Паэт, грамадзкі дзеяч Уладзімер Някляеў яшчэ ў маладосьці захапляўся ўчынкам Сяргея Ханжанкова:
«Я ведаў двух сапраўдных дысыдэнтаў у савецкім часе. Адным зь іх быў інтэлектуал Кім Хадзееў, другім — студэнт Сяргей Ханжанкоў. (Кім Хадзееў выведзены як адзін з герояў у рамане Ўладзімера Някляева „Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без“. — РС).
У 1960-я гады вакол Кіма Хадзеева сабралася група андэграўнднай моладзі, да якой я таксама далучыўся. Сяргея Ханжанкова я тады ня бачыў, але вяліся размовы пра тое, што ёсьць такі хлопец-дысыдэнт, і трэба было б неяк гэтага студэнта да нашай суполкі прыцягнуць... Не пасьпелі, Сяргея арыштавалі за спробу ўзарваць вежу з глушылкамі.
Пасьля мы даведаліся, што будзе суд, і нават парываліся туды трапіць. Але суд тады быў закрыты, і толькі чуткі пра гэты суд па Менску прабеглі, але як ён праходзіў, ніхто ня ведаў. І доўга гэтага чалавека ніхто ў Менску ня бачыў. Крыху пазьней даведаліся, што Сяргей атрымаў 10 гадоў лягераў. Прысуд, канечне, шакаваў...
Натуральна, час стварае свае міты, свае легенды, нешта перабольшана, нешта пераменшана. Але ўсім сваім лёсам, а галоўнае, тым, як ён трымаўся, як паводзіў сябе, ён сьведчыць пра тое, што гэта адзін з самых дастойных грамадзянаў Беларусі. Вельмі шкада, што Сяргея Ханжанкова ня стала. У гэты час вельмі патрэбны такія людзі, рашучыя, здольныя ня проста на словы, але і на ўчынкі.
Я выказваю шкадаваньне і спачуваньні жонцы, сям’і, сябрам — усім, хто яго ведаў і любіў. І тым, хто ня ведаў — яго паважаць і любіць ёсьць за што».