Адна зь лідэраў ініцыятывы «За ўратаваньне Курапатаў» Ганна Шапуцька ўзгадвае, што цягам многіх гадоў ніводная талака ў Курапатах не абыходзілася безь Сяргея Ханжанкова.
«Калі сёньня даведалася, што Сяргея Мікалаевіча ня стала, унутры ўсё абарвалася. Да апошняга моманту я была перакананая, што Сяргей Ханжанкоў пераможа цяжкую хваробу, як перамог шмат розных выпрабаваньняў у сваім жыцьці...
Мне вельмі пашанцавала, што я сябравала зь ім, гэта вялікі падарунак лёсу, што я была зь ім знаёмая, ён для мяне стаў настаўнікам. Гэты чалавек з трывалым нязломным стрыжнем унутры, ён выклікае вялікую павагу сваёй сілай волі, сваім стаўленьнем да жыцьця.
Нягледзячы на сваю хваробу — а пасьля лягераў, цяжкіх выпрабаваньняў ён пакутаваў на сухоты — Сяргей Мікалаевіч прыходзіў на кожную талаку ў Курапатах, браў у рукі інструмэнты і даваў фору моладзі. Ён езьдзіў з намі па ўсёй Беларусі па месцах пахаваньня ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Яго расповеды краналі і сталых людзей, і моладзь. Я спадзяюся, ягонае жыцьцё, ягоны прыклад будуць натхняць нашу моладзь, каб прынесьці зьмены ў наша жыцьцё. Каб тыя ідэалы, якіх ён так дамагаўся, спраўдзіліся, каб Беларусь стала вольнай і свабоднай, як марыў Сяргей Ханжанкоў».