Сяргей Ханжанкоў і Алена Скам’янава пабраліся шлюбам у мінулым верасьні. Алена ўжо падала пашпарт на замену прозьвішча — такім чынам Ханжанковых стане на аднаго болей. Нядаўна Сяргей пераехаў у кватэру жонкі і кажа, што цяпер ён вельмі шчасьлівы. Зрэшты, гэта бачна па ягоным твары.
«Жонку маю завуць Алена, яна яшчэ працуе, паводле адукацыі — інжынэр. Пазнаёміліся мы два гады таму, падчас паездкі ў Катынь, і з тых часоў мы разам. Шмат разоў езьдзілі ў Слуцак, хадзілі разам на шматлікія мерапрыемствы, зьвязаныя з ушанаваньнем памяці ахвяраў таталітарызму. У выніку вось вырашылі пабрацца шлюбам. Я рабіў прапанову, усё як належыць. У нас агульныя інтарэсы, ёсьць пра што пагаварыць. Мае навіны заўсёды ёй цікавыя. Я ўсё ёй апавядаю: пра што даведаўся, што прачытаў», — расказаў Свабодзе спадар Ханжанкоў.
Сяргей Ханжанкоў вядомы тым, што ён кіраваў падпольнай моладзевай групай, якая ў 1962–1963 гадах рыхтавала падрыў радыёглушылкі, што за Палацам мастацтва ў Менску. За гэтую спробу ён адбыў 10 гадоў лягераў у Мардовіі.
«Я нарадзіўся на Калыме. І зь дзіцячых гадоў бачыў лягеры, бачыў зьняволеных. Мой бацька таксама сядзеў за антысавецкую агітацыю. А дзед па жаночай лініі сядзеў на Салаўках, дзе і загінуў. Ён быў эсэрам. Такая біяграфія, вядома, з малога ўзросту скіроўвала мяне на супраціў сыстэме», — кажа Сяргей Мікалаевіч.
Гэта другі шлюб Сяргея Ханжанкова. Упершыню ён ажаніўся адразу пасьля выхаду зь лягеру ў 1973 годзе. Першай ягонай жонкай стала дзяўчына, зь якой ён вучыўся ў Беларускім політэхнічным інстытуце. Пражыў у шлюбе зь ёю 4 гады. У 1977 годзе ў яго нарадзілася дачка. У яе цяпер свая сям’я, у якой гадуецца ўнук Сяргея Мікалаевіча школьнага ўзросту. У Алены, другой жонкі Сяргея Ханжанкова, гэта таксама другі шлюб, але дзяцей у яе няма.
Былы савецкі палітвязень, які так і ня быў рэабілітаваны, лічыць, што 10 гадоў, праведзеныя ім у лягерах, не прайшлі для яго дарэмна — шмат што зразумеў і шмат чаму навучыўся. Да таго ж, гэта ня шкодзіла ягонаму сямейнаму жыцьцю пасьля вызваленьня.
І першая, і другая жонкі Сяргея Ханжанкова станоўча ставіліся да ягонай незвычайнай біяграфіі, нават бачылі ў ім героя:
«Лічу, што ў адваротным выпадку і не было б гэтых адносінаў. Я б сказаў, што ўсё менавіта і пачыналася з гэтага. Таму ў асабістым жыцьці мне мая біяграфія дапамагала», — кажа Ханжанкоў.
Цяпер Сяргей Ханжанкоў — заўсёдны ўдзельнік дэмакратычных акцыяў. Асабліва актыўна ён бярэ ўдзел у паездках на ўшанаваньне гадавін Слуцкага збройнага чыну, ва ўшанаваньнях ахвяраў сталінізму ў Курапатах. Сяргей Ханжанкоў хадзіў на ўсе палітычныя судовыя працэсы супраць апазыцыі. У вольны час чытае мэмуарную і гістарычную літаратуру, дапамагае жонцы па гаспадарцы.
Вясельнае падарожжа Сяргея Ханжанкова і яго жонкі адбылося яшчэ перад вясельлем: паўтара году таму яны зьезьдзілі ў Фінляндыю, дзе жыве лягерны сябар Сяргея.
«Для моладзі гэта нашмат прасьцей, таму што ўсё яшчэ наперадзе. А ў нас ужо ня так. Вось зараз мода пайшла, што ўсе жэняцца: Севярынец, Дашкевіч. Раней такога не было. Напрыклад, Пазьняк: ён ажаніўся ўжо ў сталым веку, калі зьехаў зь Беларусі. А цяперашнія актывісты, відаць, разьлічвалі калісьці раней, што хутка нешта памяняецца ў краіне. Цяпер пабачылі, што адбудзецца гэта ня так хутка, і пачалі ўладкоўваць асабістае жыцьцё. Я лічу, што гэта правільна: паміж асабістым жыцьцём і грамадзкай ці палітычнай дзейнасьцю не павінна быць супярэчнасьцяў. Галоўнае, каб муж і жонка прытрымліваліся падобных поглядаў».