Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Малады Фронт» абвясьціў выбарам «ігнор» і пачынае адраджэньне ФОТА


6 верасьня Малады Фронт адзначыў сваё 18-годзьдзе. А 12 верасьня ў сядзібе Партыі БНФ прайшла першая сэсія ІХ зьезду Маладога Фронту.

На ёй былі прыняты рэзалюцыі «Выбарам — ігнор» і «Галоўны Фронт барацьбы: супраць імпэрыі», а таксама зацьверджаная стратэгія Маладога Фронту на 2015 год.

Зьезд сёлета адбываецца ў адкрытым фармаце, удзельнічаць могуць усе ахвотныя сябры арганізацыі, дэлегатаў не абіралі. Сустаршыня маладога фронту Зьміцер Дашкевіч назваў зьезд дыскусіяй.

Пачаўся зьезд з хвіліны маўчаньня па загінулым ва Ўкраіне Алесю Чаркашыну. Дэлегаты прасьпявалі «Магутны Божа».Спачатку маладафронтаўцы хацелі прыняць рэзалюцыю «Байкот „выбарам“»

Ну а потым сапраўды пачалася дыскусія, затраўку якой зрабіў Дашкевіч:

«Зважаючы на сёньняшні стан рэчаў, лічым, што байкот выбараў — гэта адзіная мажлівасьць для прыхільнікаў пераменаў выказаць свой пратэст дыктатуры. Пустыя ўчасткі — гэта адзіная мажлівасьць дэлегітымізацыі выбарчага фарсу. Заклікаем усіх кандыдатаў, якія адносяць сябе да апазыцыі дыктатару, зьняцца з выбараў. Усіх, хто працягвае ўдзел у цырку Лукашэнкі — Ярмошынай, „Малады Фронт“ уважае за марыянэтак дыктатуры».

Павал Севярынец не пагадзіўся з фармулёўкай «байкот»:

«Байкот выбараў — гэта калі выбары ёсьць, а нейкая палітычная сіла на знак пратэсту ці ў сілу нейкіх сваіх палітычных меркаваньняў іх байкатуе. Калі ігнор выбараў — гэта ігнараваньне, калі мы ставімся да гэтага, быццам бы там нічога няма. Ігнор, на мой погляд, больш дакладная дэфініцыя. І я прапанаваў бы з улікам таго, што байкот пазначаны як адміністрацыйнае правапарушэньне, выбраць альбо ігнор, альбо няўдзел».

Прагаласавалі за «ігнор», то бок за рэзалюцыю «Выбарам — ігнор».

Наступныя пытаньні парадку дня — аналіз грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне і стратэгія Маладога Фронту — 2015.

Слова бярэ Яўген Васьковіч, былы палітвязень. На яго думку, трэба весьці ўжо крыху іншую дзейнасьць, разьвіваць рэгіянальныя структуры — «каб кола Маладога Фронту рухалася па рэгіёнах»:

«Усё магчыма. Але патрэбна прыкладаць намаганьні. Нічога не атрымаецца, калі нічога не рабіць, сядзець толькі ў сеціве. Я лічу, што трэба перабудоўваць ня тое што радыкальна, але кардынальна некаторыя рэчы. Бо ўвесь час жыць былымі перамогамі даволі дурнавата, гэта заўжды цягне назад, не дае штуршку ўперад. Таму зараз мы будзем займацца менавіта гэтай працай. Я буду займацца рэгіёнамі».

Павал Севярынец канстатаваў: «У МФ, як і ў апызыцыі, няма палітычнага лідэра. Ёсьць культурніцкі рух, фанаты, вышыванкі і г.д. — але няма палітычнай крышталізацыі. Карная машына заточаная пад моладзь. Зараз існуе вялікі попыт на маладую сілу. Першая задача — арганізаваць каардынацыю. Праблема ня толькі ў Лукашэнку, але і ў імпэрыі, а таксама ў стане грамадзтва. Час для адраджэньня Маладога Фронту менавіта той.

Мікола Дземідзенка казаў пра Ўкраіну:

«Сябры на ўсходзе Ўкраіны чакаюць нашай актыўнасьці. Кожны павінен падумаць, чым мы можам дапамагчы Ўкраіне».

На першай сэсіі зьезду таксама вылучылі новы склад Сойму, у які ўвайшлі 19 чалавек. І нават прагаласавалі пайменна. Але канчаткова склад Сойму будзе прыняты на другой сэсіі, 10 кастрычніка.

Заснавальнік Маладога Фронту Павал Севярынец падсумаваў:

«Уражаньне такое, што Малады Фронт адштурхнуўся ад дна. Апошнія гады сядзеў у засадзе, па-партызанску, а зараз, зважаючы на агульны ўздым беларускага руху, на тысячы людзей на стадыёнах, на канцэртах у вышыванках, на моўных курсах, Малады Фронт адраджаецца.

І сёньняшняя дата — 12 верасьня, на мой погляд, увойдзе ў гісторыі Маладога Фронту як дата адраджэньня МФ. Празь месяц — другая сэсія зьезду, ужо зараз мы бачым натхненьне, ужо зараз мы бачым новых людзей, якія гатовыя працаваць у Менску і ў рэгіёнах. І таму я думаю, што гэта — адраджэньне МФ».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG