У дзень пажылых людзей магілёўскія пэнсіянэры апавялі Свабодзе пра свае жыцьцёвыя клопаты і палітычныя прыхільнасьці. Выказаліся, ці чакаюць пасьля выбараў пераменаў і каго абяруць на прэзыдэнта.
Магілёўскі мікрараён «МІР-1». Немалы працэнт тутэйшага насельніцтва — пэнсіянэры. Дзень многія зь іх пачынаюць з крамы ды рынку. Набыўшы, што трэба, старыя з клункамі, не сьпяшаючыся, варочаюцца дахаты.
«Пэнсіі малыя. Як у мяне, дык 2 мільёны 800 тысяч. А сямёра ж унукаў, і кожнаму трэба даць хоць крыху, — даводзіць журналісту свой клопат адна зь першых старых суразмоўніц. — Яшчэ хвалюе мэдычнае абслугоўваньне. Калі мне сёньня стане кепска, дык у паліклініцы талёнаў да лекара ня ўзяць».
Жанчына ня верыць, што сёлетнія прэзыдэнцкія выбары зьменяць жыцьцё пэнсіянэраў да лепшага. Паслухаўшы кандыдатаў у прэзыдэнты, яна прызнаецца: разгубілася.
«Вось я стаю ля разьбітага карыта. Ісьці мне галасаваць за каго ці ўстрымацца. Паслухаеш аднаго — той добра кажа, другога — таксама. Такая ў мяне разгубленасьць».
Наступная суразмоўніца таксама выказала крыўду на мэдыцыну. «Талёнаў да ўрачоў ня ўзяць», — жаліцца журналісту яна.
«Трэба ў пяць раніцы ўставаць, каб нумарок узяць, і стаяць у чарзе. На нас, на старых, мэдыцына наагул не зьвяртае ўвагі. Усе крыўдзяцца на яе. Як абсьледаваньне якое, дык тады плаціць трэба, а пэнсіі не хапае», — абураецца кабета і нечакана пераходзіць ад праблемаў будзённасьці да тэмы выбараў:
«Цяпер жа эканамічны крызіс у сьвеце, дык хто б ні стаў прэзыдэнтам, лепей ня будзе. Мы ж свайго кандыдата ведаем. Лукашэнка няхай яшчэ тэрмін пабудзе. Мы яму шанец даём. Іншым разам і ім незадаволеныя, але няхай пабудзе, а потым саступіць маладым пасаду. Ён, урэшце, выглядае пакуль ня дужа старым».
Па словах наступнага суразмоўцы, у яго ўсё добра. «Пэнсія неблагая. Надвор’е добрае. Чаго большага хацець?», — кажа ён журналісту.
«Пэнсіі, вядома ж, хацелася б болей атрымліваць. Але дзе ж дзяржава больш грошай возьме на яе? Гэта толькі прэтэндэнты абяцаюць. Але ж дзе яны грошы возьмуць? Як кажуць: „Захад дапаможа“? А Захад за што нам дапаможа? Значыць, трэба яму нешта за гэтую дапамогу нам аддаць?», — разважае стары.
«Я галасаваць буду толькі за Лукашэнку, — працягвае ён. — Альтэрнатывы яму я ня бачу. Ён хаця б нічога не распрадае і не аддае. А больш — што зь яго возьмеш, калі дзяржава наша бедная? У нас жа нічога няма, акрамя калію».
«А я паспрабую прагаласаваць за кандыдата-жанчыну», — заяўляе наступная суразмоўніца.
«Мне гэтая кандыдатка спадабалася, але я сумняваюся, што мой голас на выбарах нешта зьменіць, — кажа яна. — Досьвед мінулых выбараў паказвае, што сыстэма ў нас адпрацаваная, таму зьменаў я не чакаю. Усё застанецца па-старому, а мне б хацелася пераменаў».
«Якія клопаты цяпер у пэнсіянэраў? Цяпер усюды ўсім у нас добра. Лукашэнка забясьпечвае пэнсіянэраў», — адказвае на пытаньне пра клопаты пэнсіянэраў наступная суразмоўніца.
«Грашыць ня буду, усё добра. Але вось каб маладым больш плацілі, — кажа яна. — Вось па тэлевізары паказваюць сем-восем мільёнаў заробкі, а як плаціць, дык па два-тры мільёны. Ім жа сваіх дзетак трэба гадаваць, а дзевяностагадоваму пэнсіянэру даюць пэнсіі чатыры мільёны. Дык мы сваю пэнсію аддаём дзецям. І самі недаядаем. Каб ім больш плацілі, дык яны б ад нас ня бралі, а так і мы, выходзіць, працуем на іх».
Наступная суразмоўніца, як і бальшыня апытаных пэнсіянэраў, заявіла: на жыцьцё грэх скардзіцца, бо ў дастатку жыве. Зь яе слоў, два мільёны мае пэнсіі муж і яна столькі ж. «І яшчэ ўнукам дапамагаем», — ганарліва дадала жанчына. На пытаньне — а што, дзеці самі ня могуць зарабіць? — адказала:
«Дзецям цяпер горш, чым нам. У нас жа стабільная пэнсія, а ў дзяцей цяжкая праца — і два мільёны толькі зарабляюць. А трое дзяцей у іх. А ў садок, ясьлі ўсюды ж патрабуюць, — ледзьве ня плачучы, апавядае пра жыцьцё сваіх дзяцей суразмоўніца. — Усе пэнсіянэры дапамагаюць сваім дзецям. Ніводнае дзіця цяпер старым не дапамагае. А старыя дзецям дапамагаюць».
«А прэзыдэнтам усё адно будзе Лукашэнка, — на разьвітаньне дадае жанчына. — Больш годнага за яго няма. Яго ніколі ня зьменяць. Яму вераць. Дзевяноста працэнтаў ён набярэ. А тыя, хто супраць яго, — дык гэта для іміджу, як цяпер гавораць».
«Калі ўдваіх, то пэнсіі хапае на жыцьцё. А вось калі адна застаесься, то цяжка», — працягвае гутарку пра клопаты пэнсіянэраў яшчэ адна кабета.
У тое, што выбары зьмяць жыцьцё да лепшага, суразмоўніца ня верыць. «Той жа самы прэзыдэнт застаецца», — прагназуе яна і дадае: «Гэтак людзі кажуць».
«А мы ж ня ведаем больш нікога. А па-другое, ён дамогся, што зь ім за руку вітаюцца за мяжой. А раней усё іначай было».