Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першыя кандыдаты на прэзыдэнта пойдуць у ЦВК 15-га ліпеня


Не пазьней за 17 ліпеня, патэнцыйныя кандыдаты на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах-2015 маюць перадаць у ЦВК сьпісы сваіх ініцыятыўных групаў.

Той, хто праігнаруе гэтую працэдуру, ня зможа далей удзельнічаць у выбарах. Свабода даведвалася, як ідзе фармаваньне ініцыятыўных групаў патэнцыйных прэтэндэнтаў.

У Цэнтральнай выбарчай камісіі сёньня Свабодзе паведамілі, што ніхто з патэнцыйных кандыдатаў пакуль не прынёс неабходныя дакумэнты. Як тлумачыць сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік, зусім не абавязкова, каб сьпісы ініцыятыўных групаў здаваў непасрэдна прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта:

Мікалай Лазавік
Мікалай Лазавік

«Гэтую справу можа выканаць і яго давераная асоба, якая прад’явіць нам даверанасьць ад кандыдата. Яе трэба заверыць альбо па месцы працы, альбо натарыяльна. Наагул, зрабіць усё ва ўстаноўленым законам парадку.

Хтосьці з кандыдатаў можа знаходзіцца ў камандзіроўцы, хтосьці за мяжой. А тэрмін, як кажуць, падціскае. І тады дакумэнты можа перадаць асоба, якую ён упаўнаважыў, якой даў даверанасьць».

З патэнцыйных кандыдатаў, якія ўжо заявілі пра сваё жаданьне балятавацца, гэтым правам вымушаны будзе скарыстацца ўдзельнік мінулай прэзыдэнцкай кампаніі палітвязень Мікалай Статкевіч. Кіраўніца ягонай ініцыятыўнай групы Марына Адамовіч сказала Свабодзе, што ведае пра юрыдычныя аспэкты здачы дакумэнтаў:

Марына Адамовіч
Марына Адамовіч

«З патрабаваньнямі закону мы, канечне, знаёмыя. І будзем дзейнічаць у яго рамках. Хоць, вядома, ёсьць і фантастычны шанец — раптам сёньня ўвечары Мікола будзе дома. Альбо заўтра зранку. Ну, тады ён сам падасьць дакумэнты».

З канкрэтнымі датамі здачы дакумэнтаў ужо вызначыліся чатыры патэнцыйныя кандыдаты. У сераду, 15 ліпеня, гэта зробяць Сяргей Калякін і Сяргей Гайдукевіч. Лідэр партыі «Справядлівы сьвет» зьявіцца ў ЦВК аб 11-й гадзіне, лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі — на гадзіну пазьней. 16 ліпеня панясе дакумэнты Тацяна Караткевіч, 17-га — Анатоль Лябедзька. У штабах усіх гэтых прэтэндэнтаў Свабодзе паведамілі: у іхніх заяўках будзе ня меней за тысячу зьбіральнікаў подпісаў. Як сьведчыць досьвед папярэдніх прэзыдэнцкіх кампаніяў, менавіта такая колькасьць ініцыятыўнай групы звычайна гарантуе збор неабходных для рэгістрацыі афіцыйным кандыдатам на прэзыдэнта 100 тысяч подпісаў.

Звычайна з улікам «выбракоўкі» часткі подпісаў кандыдаты на прэзыдэнта ставяць заданьне сваім ініцыятыўным групам — на фінішы мець 110–115 тысяч подпісаў. А вось у групе Анатоля Лябедзькі такой мэты няма, кажа яе кіраўнік Віктар Карняенка:

Віктар Карняенка
Віктар Карняенка

«Будзем зьбіраць максымальную колькасьць. Задачы такой — сабраць, напрыклад, 115 тысяч і спыніцца — у нас няма. Мы зьбіраем подпісы без усялякай аплаты зьбіральнікам. І таму ніякіх абмежаваньняў ня будзе. Канкрэтных арыенціраў — 110 — гэта добра, а 115 — будзе большая выбракоўка — няма. Мы на гэта не арыентуемся».

Мабыць, у апошні дзень давядзецца здаваць сьпісы Юрыю Шульгану, у якога ўзьнікла праблема з пашпартам. Ён нарэшце атрымаў гэты дакумэнт, але без пазнакі аб рэгістрацыі. Пакуль гэтая група мае найменш зьбіральнікаў. Яе кіраўнік Павал Канавальчык сказаў Свабодзе, што ў групе пакуль 150 чалавек. Аднак і гэтага хопіць для рэгістрацыі, бо мінімальны парог — 100 чалавек.

Нічога пакуль невядома пра пляны патэнцыйнага кандыдата Аляксандра Лукашэнкі. На мінулых выбарах ягонай ініцыятыўнай групай кіраваў Аляксандар Радзькоў. Сёлета на гэтай пасадзе будзе нехта іншы, бо Радзькоў моцна хварэе.

Выбарчае заканадаўства дае ЦВК пяць дзён для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы з моманту падачы адпаведных дакумэнтаў. Аднак пачнуць зьбіраць подпісы ўсе адначасова. Збор подпісаў будзе праходзіць ад 23 ліпеня па 21 жніўня.

***

А што вы думаеце пра выбары? Што кажуць вашыя сябры ці сваякі? Пішыце ў камэнтарах ці нам на пошту svaboda@rferl.org

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG