Беларускія правайдэры павінны захоўваць усе зьвесткі пра карыстальнікаў і сайты, што яны наведалі, цягам году пасьля аказаньня паслугі.
Згодна з пастановай Міністэрства сувязі № 6 ад 18 лютага 2015 году, ад 1 студзеня 2016 году беларускія правайдары будуць захоўваць зьвесткі пра наведваныя карыстальнікамі сайты цягам году ад даты аказаньня паслугі. Пастаўшчыкі паслуг мусілі самастойна ўсталяваць належныя апаратна-праграмныя комплексы.
Правайдэрам і мабільным апэратарам трэба захоўваць нумар і дату заключэньня дамовы, імя, прозьвішча, адрас карыстальніка, зьвесткі, што дазволяць ідэнтыфікаваць карыстальніка і яго прыладу, МАС-адрас або ідэнтыфікацыйны нумар прылады. Адносна наведаных сайтаў трэба захоўваць дату, час пачатку і заканчэньня злучэньняў, унутраны і зьнешні IP-адрасы і парты абанэнцкай прылады, дамэннае імя або IP-адрас і порт інтэрнэт-рэсурсу, які наведвае карыстальнік, аб’ём перададзеных і прынятых зьвестак.
Інтэрнэт-карыстальнікі па ўсім сьвеце з розных прычынаў: ці то боязі перасьледу ці простага жаданьня прыватнасьці, пазьбягаюць захоўваньня інфармацыі пра тое, якія сайты наведваюць. Дзеля гэтага існуе багата спосабаў, яны аналягічныя тым, празь якія трапляюць на забароненыя сайты. Хіба ня самы папулярны спосаб захаваць ананімнасьць у інтэрнэце — Tor.
У 2015 годзе беларускія ўлады атрымалі права блякаваць ня толькі сайты з «чорнага сьпісу», але і сродкі ананімнасьці ў інтэрнэце — ананімайзэры, проксі-сэрвэры і той самы Tor. Але на момант публікацыі Свабода не знайшла заблякаваных сродкаў ананімнасьці, папулярныя рэсурсы працягваюць дзейнічаць у Беларусі і забясьпечваць прыватнасьць у штатным рэжыме.