Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэвэнтыўны нагляд для Аўтуховіча падоўжылі на паўгода. Суд прайшоў безь яго


Ваўкавыскі раённы суд паўторна разгледзеў справу без Аўтуховіча, у прысутнасьці толькі ягонага адваката. Сам Аўтуховіч пасьля гіпэртанічнага крызу дагэтуль у шпіталі.

Пра рашэньне Ваўкавыскага суду працягнуць прэвэнтыўны нагляд яшчэ на паўгода Аўтуховічу сказаў ягоны адвакат. Якіх-кольвек падрабязнасьцяў Аўтуховіч Свабодзе не паведаміў, бо яшчэ дрэнна пачуваецца. Адзінае, паводле яго, калі ў судах разглядаюць справы без прысутнасьці абвінавачаных, то гэта ўжо самаўпраўства:


— Я яшчэ раней размаўляў зь юрыстамі на гэты конт, і мне сказалі адмыслоўцы, што такіх выпадкаў у Беларусі яшчэ не было. Вядома, гэта незаконна. І як наагул магчыма разглядаць справу ў дачыненьні да мяне і безь мяне? Гэта прамое парушэньне закону. Я павінен быў прысутнічаць, калі мяне судзілі, альбо разгляд справы павінны былі перанесьці.


Шостага жніўня ў Ваўкавыскім раённым судзе ў 11.30 павінен быў адбыцца паўторны суд, каб працягнуць прэвэнтыўны нагляд над Аўтуховічам. Гэта стала магчымым пасьля ўчорашняга рашэньня Гарадзенскай абласной калегіі. Сёньня тэрмін прэвэнтыўнага нагляду над Мікалаем Аўтуховічам сканчаецца, і таму, паводле яго, улады любым чынам імкнуліся правесьці гэты суд, каб падоўжыць тэрмін прэвэнтыўнага нагляду.

Аднак сёньня раніцай у Мікалая Аўтуховіча здарыўся гіпэртанічны крыз, і з працы яго забрала хуткая дапамога. Паводле Аўтуховіча, учора ён вельмі моцна расхваляваўся з прычыны таго, што гарадзенская калегія судзьдзяў адмяніла рашэньне Ваўкавыскага раённага суду ад 17 ліпеня, паводле якога органам міліцыі адмаўлялася ў падаўжэньні прэвэнтыўнага нагляду.


— У мяне вельмі высока скочыў ціск. Яшчэ ўчора перахваляваўся з гэтымі судзьдзямі, бо ніяк нельга было выносіць такое беспадстаўнае рашэньне. Яшчэ ўчора ў 22.20 прынесьлі мне позву ў суд. А сёньня прыйшоў на працу, і мне стала дрэнна, пачало ванітаваць, балела галава, і дырэктарка выклікала хуткую. Цяпер ляжу ў шпіталі, а мой адвакат пайшоў у суд.


Сёньня паўторным рашэньнем Ваўкавыскага раённага суду тэрмін прэвэнтыўнага нагляду за Аўтуховічам працягнуты яшчэ на паўгода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG