Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да ўкраінскага маршруту ў абход Расеі далучыцца «Вікінг»


Украінскі цягнік заяжджае на паром
Украінскі цягнік заяжджае на паром

Цягнік, які ідзе з Украіны ў Кітай па альтэрнатыўным маршруце ў абход Расеі, можа злучыцца зь цягніком «Вікінг», які курсуе па маршруце Ільлічоўск — Клайпеда. Да «Вікінга» мае дачыненьне і Беларусь.

Як паведаміў 2 лютага ўкраінскі прэм’ер-міністар Арсені Яцанюк, Украіна і Літва ўжо падпісалі мэмарандум пра далучэньне кантэйнэрнага цягніка «Вікінг» да руху па так званым «Новым Шаўковым шляху».

«Я асобна хацеў бы падкрэсьліць неабходнасьць супрацоўніцтва з нашымі эўрапейскімі партнэрамі. І тое, што Літва зацікавілася і намі падпісаны папярэдні мэмарандум аб аб’яднаньні гэтага Новага Шаўковага шляху зь цягніком „Вікінг“, азначае, што ў рамках нашага супрацоўніцтва з ЭЗ, у рамках рэалізацыі пагадненьня аб свабодным гандлі да Шаўковага шляху будуць падлучаныя ня толькі Ўкраіна, Грузія, Азэрбайджан, Казахстан і Кітай, але і сябры ЭЗ. „Вікінг“ з Клайпеды таксама атрымае магчымасьць пастаўляць свае тавары непасрэдна ў Кітай у абход Расеі», — цытуе Інтэрфакс-Украіна Арсенія Яцанюка.

Да «Вікінга» мае дачыненьне і Беларусь. Цягнік камбінаванага транспарту «Вікінг» курсуе з 2003 году. Удзельнікі праекту — Беларусь, Украіна, Літва і Латвія, а з 2012 году — і Баўгарыя. Агульная працягласьць маршруту Ільлічоўск (Украіна) — Менск (Беларусь) — Драўгісьце (Літва) складае 1,766 тыс. км. Час у дарозе — 52 гадзіны. Цягнік злучае ланцуг марскіх кантэйнэрных і кантрэйлерных лініяў Балтыйскага рэгіёну з аналягічнай сыстэмай Чорнага, Міжземнага і Касьпійскага мораў.

Украіна 15 студзеня гэтага году запусьціла кантэйнэрны цягнік па Новым Шаўковым Шляху па маршруце Ўкраіна — Грузія — Азэрбайджан — Казахстан — Кітай (праз Касьпійскае і Чорнае моры). Цягнік прыбыў на мяжу з Кітаем 31 студзеня.

Паводле ўкраінскага міністра інфраструктуры Андрэя Піваварскага, гэты цягнік — адна з альтэрнатываў для дастаўкі грузаў паміж Кітаем і краінамі Азіі, з аднаго боку, і краінамі Эўропы, з другога. Рэйс будзе канкурэнтаздольны па тэрмінах дастаўкі і па кошце ў параўнаньні з маршрутамі праз Расею.

Гэты маршрут — альтэрнатыва, якая дазволіць перанакіраваць грузапатокі ва ўсходнім напрамку ў абход тэрыторыі Расеі. Ён уключае паромныя пераправы Чорнага і Касьпійскага мораў (Ільлічоўск — Батумі і Алят — Акту-Порт).

Ва ўкраінскім урадзе чакаюць далучэньня да праекту Туркмэністану, які можа пастаўляць паліва, у прыватнасьці, звадкаваны газ і нафтапрадукты.

Абходны маршрут быў распрацаваны на пачатку студзеня гэтага году ў адказ на дзеяньні РФ, якая забараніла з 4 студзеня транзыт украінскіх тавараў па расейскай тэрыторыі. Гэта было зроблена ў рамках агульнай палітыкі абароны расейскага рынку, прынятай Крамлём у адказ на ўступленьне ў сілу Пагадненьня аб зоне свабоднага гандлю паміж Украінай і ЭЗ. Пагадненьне набыло моц 1 студзеня 2016 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG