў крыж польскім афіцэрам у Курапатах.

У 71 год Ханжанкоў пабраўся шлюбам з Аленай Скам’янавай, якая маладзейшая за яго на 13 гадоў. Пара пазнаёмілася падчас паездкі беларускай апазыцыйнай дэлегацыі ў Катынь з мэтай ушанаваньня ахвяр сталінізму.

Галоўны ўрок свайго жыцьця, які можна перадаць нашчадкам, Ханжанкоў фармуляваў так: «Проста жыць трэба паводле сумленьня, вось і ўсё».

«Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?» — пытала анкета Свабоды ў 2010 годзе. «Падаў бы ў адстаўку», — адказаў тады Сяргей Ханжанкоў.

Ханжанкоў быў адным з герояў цыклю «Сталкеры Свабоды».

Фотагалерэя з архіўнымі здымкамі Сяргея Ханжанкова ў вялікім памеры тут

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG