Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Ханжанкоў: "Гэта зрабіў нехта падобны да іх"


Сяргей Ханжанкоў
Сяргей Ханжанкоў
Палітвязень савецкіх часоў Сяргей Ханжанкоў, засуджаны да 10 гадоў зьняволеньня ў мардоўскіх лягерах за спробу разбурыць менскую вежу-радыёглушылку, прысутнічаў амаль на ўсіх судовых паседжаньнях па справе аб шэрагу выбухаў у Беларусі. У праграме «Начная Свабода» ён выказаў свае меркаваньні аб працэсе.

Соўсь: Сяргей, вы ў свой час былі асуджаныя на палітычным працэсе за намер падарваць радыёглушыльную вежу ў Менску. Ці можна назваць судовы працэс па справе тэрактаў і ўсё што вакол яго адбываецца, палітычным?

Ханжанкоў: Я б так не сказаў. У нейкай ступені тут палітыка прысутнічае, але прыхавана. Сёньня я быў на судзе, быў ужо заключны дзень. І там галоўны падсудны, Канавалаў, адмовіўся ад апошняга слова. Але ж увесь працэс трымаецца менавіта на ім. Ён не адмаўляе, што ён гэта арганізаваў, што ён гэта рабіў, але пры гэтым ён нічога ня кажа. Я ня ведаю, палітычны гэта працэс ці псыхіятрычны.

Соўсь: Сёньня якраз прагучаў шэраг гучных заяваў – адвакат Кавалёва заявіў, што галоўны доказ абвінавачаньня – відэа тэракту – гэта падробка. Сёньня ж адзін з пацярпелых Андрэй Тышкевч заявіў, што ў яго няма стопрацэнтнай перакананасьці ў тым, што да сьмяротнай кары будуць прыгавораныя менавіта тыя, хто рабіў гэтыя жудасныя рэчы. Ці пераканаўчыя для вас былі доказы віны абвінавачаных Канавалава і Кавалёва?

Ханжанкоў: У мяне вядома ж няма стопрацэнтнай ўпэўненасьці, што
Кавалёў, груба кажучы, гэта сабутэльнік.

гэта зрабілі яны. Прычым гаворка павінна ісьці толькі аб адным зь іх, аб Канавалаве. Бо Кавалёў, груба кажучы, гэта сабутэльнік. А Канавалаў на пытаньні не адказвае. Ён даваў паказаньні падчас сьледзтва, і хто яго ведае, ці былі гэта вымушаныя паказаньні ці яшчэ нейкія. Гэта засталося нявысьветленым.

Соўсь: Былы сьледчы Алег Волчак выказвае такую вэрсію, што Канавалаў знаходзіцца пад ўзьдзеяньнем псыхатропных прэпаратаў альбо баіцца за лёс сваіх блізкіх. Ці было ў вас такое ўражаньне?

Ханжанкоў: У мяне няма такога ўражаньня і вось чаму. Псыхатропныя рэчывы давалі б нейкія ўсплёскі. Канавалаў жа паводзіць сябе роўна м адэкватна. Але ён ня хоча з намі супрацоўнічаць, супрацоўнічаць з чалавецтвам. Я кожны дзень гляджу на ягоныя рэакцыі. Да яго падыходзіць адвакат, і аб чым яны размаўляюць я ня ведаю, але гэта літаральна два-тры словы. Ён не ўдзельнічае ў працэсе.

Соўсь: Як вы ставіцеся да вэрсіі, што гэты тэракт быў інсьпіраваны прадстаўнікамі ўлады, а Канавалаў толькі выканаўца? Ці можа разглядацца такая вэрсія і ці пацьвярджаюць яе яго паводзіны?

Ханжанкоў: На мой погляд, не. Бо гэты тэракт ні ў якім выпадку ня
Гэты тэракт ні ў якім выпадку ня выгадны ўладам.

выгадны ўладам. Наша ўлада трымаецца на стабільнасьці, ў нас кепска матэрыяльна, затое ў нас стабільнасьць, у нас няма тэрактаў як у Маскве ці Нью-Ёрку.

І многія з гэтым згаджаліся, маўляў, так, абы вайны не было, ў нас бульба ды скварка ёсьць. І раптам тэракт. Навошта ўладзе гэта трэба? У першыя дні пасьля тэракту прагучалі такія вэрсіі - гэта спроба адцягнуць увагу ад пагаршэньня эканамічнага становішча. Але гэта зусім неадэкватная вэрсія.

Як можна тэрактам адцягнуць увагу людзей ад падвышэньня цэнаў? Гэта тут зусім не пры чым.

Соўсь: Як вы ацэньваеце хаду сьледзтва, ці ўсё адбывалася ў адпаведнасьці з заканадаўствам? Адвакат доўгі час ня мог сустрэцца з абвінавачанымі.

Ханжанкоў: Гэта ўсё, зразумела, мела месца. Было шмат іншых
У нас няма сьледзтва. У нас ёсьць тэлефоннае права – права моцнага.

парушэньняў. Больш за тое – з савецкіх часоў у нас нічога не зьмянілася. У нас няма сьледзтва. У нас ёсьць тэлефоннае права – права моцнага. З пачатку сьледзтва накіроўвалі па вядомым шляху, як у анэкдоце – шукайце пад ліхтаром, а ня там, дзе згубілі.

Соўсь: Напэўна таму зараз вельмі шмат людзей ня вераць у віну Канавалава і Кавалёва.

Ханжанкоў: Гэта вялікая тэма. Ніхто ня верыць, прычым у самых розных слаях насельніцтва. З тых, хто ходзіць на суд, ніхто ня верыць.

Соўсь: А вы?

Ханжанкоў: З пэўнымі агаворкамі я выключэньне. І скажу чаму. Бо іншых вэрсій я проста ня бачу. Я ня веру ў кансьпіралёгію, ў тое, што гэта ЦРУ, КДБ ці Лукашэнка.

Ёсьць яшчэ адна вэрсія – барацьба клянаў. Я у гэта таксама ня веру. Веру ў адно – што гэта мог зрабіць псыхічна ненармальны чалавек. Прычым гэта ня значыць, што ён суцэльны вар'ят ва ўсіх сэнсах, ён можа быць ненармальны ў гэтай сфэры. І таму мне падаецца, што гэта Канавалаў. Можа быць ня ён, але такі ж як ён. Але ні ў якім выпадку ня нейкая арганізаваная сіла.

Соўсь: Цяпер у Нарвэгіі адбываецца працэс над нарвэскім тэрарыстам Брэйвікам. У гэтым выпадку мы ведаем прычыны тэракту, мы маем вэрдыкт пра псыхічнае здароўе абвінавачанага. Калі параўноўваць гэты два суды за тэракты – беларускі і нарвэскі, што б вы адзначылі?

Ханжанкоў: У Нарвэгіі сапраўды робіцца псыхіятрычная экспэртыза. У
У нас абыходзяцца савецкімі мантрамі - зрабіў, каб дэстабілізаваць абстаноўку ў Рэспубліцы Беларусь.

нас нічога такога ня робіцца. У нас абыходзяцца савецкімі мантрамі - зрабіў, каб дэстабілізаваць абстаноўку ў Рэспубліцы Беларусь. А навошта ён хацеў яе дэстабілізаваць, гэта нікога не цікавіць. Сёньня адвакат Канавалава вельмі пісьменна гэта выклаў. Якія матывы? Вы разьбіраеце, як ён рабіў гэтую выбухоўку, гэта ўсё добра, але навошта ён гэта рабіў? У адказ - каб дэстабілізаваць абстаноўку ў Рэспубліцы Беларусь. Кола замкнулася. Хацеў дэстабілізаваць, каб дэстабілізаваць. Сам Канавалаў маўчыць.

Соўсь: Правабаронца Людміла Гразнова ўчора ў эфіры Свабоды сказала, што пракурор, які патрабуе расстрэлу, спазьніўся на 40 гадоў, прамаўляючы сваю патэтычную прамову. Як чалавек, які прайшоў праз ГУЛАГ, ці адчулі вы подых сталінізму ў гэтым працэсе?

Ханжанкоў: Не, не адчуў. Выбух быў. Нехта яго зрабіў. Гэта не працэсы 37-га году, дзе не было выбухаў, але людзям ставілася ў віну, што яны спрабавалі зрабіць замах на таварыша Сталіна. Тут злачынства рэальнае.

Я хачу яшчэ дадаць наконт поўнага непрафэсіяналізму нашай сыстэмы, ў тым ліку судовай і сьледчай.

Пачынаючы з таго, што сабака ня можа ўнюхаць тратыл, хаця ён павінен
Экспэрт адрывае кавалачак гэтага "гіпсу", падпальвае і ледзь не адрывае сябе пальцы.

гэта рабіць. Там быў сюжэт, зьвязаны з 2008 годам. Выклікаюць спэцпадразьдзяленьне "Алмаз", яны бяруць гэты пачак рукамі, пакідаючы свае адбіткі пальцаў. І гэтыя прафэсіяналы гавораць, што гэта не выбуховае прыстасаваньне, а муляж. І выклікаюць экспэрта. "Алмаз" вызначыў, што гэта гіпс. Экспэрт адрывае кавалачак гэтага "гіпсу", падпальвае і ледзь не адрывае сябе пальцы.

Соўсь: Беларусь - адзіная краіна ў Эўропе, дзе караюць сьмерцю. Як у залі суду ўспрымаецца патрабаваньне аб расстрэле?

Ханжанкоў: Я асабіста ўспрымаю гэта адмоўна, бо віна яўна не
З тых, хто ходзіць на суд, абсалютна ўсе супраць расстрэлу.

даказаная. Я ўжо сказаў, што гэта зрабіў нехта падобны да іх. Але віна менавіта іх не даказаная. У нас шмат каго расстрэльвалі, а потым высьвятлялася, што расстралялі невінаватых. З тых, хто ходзіць на суд, абсалютна ўсе супраць расстрэлу.

Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва вінавацяць у выбуху на станцы мэтро «Кастрычніцкая» 11 красавіка 2011 году. Тады загінула 15 чалавек, больш за 200 апынуліся ў шпіталях. Іх таксама абвінавачваюць ва ўчыненьні выбухаў у Менску ў 2008 і Віцебску ў 2005 гадах і яшчэ каля 30 злачынных эпізодаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG