На нашых вачох цягам апошніх дзесяцігодзьдзяў адбывалася імклівая міграцыя вясковага насельніцтва ў гарады. У Беларусі, як і ў бальшыні краінаў Эўропы, працягваюцца працэсы ўрбанізацыі. У выніку — тры чвэрці ўсяго насельніцтва краіны сталі гараджанамі. Ці завершаны гэты працэс, ці ён будзе працягвацца і надалей? Як уплывае ён на культуру і нацыянальную сьвядомасьць народу? І ўвогуле — ці можна казаць, што беларусы ня толькі колькасна, але і якасна сталі гарадзкой нацыяй?
Гутарка з гісторыкам, археолягам Алегам Трусавым.
Вячаслаў Ракіцкі: Лічыцца, што гістарычна беларусы — усё ж сялянская нацыя. Ці вы згодныя з гэтай тэзай у прынцыпе?
Алег Трусаў: У прынцыпе я нязгодны, бо мы сталі сялянскай нацыяй толькі дзесьці ў ХІХ стагодзьдзі. А да гэтага мы былі нармальнай гарадзкой нацыяй. Беларускія месьцічы, як тады называліся гараджане, выконвалі вялікую ролю ў нашай краіне.
Вячаслаў Ракіцкі: Але паняцьце «гарадзкая нацыя» — перадусім паняцьце культурнае. Гэтаксама як і «сялянская». У чым істотная розьніца паміж імі?
Трусаў: Па-першае, у мэнтальнасьці. Гарадзкая нацыя — захавальніца культуры. Менавіта ў гарадох жылі самыя пісьменныя, самыя адукаваныя людзі. Там нарадзілася кнігадрукаваньне. Там рабіліся вынаходкі. Там разьвіваліся мастацтвы. Там фармавалася мова. І калі эліта ў гарадах гаворыць на мове народу, тады нацыя становіцца прэстыжнай, моцнай. Калі ж код эліты мяняецца ў выніку войнаў, нейкіх катаклізмаў, тады застаюцца пераважна сяляне. Прыкладам, пасьля заваяваньня немцамі прыбалтыйскіх зямель і латышы, і эстонцы на доўгі час сталі сялянскімі нацыямі, бо ў гарадах панавалі немцы.
Ракіцкі: Натуральна, характарыстыкі дый асновы гарадзкой культуры фармаваліся стагодзьдзямі, з узьнікненьня і разьвіцьця гарадоў. Калі на беларускіх землях узьніклі першыя гарады? Што для іх было ўласьціва?
Алег Трусаў: Першыя гарады ў поўным сэнсе гэтага слова зьявіліся на Беларусі ў IX стагодзьдзі, разам зь першымі дзяржавамі-княствамі. Першым горадам быў Полацак, і доўгі час ён быў найбуйнейшым горадам на нашых землях. Найбольш раньнія функцыі гораду — гэта канцэнтрацыя духоўнай і сьвецкай улады і месца знаходжаньня асноўных пунктаў абароны ў часы шматлікіх збройных канфліктаў. Для гарадоў уласьцівы больш разнастайны, чым у іншых тыпах паселішчаў, сацыяльны, канфэсійны і этнічны склад насельніцтва. Для гарадоў характэрная таксама павышаная шчыльнасьць насельніцтва і кампактнасьць забудовы, наяўнасьць манумэнтальных, абарончых, культавых і грамадзянскіх збудаваньняў. Звычайна горад мае больш працяглую гісторыю існаваньня, чым навакольныя паселішчы, і таму невыпадкова ў старабеларускай мове ён меў назву «места», а яго жыхары называліся «месьцічамі». У XII стагодзьдзі на Беларусі было ўжо каля 30 гарадоў. Заняпад беларускіх гарадоў пачаўся ў сярэдзіне XVII стагодзьдзя, з вайны з Масковіяй. І завяршыўся гэты працэс у XIX стагодзьдзі — пасьля анэксіі Беларусі Расеяй. Тады ўжо нават этнічна ў гарадах беларусы складалі восем — дзесяць — пятнаццаць працэнтаў.
Ракіцкі: Чым самыя першыя гараджане адрозьніваліся ад сялянаў? Мо ўжо тады нават зьнешнім выглядам, строямі, упрыгожаньнямі?
