Асоба 29-гадовага тэрарыста, які нарадзіўся ў Канкуры непадалёк ад Парыжа, была ўсталяваная па абрубку пальца, знойдзенага ў канцэртнай залі Bataclan. Арыштаваныя 6 членаў яго сям’і, у тым ліку брат і бацька. Брат сам прыйшоў у паліцыю.
Ісмаэль Амар Мустафа нарадзіўся 21 лістапада 1985 году і мае альжырскія карані. У яго яшчэ два браты і дзьве сястры. Адзін з братоў мае кальянную ў горадзе Шартрэ.
Вядома, што ў Шартртэ апошнія гады жыў і сам Ісмаэль Амар Мустафа. Ягонае імя паведаміў у сваім «Фэйсбуку» дэпутат Шартрэ Жан П’ер Жорж. Мяркуецца, што ўзімку 2013-14 Ісмаэль некалькі месяцаў быў у Сырыі.
Увечары 13 лістапада у 21:40 Ісмаэль і яшчэ двое мужчын выйшлі з «Фальксвагена-Пола» чорнага колеру і ўварваліся ў канцэртную залю Bataclan. Яны былі ўзброеныя аўтаматамі Калашнікава і мелі на сабе паясы сьмяротнікаў. Тэрарысты сталі расстрэльваць наведнікаў канцэрту, а закладнікаў сабралі ў аркестравую яму. Падчас кароткіх перамоваў з паліцыяй тэрарысты згадвалі Сырыю і Ірак.
У выніку нападу на Bataclan загінулі 89 чалавек.
Сам Ісмаэль Амар Мустафа быў ідэнтыфікаваны па абрубку пальца, які знайшлі на месцы выбуху. Пакуль гэта адзіны вядомы ўдзельнік тэрарыстычнай групы.
Адбіткі пальцаў тэрарыста былі ў паліцыі, бо з 2004 да 2010 году ён быў асуджаны 8 разоў. Падставай для прысудаў былі хуліганскія паводзіны, абразы і падазрэньні ў датычнасьці да наркатрафіку. Аднак у турме Ісмаэль Амар Мустафа ні разу не сядзеў.
З 2010 году мужчына ў паліцэйскіх сьпісах ісламістаў. Дэпутат Жан П’ер Жан паведаміў, што з 2012 году пра яго не было нічога чуваць. Аднак паліцыі было вядома пра дзейнасьць Ісмаіла Амара Мустафы, зьвязаную з прапагандай ісламу.
«Гэта вар’яцта, гэта шаленства, — заявіў 34-гадовы брат Мустафы агенцтву AFP перад тым, як яго ўзялі пад варту. — Я ўчора быў у Парыжы і бачыў, як усё гэта было».
Ён сам зьвярнуўся у паліцыю, калі даведаўся, што Мустафа ўдзельнічаў у нападах. Кажа, што спыніў стасункі з Мустафой некалькі гадоў таму, калі даведаўся пра ягоныя дробныя крымінальныя злачынствы. Аднак ён заявіў, што ніколі ня думаў, што яго брат мог настолькі радыкалізавацца.
Апошняе, што ён ведаў пра брата, — што той зьехаў у Альжыр зь сям’ёй і «маленькай дзяўчынкай». Больш ён ня меў пра яго зьвестак.
Крыніца, блізкая да сьледзтва, паведаміла, што Ісмаэль Амар Мустафа рэгулярна наведваў мячэт у Люсэ, непадалёк ад Шартрэ.
13 лістапада ў Парыжы было ўчынена 6 тэрарыстычных актаў, у выніку якіх загінулі 129 чалавек, 300 атрымалі раненьні. Адказнасьць узяла на сябе групоўка «Ісламская дзяржава».
Паводле Le Monde