У інтэрвію Бі-Бі-Сі Сьвятлана Алексіевіч назвала «наватарскім» і «моцным» рашэньне Швэдзкай Акадэміі прызнаць ёй Нобэлеўскую літаратурную прэмію за 2015 год.
Інтэрвію, якое было апублікаванае на сайце расейскай службы Бі-Бі-Сі толькі цяпер, было ўзятае яшчэ да паездкі пісьменьніцы на цырымонію ўручэньня прэміі 10 сьнежня.
Фрагмэнты:
Бі-Бі-Сі: Прайшоў ужо нейкі час з таго моманту, як вам прысудзілі Нобэлеўскую прэмію. Якія вашы адчуваньні цяпер?
Сьвятлана Алексіевіч: Я б магла сказаць, што адчуваньні з самага пачатку былі такія, працоўныя: што трэба і далей працаваць, думаць і працаваць. У маім жыцьці ўжо амаль месяц – суцэльныя інтэрвію, суцэльныя сустрэчы. Так што пакуль працаваць не атрымліваецца – у такім прамым сэнсе.
Прэмія – гэта, вядома, сьвята. Тым больш такая прэмія – гэта вялікае сьвята! Але галоўнае ў жыцьці не мяняецца, – усё роўна застаесься з новай кнігай перад белым аркушам у той жа разгубленасьці, у думаньні, як жа гэта цяпер зрабіць, таму што нецікава рабіць тое, што ты ўжо ўмееш рабіць...
Бі-Бі-Сі: А ў вас узьнікла пачуцьцё большай адказнасьці, паколькі ўсё, што вы цяпер пішаце і робіце, прыцягвае значна больш увагі?
Сьвятлана Алексіевіч: Я ўжо гэта адчула, вядома. Нельга больш так лёгка і нядбайна казаць пра нейкія рэчы. Трэба прадумваць больш нейкія думкі. Таму што людзі зьвяртаюцца да мяне. Адначасова нельга станавіцца нейкай службай добрых паслуг і без канца раздаваць інтэрвію і выказваць сваё меркаваньне, паколькі мая справа – гэта пісьменьніцтва.
Бі-Бі-Сі: Сярод Нобэлеўскіх ляўрэатаў вельмі няшмат пісьменьнікаў, якія не спэцыялізуюцца на мастацкай літаратуры. Яшчэ адным такім пісьменьнікам быў Ўінстан Чэрчыль. Ці лічыце вы, што праклалі шлях пісьменьнікам-дакумэнталістам?
Сьвятлана Алексіевіч: Я думаю, што гэта наватарскае рашэньне журы Швэдзкай Акадэміі, што, напэўна, узрадавала шматлікіх журналістаў і мяне перш за ўсё, – што яны пачулі час, што час патрабуе новых формаў, што старыя формы ўжо ня месьцяць таго, што адбываецца. У нас ужо няма часу павольна і доўга, як Леў Талстой, сядзець і асэнсоўваць падзеі. Усё проста напластоўваецца адно на адно.
Для мяне гэта радасная рэч – ня толькі як асабісты посьпех, але і тое, што мой погляд на сьвет, на тое, як яго перадаць, як яго адлюстраваць, знайшоў такую падтрымку. І я думаю, што гэта дапаможа многім людзям пайсьці яшчэ далей, зрабіць рэчы, якія будуць больш дакладныя ў часе, таму што час рухаецца, а разам з ім рухаецца яго адлюстраваньне – рухаецца літаратура, рухаецца дакумэнт. Але гэта вельмі моцнае рашэньне журы.