Сярод загінулых два альжырцы, адна амэрыканка, адзін брытанец, тры бэльгійцы, адна гішпанка, адзін мараканец, два партугальцы, два румыны, дзьве туніскі, два чылійцы, адзін швэд.
Такую інфармацыю паведамляюць СМІ са спасылкай на крыніцы ў францускай паліцыі.
Адным зь першых было названае імя 27-гадовага адваката фірмы Hogan Lovells Валянціна Рыбе (Valentin Ribet), які быў на канцэрце ў залі Bataclan. Лёнданская школа эканомікі, у якой навучаўся Рыбе, зьмясьціла ў «Твітэры» допіс: «Нашыя сэрцы перапоўненыя сумам». Кампанія Рыбе апісала яго як «таленавітага юрыста». «Гэта страшная трагедыя, якую любому цяжка зразумець. Мы шакаваныя гэтай стратай і ўсім, што здарылася ў Парыжы», — гаворыцца ў паведамленьні кампаніі.
Сьмерць грамадзяніна Брытаніі Ніка Аляксандра (Nick Alexander) пацьвердзіла ягоная сям’я. Нік супрацоўнічаў з каліфарнійскай групай Eagles of Death Metal, падчас канцэрту якой у залі Bataclan адбыўся тэрарыстычны напад.
«Нік быў ня проста нашым братам, сынам і дзядзем, ён быў найлепшым сябрам кожнага», — піша ягоная сям’я. — Ён загінуў, выконваючы працу, якую любіў, і нам важна, як моцна яго любілі ягоныя сябры па ўсім сьвеце. Дзякуй вам за вашыя думкі і павагу да нашай сям’і ў гэты цяжкі час. Міру і сьвятла«.
Грамадзянін Нямеччыны, які працаваў у парыскім офісе італьянскага архітэктара, загінуў падчас вячэры зь сябрамі ў камбаджыйскім рэстаране, на які быў учынены напад. Ягонае імя не паведамляецца.
Ахвярай тэрарыстаў стала 20-гадовая амэрыканка Наэмі Гансалес (Nohemi Gonzalez), студэнтка Каліфарнійскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту ў Лонг Біч. Яна знаходзілася ў Парыжы па праграме абмену.
Францускія СМІ паведамляюць пра сьмерць двух сясьцёр з Тунісу 34 і 35 гадоў, якія жылі ва ўсходняй Францыі і прыехалі ў Парыж на сьвяткаваньне дня народзінаў сябра.
Сьмерць сваіх грамадзянаў у выніку тэрарыстычных атак у Парыжы пацьвердзілі ўлады Швэцыі, Бэльгіі й Румыніі.
13 лістапада ў выніку 6 тэрарыстычных атак у Парыжы загінулі 129 чалавек, больш за 300 атрымалі раненьні. Адказнасьць узяла на сябе групоўка «Ісламская дзяржава».
Паводле The Guardian