Трусаў: Жыхары гарадоў ХІ—ХІІ ст. былі прыгожымі і адукаванымі людзьмі. Менавіта яны былі тагачаснай элітай грамадзтва. Дзякуючы хрысьціянству яны засвоілі бізантыйскія каштоўнасьці, умелі чытаць і пісаць і складалі, асабліва ў другой палове ХІІ — пачатку ХІІІ ст. новую, ужо гарадзкую супольнасьць, якая і стала пачаткам будучай беларускай нацыі. Дастаткова прыгадаць Еўфрасіньню Полацкую і Кірылу Тураўскага. І ня толькі мэнтальнасьцю, але і зьнешне тагачасныя гараджане адрозьніваліся ад сялян. Напрыклад, гарадзкія жанчыны ўжо з падлеткавага ўзросту насілі на руках шкляныя бранзалеты, нават па некалькі штук. Сяляне іх не насілі, дый ня мелі такіх упрыгожаньняў.
Ракіцкі: Калі гаварыць пра аблічча беларускіх гарадоў — яно разьвівалася ў тым самым рэчышчы, як і паўсюль у Эўропе?
Ужо ў XIV стагодзьдзі, пасьля Крэўскай уніі, калі Ягайла канчаткова павярнуў нашу краіну на Захад і ўвёў магдэбурскае права, беларускі горад становіцца такім жа, як і гарады ў Эўропе.
Трусаў: Спачатку быў спэцыфічны ўсходнеславянскі горад, які склаўся менавіта ў ХІ—ХІІ стагодзьдзях. І ён адрозьніваўся ад гораду заходнеэўрапейскага. У цэнтры гэтага гораду абавязкова быў дзядзінец — умацаваная частка, дзе жылі князь, дружына, дзе стаялі каменныя храмы. Калі горад быў вялікі, тады існаваў побач умацаваны акольны горад. А потым — пасады. За межамі гораду быў нэкропаль — могільнік курганны. Такая структура існавала да XIII стагодзьдзя. А вось ужо ў XIV стагодзьдзі, пасьля Крэўскай уніі, калі Ягайла канчаткова павярнуў нашу краіну на Захад і ўвёў магдэбурскае права, беларускі горад становіцца такім жа, як і гарады ў Эўропе. Палітычны цэнтар вялікіх беларускіх гарадоў паступова перамяшчаецца на рыначны пляц, на якім стаіць будынак ратушы. Часам захоўваецца суіснаваньне двух цэнтраў гарадзкога жыцьця: княскай рэзыдэнцыі на гарадзкім (звычайна Верхнім) замку і ратушы з гарадзкім магістратам на рыначнай плошчы. У канцы XIV ст. на Беларусі ўзьнікаюць мястэчкі, як прамежкавая форма паселішчаў паміж горадам (местам) і вялікім сялом. Пры мястэчках будуюцца мураваныя замкі.
Ракіцкі: Калі адбываецца заняпад беларускага гораду?
Трусаў: Вайна 1654–1667 гадоў нанесла значныя страты вельмі разьвітай гарадзкой культуры ВКЛ. Шмат рамесьнікаў альбо загінулі, альбо трапілі ў палон і былі вывезеныя ў Масковію. Гарадзкая эліта, асабліва шляхта, пераходзіць на польскую мову, каб болей падабацца каталіцкай Польшчы. Нарэшце, у 1697 годзе сойм ВКЛ зрабіў польскую мову адзінай дзяржаўнай, і яна ў XVIII ст. запанавала ў сфэры адукацыі. Аднак да канца XVII стагодзьдзя гарадзкая матэрыяльная культура ў ВКЛ адрадзілася і ўсё XVIII ст. існавала ў рэчышчы заходнеэўрапейскай культуры. У гэты час быў створаны новы архітэктурны стыль — «віленскае барока», былі запазычаныя новыя эўрапейскія традыцыі ў галіне прыкладнога ўжытковага мастацтва.
Толькі пасьля вайны з Напалеонам матэрыяльная культура гарадоў і мястэчак Беларусі і Літвы канчаткова трапіла ў рэчышча разьвіцьця гарадзкой культуры Расейскай Імпэрыі.
Ракіцкі: Але пры канцы 18 стагодзьдзя беларускія землі былі акупаваныя Расейскай імпэрыяй. Што зьмянілася ў гарадзкім жыцьці? Як новыя гаспадары Беларусі паставіліся да беларускіх гарадзкіх вольнасьцяў?
Трусаў: Аналіз пісьмовых крыніцаў пра стан гарадзкой культуры ў гарадах ВКЛ, што адышлі да Расеі пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай, сьведчыць пра высокі ўзровень гарадзкой матэрыяльнай культуры ў тагачасных Віцебску, Мсьціславе, Полацку і Магілёве. Толькі пасьля вайны з Напалеонам матэрыяльная культура гарадоў і мястэчак Беларусі і Літвы канчаткова трапіла ў рэчышча разьвіцьця гарадзкой культуры Расейскай Імпэрыі, прычым з гэтага часу карэннае насельніцтва большасьці гарадоў былога ВКЛ аказалася ў меншасьці. Калі ў 1811 годзе ў беларускіх гарадах жыло 4,2% насельніцтва, дык у 1861 годзе — 10,7%. З 1786 па 1861 год колькасьць гарадзкога насельніцтва павялічылася ў чатыры разы — з 80 да 320 тысяч.
Ракіцкі: Як я разумею, зьмяняўся этнічны склад насельніцтва?
Трусаў: Так. Перш за ўсё, адбывалася буйное павелічэньне колькасьці мяшчанаў-габрэяў, што было зьвязана з забаронай царызмам жыцьця габрэяў у вёсках і па-за межамі былой тэрыторыі ВКЛ (г.зв. «мяжа аселасьці»). На тэрыторыі Заходняй і Цэнтральнай Беларусі кампактна жылі татары (Менск, Наваградак, Іўе, Мір). Частка шляхты канчаткова спалянізавалася і набыла польскую (крэсовую) мэнтальнасьць. Вайскоўцы, праваслаўныя сьвятары, чыноўнікі і настаўнікі прыехалі з Расеі. Таму беларусаў было няшмат, але менавіта яны пачалі беларускае адраджэньне ў канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. Іхнімі асяродкамі сталі Вільня і Санкт-Пецярбург.
Ракіцкі: Кім сябе лічылі — беларусамі, літвінамі, палякамі, ці проста тутэйшымі — жыхары нашых гарадоў у канцы ХІХ — пачатку ХХ стст.?
Трусаў: Гараджане ніколі сябе тутэйшымі не лічылі. Тутэйшымі сябе заўжды лічылі сяляне. Гарадзкі чалавек мусіў выбіраць. І калі ён хацеў быць нейкім «чынам», дык выбіраў праваслаўнае веравызнаньне.
Ракіцкі: Значыць, традыцыйная беларуская культура захоўвалася ў вёсцы і мястэчках. Выключэньнем была хіба што Вільня, дзе на пачатку ХХ стагодзьдзя адбываліся беларускія адраджэнскія працэсы. А чаму тады Менск стаў беларускай сталіцай?
Трусаў: Выпадкова ён ёй стаў. У часе Першай сусьветнай вайны, у 1915 годзе, Менск стаў прыфрантавым горадам і цэнтрам Расейскага Заходняга фронту — і стаў канкурэнтам Вільні, якую захапілі немцы. Таму менавіта тут Менск назвалі сталіцай.
Ракіцкі: У ХХ стагодзьдзі адбылося вялікае перасяленьне вяскоўцаў у гарады. Савецкая індустрыялізацыя прывяла да моцнай урбанізацыі. Якія яе вынікі? Я найперш пытаюся пра наступствы ў культурным пляне.
1920-я гады зь іх беларусізацыяй мелі вельмі добры для разьвіцьця нацыі плён. Каб ня гэтыя вынікі, мы і дагэтуль не лічылі б сябе беларусамі і ня мелі б самастойнай дзяржавы.
Трусаў: Там было некалькі этапаў. 1920-я гады зь іх беларусізацыяй мелі вельмі добры для разьвіцьця нацыі плён. Каб ня гэтыя вынікі, мы і дагэтуль не лічылі б сябе беларусамі і ня мелі б самастойнай дзяржавы. Менавіта тады і менавіта ў Менску пачалося пасьпяховае стварэньне мадэрновай нацыі. Паглядзіце: Інбелкульт, потым Акадэмія навук. А вось наступны этап быў жахлівы. У 1930-я, сталінскія гады маладую вясковую інтэлігенцыю, якая пераехала ў гарады і яшчэ нават не адчула смаку гарадзкога жыцьця, зьнішчылі ў Курапатах, канцэнтрацыйных лягерах.
Потым прыйшлі немцы. З дазволу Кубэ беларускае жыцьцё як бы аднавілася, але потым удзельнікі гэтага жыцьця вымушаныя былі зьехаць у эміграцыю, а тых, хто ня зьехаў, саслалі ў Магадан ці яшчэ куды. І новы этап урбанізацыі праводзілі спачатку Сталін, а пасьля Хрушчоў. Вось тут Менск і пачаў расьці. Пасьля вайны ў ім заставалася жыхароў тысяч 50–60, а ўжо ў 1970-я гады насельніцтва дасягнула мільёна, а ў нашы дні — каля двух мільёнаў. Гэты працэс трэба любым шляхам спыняць. Інакш Менск зьесьць Беларусь, зьнішчыць усё астатняе.
Ракіцкі: І ўсё ж — калі, у які пэрыяд насамрэч беларусы сталі гарадзкой нацыяй?
Трусаў: Да канца яшчэ ня сталі. Але адлік можна весьці з 1980-х гадоў, калі ў гарадах заявілі пра сябе людзі, якія нарадзілася менавіта ў гарадах. Майстроўцы, талакоўцы, «Тутэйшыя» — гэта ўжо пераважна менчукі, бацькі якіх паходзілі зь вёсак. А сёньня мы можам казаць пра трэцяе пакаленьне гараджанаў, асабліва ў Менску.
Ракіцкі: Гэта дзесяцігодзьдзі незалежнасьці, новай Беларусі. Ёсьць тут сувязь? Ці калі б і надалей СССР працягваў існаваць, тыя ж самыя працэсы адбываліся б? І ўвогуле — чым можна патлумачыць рост насельніцтва гарадоў у нашы дні? Уцёкамі людзей з галоднай, няўтульнай вёскі?
Трусаў: Па-першае, зьмянілася этнічная мапа Беларусі. Істотна зьменшылася колькасьць расейцаў, і найперш таму, што ліквідавалася савецкае войска. Частка іх зьехала на радзіму. Частка пабралася зь беларускамі, і іхныя дзеці ўжо лічаць сябе беларусамі, нават беларускімі патрыётамі. Я ведаю такіх. А новага прытоку расейцаў, слава Богу, няма. Дзякуючы фактару незалежнасьці не прысылаюць нам з Расеі міністраў, вайскоўцаў, міліцыянтаў, як рабілі гэта дзьвесьце гадоў. І цяпер мы — монанацыя. Больш за 80 адсоткаў на апошнім перапісе запісаліся беларусамі. Што тычыцца міграцыі вяскоўцаў у горад, дык я сказаў бы, што яе сёньня амаль няма. Вёска вымірае. Міграцыя адбываецца ў Менск людзей зь меншых гарадоў і мястэчак. Таму я нядаўна і выказаў ідэю: каб уратаваць і Беларусь, і Менск, трэба перанесьці сталіцу ў іншы горад. Я прапаную вярнуць сталіцу туды, дзе яна калісьці і была — у Полацак. Адразу з паўмільёна людзей туды зьедуць зь Менску.
Ракіцкі: Сёньня ў Беларусі гарадзкая культура вырастае са сваёй культуры вясковай, якую людзі прывозяць у горад, ці зь перайманьня нейкіх стандартаў, выпрацаваных цягам стагодзьдзяў, дзесяцігодзьдзяў іншымі нацыямі з даўжэйшымі ўрбаністычнымі традыцыямі?
Трусаў: Дзякуй Богу, тут працэсы адбываюцца сынхронна. З аднаго боку, паўстае мода на вышыванкі. Гэта — сялянская традыцыя. Гараджане, магнаты, шляхта вышыванак не насілі. А калі і насілі, дык толькі каб пагуляць у сялянаў. З другога боку, адрадзілася старажытная тапаніміка. І самае галоўнае — мы вярнулі сабе гісторыю Вялікага Княства Літоўскага. Адбыліся істотныя зьмены ў мэнтальнасьці, адукаванасьці і самасьвядомасьці гараджанаў, асабліва, канечне, у Менску. У сталіцы — і ўнівэрсытэты, і бізнэс, і мастацтва. Менавіта менчукі становяцца сапраўднай мадэрновай беларускай нацыяй. Потым за імі цягнуцца жыхары абласных гарадоў. Малыя гарады адстаюць, і іх жыхары мараць перасяліцца ў Менск.
Менавіта менчукі становяцца сапраўднай мадэрновай беларускай нацыяй. Потым за імі цягнуцца жыхары абласных гарадоў.
Ракіцкі: Будучыня Беларусі за гарадзкой культурай?
Трусаў: Так. Беларусь ня ёсьць і ня можа быць выключэньнем у Эўропе. Эўропа ўся сёньня ўрбаністычная.
Ракіцкі: Вы ўжо казалі, што беларусаў пакуль яшчэ нельга цалкам назваць гарадзкой нацыяй. Дык калі яны ёй стануць?
Трусаў: У пятым пакаленьні. Гэта закон гісторыі. Пакуль што ў нас у асноўным трэцяе пакаленьне. Пачынаецца чацьвёртае. Ну, яшчэ пройдзе гадоў трыццаць-сорак, і беларусы ёй стануць.