Расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін дазволіў транзыт украінскай прадукцыі ў Казахстан выключна празь Беларусь. У адказ украінскі бок заявіў, што будзе шукаць магчымасьць накіроўваць свае вырабы ў Казахстан альтэрнатыўным шляхам — праз Грузію і Азэрбайджан. Наколькі гэта магчыма і што страчвае пры гэтым Беларусь?
Дзеяньні расейскага кіраўніка ўкладаюцца ў стратэгію Крамля супраць Украіны.
Расейскае кіраўніцтва з пачаткам 2016 году ўвяло дзьве абмежавальныя меры для транзыту ўкраінскіх тавараў па сваёй тэрыторыі. Яно цалкам забараніла перавозіць украінскія грузы па тэрыторыі Расеі. А для транзыту прадукцыі з Украіны ў Казахстан Масква пакінула толькі адзін шлях — выключна празь Беларусь. Для гэтага вызначаныя толькі два пункты пропуску на мяжы Беларусі і Расеі.
У адказ Украіна вырашыла адправіць цягнікі са сваімі таварамі альтэрнатыўным шляхам у абход і Расеі, і Беларусі. Кіеў знайшоў маршрут, які ўключае дзьве паромныя пераправы — цераз Чорнае і Касьпійскае моры (Ільічэўск — Батумі і Алят — Актаў-Порт).
Украінскі прэм’ер Арсені Яцанюк упэўнены:
«Гэты шлях дасьць магчымасьць украінскай эканоміцы знайсьці альтэрнатыўны шлях пастаўкі тавараў на тыя рынкі, якія заўсёды былі ўкраінскімі, але ў сувязі з расейскім транзытным эмбарга нам цяпер складана дастаўляць туды тавары. Наша задача — загрузіць максымальна гэты цягнік. Такім чынам мы зьнізім сабекошт украінскіх тавараў. Пасьля падпісаньня адпаведных пагадненьняў я прасіў бы працаваць і далей над тым, каб будаваць гэты альтэрнатыўны шлях», — цытуе УНІАН прэм’ера.
«Гэты варыянт вядомы, і ён нават атрымаў назву паўднёвага транспартнага калідора», — кажа Свабодзе міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:
«Кіеў, і яго можна зразумець, шукае альтэрнатыўныя шляхі ў абыход Расеі. І ня толькі ў перавозцы сваёй прадукцыі, але і ў атрыманьні электраэнэргіі. І паўднёвы калідор апошнім часам усё больш актыўна пра сябе заяўляе. Ён менш залежны ад Расеі, у адрозьненьне ад беларускага.
Вядома, Беларусь зацікаўленая, каб украінскія тавары ў Казахстан ішлі празь беларускую тэрыторыю. За транзыт жа будуць плаціць грошы. Але тут ня ўсё залежыць ад Менску. Бо калідор праз Каўказ пралягае праз краіны, якія менш сёньня залежаць ад Крамля, чым Беларусь. Таму я ня ўпэўнены, што Кіеў зацікавіцца беларускім варыянтам».
Кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук адзначае, што пры транзыце ўкраінскіх тавараў у Казахстан празь Беларусь Крэмль паставіў жорсткія ўмовы і Менску. А менавіта — тавары павінны ісьці празь Беларусь толькі ў аплямбаваным выглядзе, безь ніякага размытненьня:
«Калі б было прадугледжана размытненьне ў Беларусі, то тут можна было б і змахляваць, як кажуць, пагрэць рукі. Але паколькі ўсё абавязкова будзе пакрывацца плёмбамі, то ўкраінскія тавары пад выглядам беларускіх на расейскі рынак ужо ня трапяць.
Спачатку было палітычнае рашэньне Крамля, што ўкраінскія тавары не павінны трапляць на расейскі рынак. А затым знайшлі і яго тэхнічнае разьвязаньне — абавязковыя плёмбы і ніякага размытненьня ў Беларусі».