Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін лічыць, што сырыйскі крызіс можа быць урэгуляваны толькі праз умацаваньне сырыйскіх «урадавых структураў» і адмовіўся падтрымаць патрабаваньне ЗША пра тое, што прэзыдэнт Сырыі Башар Асад павінен пакінуць сваю пасаду ў рамках любога палітычнага ўрэгуляваньня канфлікту ў гэтай краіне.
Пра гэта расейскі прэзыдэнт заявіў у інтэрвію праграме «60 хвілінаў» тэлекампаніі CBS, вытрымкі зь якой былі апублікаваныя ўвечары ў чацьвер. «Голас Амэрыкі» цытуе словы Пуціна ў перакладзе з ангельскага тэксту, апублікаванага CBS.
«Няма ніякага іншага спосабу рашэньня сырыйскай праблемы, акрамя як узмацняць эфэктыўныя ўрадавыя структуры і аказваць ім дапамогу ў барацьбе з тэрарызмам, — сказаў Пуцін. — Але ў той жа час неабходна заклікаць іх да пазытыўнага дыялёгу з рацыянальнай апазыцыяй і правядзеньня рэформаў».
Пуцін не пагадзіўся з патрабаваньнямі Захаду, што пры любым варыянце ўрэгуляваньня сырыйскага крызісу прэзыдэнт Асад павінен сысьці.
«Я хацеў бы ім параіць зрабіць наступнае, — сказаў ён. — Яны павінны зьвярнуцца з гэтым да сырыйскага народа. Толькі сырыйскі народ мае права вырашаць, хто і па якіх прынцыпах будзе кіраваць краінай».
Расейскі кіраўнік прызнаў, што мэтай нядаўняга ўзмацненьня расейскай ваеннай прысутнасьці ў Сырыі зьяўляецца выратаваньне ўраду Асада, паколькі ён губляе пазыцыі ў вайне.
«Правільна, так і ёсьць, — сказаў ён, адказваючы на пытаньне пра выратаваньне рэжыму сырыйскага прэзыдэнта. — Паводле майго глыбокага перакананьня, любыя дзеяньні ў зваротным кірунку, нацэленыя на разбурэньне легітымнага ўраду, створаць сытуацыю, якую можна бачыць у іншых краінах рэгіёну або іншых рэгіёнах, напрыклад, у Лібіі, дзе ўсе дзяржаўныя інстытуты разбураныя. Мы назіраем аналягічную сытуацыю ў Іраку».
Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры нядаўна пацьвердзіў, што сыход Асада ад улады павінен быць часткай любога ўрэгуляваньня ў Сырыі.
Прэзыдэнт ЗША Барак Абама і Пуцін сустрэнуцца ў Нью-Ёрку на наступным тыдні на фоне ўзмацненьня напружанасьці ў Эўропе і на Блізкім Усходзе, але Крэмль і Белы дом у чацьвер выказалі розныя пункты гледжаньня з нагоды галоўных прыярытэтаў на перамовах.
Белы дом настойваў, што Пуцін і Абама сфакусуецца на сытуацыі ва Ўсходняй Украіне, дзе падтрымоўваныя Расеяй сілы ваююць з урадавай арміяй.
Масква, аднак, сьцьвярджае, што галоўнай тэмай стане Сырыя, дзе ў апошнія тыдні Расея ўзмацняе сваю ваенную прысутнасьць, накіроўваючы баявыя самалёты, танкі і іншае абсталяваньне для падтрымкі прэзыдэнта Башара Асада.
Паведамляецца, што сырыйскія ВПС наносілі ўдары з паветра па пазыцыях «Ісламскай дзяржавы», выкарыстоўваючы расейскія ваенныя самалёты, якія толькі што прыбылі ў краіну. У СМІ зьявіліся паведамленьні са спасылкай на мясцовыя крыніцы, паводле якіх авіяўдары былі нанесеныя ў паўночнай частцы краіны.
У апошнія дні сырыйская авіяцыя актывізавала паветраныя апэрацыі супраць «Ісламскай дзяржавы» у сувязі з нарошчваньнем Расеяй ваеннай прысутнасьці ў Сырыі, куды перакідваюцца зьнішчальнікі-верталёты і жывая сіла, а таксама дастаўляюцца іншыя ваенныя грузы.
На гэтым тыдні амэрыканскія афіцыйныя асобы паведамілі «Голасу Амэрыкі», што колькасьць сучасных расейскіх баявых самалётаў на авіябазе, разьмешчанай недалёка ад прыбярэжнага горада Латакія, павялічылася з 4 да 28.
Як паведаміў дзяржсакратар ЗША Джон Кэры, амэрыканскія ваенныя экспэрты лічаць, што расейскія самалёты, накіраваныя на сырыйскую авіябазу, знаходзяцца там для таго, каб абараніць расейскіх вайскоўцаў і вайсковую маёмасьць, якія ўжо знаходзяцца ў Сырыі.
Кэры папярэдзіў, што дзеяньні Расеі ў Сырыі могуць прывесьці да канфрантацыі з кааліцыяй, якая ваюе з «Ісламскай дзяржавай», у той час як Расея заяўляе, што ЗША ўжо ня так актыўна выступаюць супраць удзелу Расеі ў гэтым канфлікце.
У наяўнасці відавочныя прыкметы таго, што Расея, верагодна, рыхтуецца да нарошчваньня ваеннай прысутнасьці ў Сырыі.
На зробленых са спадарожніка здымках, апублікаваных у аўторак абароннай аналітычнай фірмай IHS Jane’s, намаляваныя два ваенныя аб’екты недалёка ад Латакіі. Як адзначаюць аналітыкі з гэтай фірмы, прысутнасьць ваенных намётаў, падобных на расейскія, на гэтых двух аб’ектах можа сьведчыць аб падрыхтоўцы да разьмяшчэньня больш шматлікага кантынгенту.
Злучаныя Штаты пакуль ня ўпэўненыя ў тым, ці супадаюць іх інтарэсы ў Сырыі з інтарэсамі Расеі ў гэтай краіне, нягледзячы на агульнае жаданьне разграміць «Ісламскую дзяржаву». Пра гэта ў чацьвер заявіў міністар абароны ЗША Эш Картэр.
«Мы будзем працягваць супрацоўнічаць з Расеяй па тых напрамках, дзе нашы інтарэсы супадаюць. Пакуль незразумела, ці існуе такое супадзеньне ў Сырыі, хоць гэта цалкам магчыма», — сказаў Картэр, адзначыўшы неабходнасьць працягваць намаганьні, накіраваныя на адхіленьне прэзыдэнта Асада ад улады.