Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму прагназуюцца «ціхія выбары»


Палата прадстаўнікоў прызначыла дату прэзыдэнцкіх выбараў. Чым цяперашняя прэзыдэнцкая кампанія адрозьніваецца ад мінулых? Чаму прагназуюцца «ціхія выбары»? Якая будзе асноўная тэма выбарчай кампаніі?

Удзельнікі: палітолягі Юрый Чавусаў і Сяргей Нікалюк.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:14:59 0:00

Чым цяперашняя прэзыдэнцкая кампанія адрозьніваецца ад мінулых?

Валер Карбалевіч: «Хоць усе выбарчыя кампаніі Беларусі, здаецца, праходзяць паводле аднаго сцэнару, але ж кожная зь іх мае свой кантэкст, унутраны ці вонкавы, фон, калярыт. У чым асаблівасьці цяперашняй прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі?»

Юрый Чавусаў
Юрый Чавусаў

Юрый Чавусаў: «Па-першае, ёсьць прававыя асаблівасьці. Упершыню кампанія пройдзе ва ўмовах адсутнасьці дзяржаўнага фінансаваньня. Праз гэтую навэлу кампанія можа быць самай ціхай і незаўважнай. Зь іншага боку, легалізавана аплата працы зьбіральнікам подпісаў.

Але ў палітычным сэнсе фармат выбараў застаецца нязьменным. Гэта цалкам кантраляваная выканаўчай уладай працэдура, якая павінна даць загадзя вызначаны вынік. Таксама спэцыфіка кампаніі ў тым, што яна праходзіць на тле эканамічнага крызісу, падзеньня даходаў насельніцтва».

Сяргей Нікалюк
Сяргей Нікалюк

Сяргей Нікалюк: «Давайце на называць гэтую кампанію словам „выбары“. А то мы пачынаем ашукваць самі сябе. Больш правільным быў бы тэрмін „галасаваньне“.

Сапраўды, гэта будзе першая прэзыдэнцкая кампанія, якая праходзіць ва ўмовах ня росту даходаў насельніцтва, а ва ўмовах іх зьніжэньня. Думаю, насельніцтва пакуль не разумее, што зьніжэньне даходаў — гэта зьява не часовая, а доўгатэрміновая.

Вялікі ўплыў на кампанію будуць мець ня столькі самі ўкраінскія падзеі, колькі іх інтэрпрэтацыя расейскімі мэдыямі. Гэты ўплыў будзе для ўладаў са знакам плюс».

Чаму прагназуюцца «ціхія выбары»?

Карбалевіч: «Лукашэнка на нядаўняй нарадзе адзначыў, што выбары трэба правесьці спакойна. Сапраўды, магчыма, гэта будуць самыя „ціхія выбары“. І, здаецца, з гэтым згодныя ўсе: улада, апазыцыя, грамадзтва, вонкавыя суб’екты (Расея і Захад). Ці так?»

Чавусаў: «Можна прыгадаць, што падобныя прагнозы гучалі і напярэдадні мінулай прэзыдэнцкай кампаніі. Але кампанія 2010 году скончылася калі не нечакана, то брутальна, і прадвызначыла траекторыю адносін Беларусі з вонкавым сьветам.

Улады разглядаюць гэтую кампанію як бюракратычную, тэхнічную, а не палітычную. Ня думаю, што Лукашэнка прапануе нейкія ідэалягічныя навацыі, бачаньне будучага. Такія пампэзныя рэчы можна было рабіць ва ўмовах эканамічнага пад’ёму.

Думаю, улады будуць арыентавацца на дэмабілізацыю электарату

Думаю, улады будуць арыентавацца на дэмабілізацыю электарату і ня будуць нагнятаць антымайданную гістэрыю, каб не стварыць Майдан штучна. Такой тактыцы будзе спрыяць нізкая актыўнасьць апазыцыі.

Калі казаць пра вонкавы чыньнік, то ўпершыню наладжваньне адносін з Захадам адбываецца без унутрыпалітычнай мабілізацыі. Напрыклад, ідзе наступ на мэдыі. Замежныя актары не разглядаюць гэтыя выбары як палітычна важную падзею».

Нікалюк: «У мінулым мясцовыя і парлямэнцкія выбары праходзілі ва ўмовах дэмабілізацыі электарату, а прэзыдэнцкія — наадварот, ва ўмовах мабілізацыі. У выніку гэтага рэйтынг Лукашэнкі звычайна падымаўся на 10%. Магчыма, цяпер і прэзыдэнцкую кампанію правядуць паводле сцэнару мясцовых выбараў. Бо няма на чым грунтаваць мабілізацыю, няма чым хваліцца».

Якая будзе асноўная тэма выбарчай кампаніі?

Карбалевіч: «Якая будзе асноўная тэма гэтай выбарчай кампаніі? Якое пытаньне ці пытаньні будуць галоўнымі, вакол якіх будуць ісьці дыскусіі? Ці ўлада і яе апанэнты будуць гаварыць кожны пра сваё?»

Чавусаў: «Апошнія 1–1,5 года асноўнай палітычнай тэмай у Беларусі былі падзеі ва Ўкраіне. У выніку гэтага апазыцыя адмовілася ад тактыкі Плошчы. Думаю, тэма Ўкраіны будзе моцна ўплываць на ход выбарчай кампаніі.

Ва ўнутраным жыцьці галоўнай тэмай будзе эканамічны крызіс. Для Лукашэнкі гэтая тэма нязручная. Можа, гэтым разам Лукашэнка адмовіцца ад правядзеньня Ўсебеларускага народнага сходу, бо што яму там казаць?

Апазыцыя магла б унесьці значныя тэмы ў парадак дня, калі б яна гаварыла адным голасам, быў адзіны кандыдат. Цяпер гэтага няма. Баюся, што апазыцыйныя кандыдаты будуць спрачацца адзін з адным, каб заваяваць апазыцыйны электарат».

Нікалюк: «Калі раней улада прапаноўвала грамадзтву кантракт „ляяльнасьць у абмен на рост даходаў“, то цяпер ва ўмовах крызісу Лукашэнка прапануе новы варыянт: „ляяльнасьць у абмен на выжываньне“. Акцэнт будзе рабіцца на тое, што ў нас спакой, мір, стабільнасьць.

Калі раней галоўным пунктам праграмы Лукашэнкі было абяцаньне заробку ў далярах, то цяпер гэтага ня будзе. Апазыцыя будзе паводзіць сябе традыцыйна. Хіба што дадасца тэзіс пра неабходнасьць бараніць незалежнасьць Беларусі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG