Паліцыя Францыі папярэджвае, што абодва сырыйскія пашпарты, знойдзеныя на месцы тэрактаў, могуць быць фальшывымі.
Пашпарт 25-гадовага Ахмэда Альмухамэда быў знойдзены на месцы тэракту ў канцэртнай залі Bataclan. Выданьне Blic сьцьвярджае, што Альмухамэд прыбыў з грэцкай выспы Лерас 3 кастрычніка і пазыцыянаваў сябе як перасяленец.
Гэты чалавек мог трапіць у Парыж па балканскім маршруце ўцекачоў. 3 кастрычніка ён прыбыў на тэрыторыю Грэцыі, 7 кастрычніка — у Сэрбію з боку Македоніі, пасьля — у Харватыю і Аўстрыю.
Тэрарысты ўварваліся ў канцэртную залю Bataclan у 21:50 13 лістапада. Яны былі ўзброеныя аўтаматамі Калашнікава і мелі паясы сьмяротнікаў. Адзін з тэрарыстаў быў ідэнтыфікаваны як францускі грамадзянін Ісмаэль Амар Мустафа.
Другі сырыйскі пашпарт на імя Абдулакбака Б. знойдзены побач зь целам тэрарыста-сьмяротніка каля аднаго з уваходаў на стадыён Stad de France. Аднак пракуратура Парыжу яшчэ ня высьветліла, ці гэты пашпарт мае дачыненьне да тэрарыстычных атак. Вядома, што чалавек з такім імем нарадзіўся ў 1990 годзе.