Сын і ўнук вязьняў сталінскіх лягераў змалку ведаў цану свабоды ў савецкай краіне. А дваццацігадовым студэнтам менскага політэхнічнага інстытуту вырашыў рабіць нешта канкрэтнае, каб абудзіць грамадзтва да актыўных дзеяньняў. Дзеля пачатку намерыўся падарваць вежу, якая глушыла замежныя радыёстанцыі. Былы савецкі палітвязень Сяргей Ханжанкоў — герой новага выпуску праграмы «Сталкеры Свабоды».
«Мы сюды з бацькамі прыехалі ў 1955 годзе. З Магадану. І першы пакой, які мы нанялі, быў на трэцім паверсе дому, з вокнаў якога добра быў бачны аб’ект, які называўся «глушылка».
Да гэтага часу я меў ужо цьвёрдае перакананьне, што з савецкай уладай трэба змагацца. Калі б былі нейкія аднадумцы, то я, напэўна, зь імі займаўся б літаратурай, улёткамі ды іншай падобнай дзейнасьцю. Але ў Менску не было для гэтага ўмоваў. Горад нядаўна перажыў вайну, людзі тут літаральна выжывалі. Ім было не да змаганьня. Таму прыйшло такое рашэньне зрабіць нешта гучнае і ўсім зразумелае. І тут — гэтая глушылка.
У 1959 годзе я паступіў у політэхнічны інстытут, і мая вайсковая спэцыяльнасьць была — сапёр. Калі нас вучылі ўзрываць, то вось гэты намер пачаў неяк афармляцца. Можна паспрабаваць дывэрсійны акт — падрыў глушылкі.
Адзін з маіх сяброў, якога пазьней судзілі па адной са мной справе, распавёў, што ў іх ля Глыбокага ў лесе ён ведае месцы, дзе складзіравалі снарады пасьля вайны. Іх не ўзрывалі, а проста закопвалі. І ў нас зьявілася большая ўпэўненасьць у намеры, бо мы можам і выбухоўку здабыць. Што мы і зрабілі. Мы паехалі ў Глыбокае, раскапалі гэтыя снарады і дасталі адтуль тратыл.
Сталкеры Свабоды
Вось гэтае месца я выбраў, каб пранікнуць на тэрыторыю да глушылкі. Тут стаялі гаражы не суцэльна, як цяпер, а адзін ад аднаго аддзеленыя. Пралез, хутка зрабіў падрыхтоўчыя замеры і пералез назад.
На зьмены нейкія пасьля свайго акту я не разьлічваў, проста хацеў абудзіць цікавасьць людзей да праблемы свабоды слова, дзяржаўнага ладу, чаму ў нас глушаць заходнія радыёстанцыі, чаму яны ня глушаць нашы радыёперадачы. Тады ішло спаборніцтва дзьвюх сыстэм — сацыялізму і капіталізму. Нам гаварылі, што камунізм — гэта будучыня чалавецтва. То калі будучыня, дык чаго ж вы баіцёся? Вось такая была мэта.
У лягеры я апынуўся сярод сваіх аднадумцаў, людзей вельмі цікавых. І лягер ператварыўся ў адмысловы ўнівэрсытэт. Там былі ўсе, хто зьбіраўся нешта рабіць, а ня проста абмяркоўваць. І тады вельмі шмат было антысавецкіх арганізацыяў, сяброў якіх амаль усіх пасадзілі.
У лягеры я шмат чаму вучыўся. Там была сабраная ўся савецкая гісторыя ў асобах. У нас сядзелі людзі за Кранштадзкі мяцеж яшчэ, ужо ня кажучы пра ўсякую калектывізацыю, вайну. Сапраўднай гісторыі савецкай краіны ў друкаваным выглядзе не было, а там — калі ласка, любая падзея з вуснаў відавочцаў.
Я выйшаў зь лягера асьвечаным чалавекам. Калі да яго яшчэ былі нейкія сумневы ў правільнасьці маіх поглядаў, бо ўсе ж вакол казалі, што я памыляюся, то там я проста ўмацаваўся ў сваіх перакананьнях.
Калі выйшаў зь лягера, то мне было вельмі цікава распавядаць усё тое, што сам даведаўся. Я не баяўся, бо ведаў ужо, за што садзяць. Садзяць за нейкія дзеяньні: арганізацыю, у якой ёсьць статут і праграма, сябры яе нешта робяць і іх садзяць. А проста паразважаць-абмеркаваць ужо было можна.
Тады мне і многім іншым здавалася, што ўсё зло — ад камуністычнай ідэі, а зла шмат у іншых відах. Ёсьць карысьлівасьць, ды ці мала што яшчэ. Зрынуць савецкую ўладу — яшчэ ня значыць усталяваць справядлівае грамадзтва.
Хрушчоў расказаў пра Сталіна, і то ня ўсё. Але потым сказаў, што Сталін дрэнны, а сацыялізм добры. Пасьля — перабудова. І трэба было прадоўжыць гэты працэс. Трэба было выкрыць усе асновы камуністычнага вучэньня, трэба было абавязкова правесьці суд над камунізмам, які зьнішчыў сто мільёнаў людзей на зямлі. Гэтага зроблена не было. Я лічу, што працэс ня быў даведзены да канца.
У мяне ёсьць такая прапанова: павесіць на гэтую вышку шыльды з вэртыкальнымі надпісамі вялікімі літарамі: «Свабода», «Голас Амэрыкі», «Бі-Бі-Сі», «Нямецкая Хваля» — назвы радыёстанцыяў, якія глушыла гэтая вышка. Яны ж нам нешта перадавалі! Жадаю, каб перамаглі ўрэшце яны, тыя, што перадавалі!"