Напярэдадні зьезду «Маладога Фронту» яго сустаршыня Зьміцер Дашкевіч паведаміў Радыё Свабода, што не зьбіраецца балятавацца на кіроўную пасаду ў арганізацыі, а таксама патлумачыў, чаму маладафронтаўцы адмовіліся ад ідэі агітаваць супраць Тацяны Караткевіч, а ўлады ня будуць арыштоўваць актывістаў перад выбарамі, як тое было ў 2010 годзе.
Першая сэсія чарговага IX зьезду «Маладога Фронту» пачнецца 12 верасьня аб 11 гадзіне на сядзібе Партыі БНФ. Там прагучаць справаздачы цяперашняга кіраўніцтва і будзе абраны фармат і схема кіраваньня арганізацыяй.
На другой сэсіі, якая адбудзецца напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў — 10 кастрычніка, актывісты канчаткова зацьвердзяць склад кіраўніцтва «Маладога Фронту».
Папярэдні зьезд арганізацыі адбыўся ў кастрычніку 2013 году. Тады ў арганізацыі быў уведзены парадак сустаршынства і яе ачолілі Зьміцер Дашкевіч, Эдуард Лобаў і Андрэй Цянюта.
— Зьміцер, чаму вы вырашылі праводзіць зьезд у два этапы?
— Перад прэзыдэнцкімі выбарамі маем час, калі Лукашэнка гуляе ў дэмакратыю, спрабуючы атрымаць легітымізацыю ад Захаду. Таму для «Маладога Фронту» ёсьць магчымасьць зьбірацца безь перашкодаў, затрыманьняў і выбітых дзьвярэй. Чаму б не сабрацца два разы замест аднаго? На першай сэсіі мы плянуем абраць Сойм арганізацыі, у які ўвойдзе чалавек 20–30. Калі празь месяц зьявяцца асобы, якія пажадаюць узяць на сябе пэрсанальнае лідэрства, — абяром старшыню ці сустаршыняў. Калі такіх лідэраў ня будзе, кіраваць «Маладым Фронтам» стане шырокі Сойм.
— У 2010 годзе цябе разам з Эдуардам Лобавым затрымалі за дзень да выбараў. Ці бясьпечна праводзіць вялікі сход актывістаў 10 кастрычніка, калі ў вас заплянаваная другая сэсія зьезду?
— Калі перад выбарамі ўлады захочуць масава затрымліваць людзей, то ў нас ня будзе магчымасьці сабрацца пасьля выбараў. Гэта адно. Другое. Ёсьць спадзеў, што такога разгрому, які быў 5 год таму, ня будзе. У 2010 годзе «Малады Фронт», як і многія іншыя палітычныя сілы, рыхтаваўся да Плошчы. Цяпер гэта нікому ня трэба.
— Перад справаздачным мерапрыемствам «Малады Фронт» не праводзіў сходаў па вылучэньні дэлегатаў, зьезд абвешчаны адкрытым, на яго запрашаюцца ўсе сябры арганізацыі, якія маюць жаданьне паўдзельнічаць. З чым зьвязана такое рашэньне?
— Адкрыты фармат абраны для таго, каб кожны, хто жадае ўзяць на сябе адказнасьць за арганізацыю, меў такую магчымасьць. Раней пасьля сходаў і зьездаў заўсёды гучалі прэтэнзіі, што ў кагосьці не было магчымасьці прыехаць, што нехта прывёз дэлегатаў больш, чым трэба. Ну, калі ласка, цяпер мы прапануем такі фармат — усе, у каго ёсьць амбіцыі, могуць прыйсьці і дапамагчы «Маладому Фронту» і моладзеваму палітычнаму руху ў цэлым.
— Якія рашэньні будзе прымаць зьезд, апроч зьвязаных з кіраваньнем арганізацыяй?
— Мы будзем даваць ацэнку выбарам, хоць гэты працэс яшчэ і ня скончыўся. Агучым пазыцыю «Маладога Фронту» што да выбарчай кампаніі. У нас ёсьць прыхільнікі байкоту. Таму ёсьць імавернасьць, што тактыка байкоту будзе абвешчаная на зьезьдзе. І таксама прымем стратэгію кароткай і доўгатэрміновай дзейнасьці нашай арганізацыі.
— У жніўні «Малады Фронт» заявіў, што на зьезьдзе будзе распрацаваная тактыка супрацьдзеяньня зарэгістраваным кандыдатам. У прыватнасьці, гутарка вялася пра Тацяну Караткевіч. Ці нешта зьмянілася ў гэтым кірунку?
— Так атрымалася, што мы агучвалі тую заяву за суткі да вызваленьня Мікалая Статкевіча і іншых пяці палітычных вязьняў. Сутнасьць заявы была ў тым, што ня можа быць дэмакратычнага кандыдата на выбарах, калі кандыдат зь мінулых выбараў знаходзіцца за кратамі. Сёньня палітычных вязьняў няма, таму рэзкіх заяваў што да кампаніі Тацяны Караткевіч не плянуецца.
— Як ты для сябе тлумачыш агульны заняпад моладзевага руху ў Беларусі?
— Многія моладзевыя арганізацыі, якія пэўны час былі магутнымі і масавымі, самараспусьціліся альбо проста зьніклі. Чаму? Таму што гэта былі кароткатэрміновыя праекты, створаныя пад кампаніі, якія ня несьлі выразнай ідэі. Калі казаць пра праблему моладзевага руху ў сучаснай Беларусі, то трэба зважаць на тое, што грамадзтва знаходзіцца ў стане дэпрэсіі і апатыі. Аслаб ня толькі моладзевы рух, тая самая сытуацыя ва ўсіх палітычных партыях. Вырасла пакаленьне, якое ня ведае, што такое бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня». Маё пакаленьне прыходзіла ў рух на пачатку нулявых таму, што адмаўлялася ўспрымаць чырвона-зялёную анучу, а цяпер маладыя людзі проста ня ведаюць, што ёсьць нейкая альтэрнатыва. Разам з тым я хачу нагадаць, што «Малады Фронт» быў і застаецца ідэйнай арганізацыяй, заснаванай на канкрэтным каштоўнасным базісе. Пакуль жыве ідэя беларушчыны і незалежнасьці ў сэрцах маладых людзей, гэтая арганізацыя будзе функцыянаваць. Нават у часы жахлівых рэпрэсіяў. «Малады Фронт» шмат што перажываў — дзясяткі крымінальных спраў, сотні вобшукаў, пагромы. І ён выстаяў дзякуючы сваёй ідэі.