Гомельская журналістка і праваабаронца, экс-палітзьняволеная Ларыса Шчыракова атрымала прэмію для журналістаў «Free media awards» у Гамбургу.
Яна была ўганараваная гэтай прэміі ў 2024 годзе, аднак не магла прыняць яе, паколькі на той момант была ў няволі ў Беларусі паводле палітычных матываў.
Ларыса Шчыракова атрымала прэмію «за сваю мужную і незалежную дзейнасьць у Беларусі», піша «Белсат».
На сайце прэміі падкрэсьліваецца, што Ларыса стала апорай для незалежных журналістаў Гомельскага рэгіёну і настойліва дамагалася легалізацыі фрыланс-журналістыкі ў Беларусі на міжнародным узроўні. Яна сама стала першай журналісткай-фрылансэрам, якую ў Беларусі аштрафавалі за нібыта «працу на замежныя СМІ». Таксама адзначаецца, што Шчыракова сьмела асьвятляла, як Беларусь спраўлялася з пандэміяй, а таксама пратэсты ў Беларусі.
Былая журналістка тэлеканала «Белсат» з Гомля Ларыса Шчыракова аказалася ў групе паўсотні вызваленых і вывезеных за мяжу 11 верасьня вязьняў. Яе затрымалі ў сьнежні 2022 году.
Асудзілі яе на 3,5 года калёніі за тое, што нібыта перадавала інфармацыю «Белсату», а таксама за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь».
Ларысу накіравалі ў жаночую калёнію № 4 у Гомлі. Пасьля ейнага затрыманьня сына-падлетка на некалькі тыдняў забралі ў прытулак.
Падчас зьняволеньня Ларысы ейная маці памерла, Шчыраковай сказалі пра гэта толькі празь месяц.
Ларыса раней расказала Свабодзе, што сыну цяпер 19 гадоў. Ён жыве ў Гомлі зь дзедам.